Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктару зборнай ЗША па гімнастыцы прысудзілі 175 гадоў турмы за дзясяткі згвалтаваньняў


Лары Насар

Былога доктара амэрыканскай фэдэрацыі гімнастыкі (арганізацыя «Гімнастыка ЗША») Лары Насара асудзілі на 175 гадоў турмы з магчымасьцю прашэньня аб датэрміновым вызваленьні толькі праз 40 гадоў, паведамляе Associated Press.

Больш за сто жанчын абвінавацілі 54-гадовага Насара ў сэксуальным гвалце і дамаганьнях. Некаторыя зь іх — алімпійскія чэмпіёнкі розных гадоў, але большасьць ахвяр — звычайныя пацыенткі доктара. У судзе 144 жанчыны выступілі сьведкамі.

Былы доктар паскардзіўся судзьдзі, што яму занадта складана слухаць абвінавачваньні яго ахвяр, і заявіў, што слуханьні ператварыліся ў «мэдыяцырк».

«Магчыма, неабходнасьць выслухоўваць [паказаньні] здаецца вам занадта суровай, але нішто ня можа параўнацца з тым, што цярпелі ад вас ахвяры на працягу тысяч гадзін», — адказала на гэта судзьдзя.

80 гімнастак абвінавацілі былога лекара алімпійскай зборнай ЗША ў дамаганьнях
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:11 0:00

Элі Райсман, 23 гады, уладальніца шасьці алімпійскіх мэдалёў

«Уявіце сабе, як гэта: быць цнатлівым падлеткам і пачуць стук у дзьверы, а там вы. Я не хачу, каб вы прыходзілі, але ў мяне не было выбару. Лячэньне было абавязковым. Вы скарысталіся гэтым.... Я ляжала на жываце на маім ложку разам з вамі, і вы настойвалі, што вашы непрымальныя дотыкі дапамогуць мне пазбавіцца ад болю. На самай справе вы прычынілі мне шмат фізычнага, псыхічнага і эмацыйнага болю».

Эма Эн Мілер, 15 гадоў

«Я ніколі не хацела ненавідзець кагосьці так моцна, але мая нянавісьць да вас бескантрольная... Вы, напэўна, ніколі больш не пагаворыце з жанчынай, хіба што ў яе руках будзе пісталет і лязэрная дубінка. І гэта добра».

Мілер была пацыенткай Насара ў шпіталі пры Унівэрсытэце штату Мічыган. Па словах дзяўчынкі, яе сям’я дагэтуль атрымлівае рахункі зь лякарні. Адміністрацыя паабяцала, што ахвяры Насара ня будуць іх аплачваць.

Джэсіка Чэдлер Радрыгес

«Вы зьнішчылі радасьць, давер і свабоду, ад якой мы павінны атрымліваць асалоду як маладыя мамы».

Паводле Радрыгес, яна больш «ня можа пакідаць сваю пяцігадовую дачку гуляць у чужых дамах, пакідаць яе адну з трэнэрамі або нянькамі без пастаяннага пачуцьця трывогі і стрэсу».

«Гімнастыка ЗША» ведала пра гвалт і дамаганьні

Паводле дадзеных газэты Indianapolis Star, арганізацыя ўпершыню даведалася пра дзеяньні Насара ў чэрвені 2015 году, але на працягу пяці тыдняў ня зьвязвалася з праваахоўнымі органамі, праводзячы ўнутранае расьсьледаваньне.

Справу перакідалі ад афіцэра да афіцэра, паведамляе The Wall Street Journal, і афіцыйна яна была распачатая толькі ў красавіку 2016 году — гэта значыць, празь 10 месяцаў пасьля зьяўленьня першых абвінавачваньняў.

З таго моманту, як разгарэўся скандал, выканаўчы дырэктар і тры чальцы рады дырэктараў (у тым ліку старшыні) арганізацыі «Гімнастыка ЗША» звольніліся.

Хто такі Лары Насар

54-гадовы мужчына пачаў працаваць з «Гімнастыкай ЗША» у 1986 годзе, у 1996 ён стаў галоўным урачом арганізацыі. Ён быў лекарам каманды на Алімпійскіх гульнях 1996, 2000, 2008 і 2012 гадоў.

Ад 1997 году ён таксама працаваў у шпіталі пры Унівэрсытэце штату Мічыган, дзе таксама выкладаў. Насар быў вядомым спартовым лекарам, да яго прыяжджалі пацыенты з усёй краіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG