Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ім закарціць». Даклад аб сэксуальным гвалце ў КНДР


Аблава і ператрус паўночнакарэйскіх жанчын, якія гандлююць на рынку. Малюнак былога мастака-прапагандыста, які ўцёк з КНДР на Захад

Масавы сэксуальны гвалт над жанчынамі ў Паўночнай Карэі з боку чыноўнікаў, вайскоўцаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў лічыцца штодзённым нормай, і ўсе, хто зьдзяйсьняе такія злачынствы, застаюцца абсалютна беспакаранымі. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch (HRW). Аўтары дакумэнту адзначаюць, што пры гэтым афіцыйны Пхэньян увесь час заяўляе, што ў КНДР наагул ніколі не бывае ніякіх злачынстваў на сэксуальнай глебе.

86-старонкавы даклад HRW пад назвай «Па начах плачаш і ня ведаеш чаму» апісвае шматлікія жахлівыя выпадкі згвалтаваньняў і прымусу да сэксуальных кантактаў, пра якія праваабаронцам распавялі 54 асобы, якія здолелі ўцячы з КНДР. Усе яны кажуць, што, калі любы надзелены мінімальнай уладай мужчына ў Паўночнай Карэі, ад высокапастаўленага партыйнага функцыянэра да вулічнага паставога, «абраў сабе» любую малазнаёмыя ці незнаёмую жанчыну, якая яму спадабалася, яе лёс прадвызначаны.

Пра сэксуальны гвалт ўсе ведаюць, усе жанчыны яго баяцца і пастаянна яму падлягаюць, але любыя размовы ўголас на гэтую тэму пагражаюць сьмерцю або турмой. Хоць у КНДР гендэрнай няроўнасьцю прасякнутае ўсё грамадзтва зьверху данізу, у гэтай дзяржаве з ідэалягічных прычынаў няма і ніколі не было нават зародкаў сэксуальнай адукацыі і выхаваньня.

Жанчына на рынку ў КНДР дае хабар кантралёру, каб пазьбегнуць сэксуальнага гвалту
Жанчына на рынку ў КНДР дае хабар кантралёру, каб пазьбегнуць сэксуальнага гвалту

Даклад HRW праілюстраваны былым паўночнакарэйскім мастаком Чхвэ Сон Гукам, які калісьці працаваў на сыстэму дзяржаўнай прапаганды, а потым стаў уцекачам з КНДР. Мастак падкрэсьлівае, што гэтыя малюнкі натхнёныя ягоным агульным досьведам жыцьця пад уладаю дыктатарскай сям’і Кімаў і ўяўляюць сабой «клясычныя сцэнары», а ня вобразы рэальных людзей або падзеяў, таму ўсякае падабенства з рэальнымі людзьмі, жывымі ці мёртвымі, ёсьць выпадковым.

У Паўночнай Карэі многія замужнія жанчыны, ад якіх паводле закону не патрабавалася працаваць на вызначаным дзяржавай месцы, з канца 90-х гадоў заняліся дробным вулічным гандлем, у выніку стаўшы галоўнымі карміцелькамі сваіх сем’яў. Аднак праз сам род сваіх заняткаў, які напалову асуджаецца камуністычнай ідэалёгіяй, яны аказаліся вельмі ўразьлівымі, у тым ліку і для сэксуальнага гвалту. Паводле 21 апытанай жанчыны з ліку тых, якія займаліся гандлем на рынку, яны рэгулярна цярпелі ад сэксуальнага гвалту і прыставаньня з боку паліцыянтаў ды іншых прадстаўнікоў улады.

«Калі ім закарціць, ахоўнікі з рынку або паліцэйскія прапаноўвалі мне прайсьці зь імі ў пустое памяшканьне дзе-небудзь побач з рынкам або ў іншае месца, дзе ім падасца зручней. Мы для іх як цацка. Цалкам у іхнай уладзе», — распавядае Аб Чон Хі, жанчына сярэдніх гадоў з правінцыі Янгандо, якая ўцякла з краіны ў 2014 годзе. Паводле яе, падобнае адбывалася настолькі часта, што ўспрымалася як норма і мужчынамі, і жанчынамі. «Вось толькі часам начамі плачаш і нават не ведаеш чаму».

Асабліва ў цяжкім становішчы ў Паўночнай Карэі апынаюцца жанчыны, якія трапляюць у турмы і працоўныя лягеры, жыцьцё ў якіх падобная на жыцьцё зьняволеных у канцэнтрацыйных лягерах нацысцкай Нямеччыны. Апытаныя супрацоўнікамі HRW паўночнакарэйскія жанчыны, якія пабывалі ў турме або сьледчым ізалятары, заявілі, што ўсе яны сутыкаліся з рознымі выпадкамі спалучэньня сэксуальнага гвалту, слоўных абразаў і зьневажальнага абыходжаньня з боку сьледчых і ахоўнікаў.

Сцэна тыповага допыту жанчыны ў турме ў КНДР
Сцэна тыповага допыту жанчыны ў турме ў КНДР

Юн Мі Хва, якая гандлявала на рынку ў правінцыі, расказала аб знаходжаньні ў ізалятары ў горадзе Чхонджын, куды яна трапіла пасьля няўдалай спробы уцячы ў Кітай: «Кожны вечар кагосьці адводзіў ахоўнік, потым гэтую жанчыну гвалтавалі. Адзін ахоўнік быў асабліва страшны, потым аказалася, што ён быў добра вядомы сваёй жорсткасьцю. Кожны дзень, як толькі прыбывала новая партыя, ён пад якім-небудзь падставай каго-небудзь страшна зьбіваў, каб усе зразумелі, хто тут гаспадар. Клац-клац-клац — цяпер гэта самы страшны гук у маім жыцьці. З такім гукам у нас адкрываўся замок у камэры. Кожны вечар ахоўнік нашы дзьверы адчыняе, я стаю ціха, раблю выгляд, што нічога не заўважаю, малюся, каб у гэты раз быў не мая чарга і каб не той асабліва страшны ахоўнік аказаўся».

Пак Ён Хі, сялянка з правінцыі Янгандо, уцякла з КНДР у 2011 годзе, з другой спробы. У першы раз яе дэпартавалі з Кітаю на радзіму. Паліцыянт, які дапытваў яе ў сьледчым ізалятары, неаднаразова абмацваў яе самым непрыстойным чынам. Паводле слоў Пак Ён Хі, ён увесь час распытваў пра яе палавыя сувязі з кітайцам, якому яе прадалі ў сэксуальнае рабства, пакуль яна знаходзілася ў КНР: «Маё жыцьцё была ў яго руках, так што я рабіла ўсё, што ён захоча. А як інакш? Што б ты ні рабіў у Паўночнай Карэі — усё можна палічыць незаконным, так што ўсё залежыць ад таго, з якога боку на гэта паглядзяць». Паводле яе, усе зьняволеныя ў яе бараку ведалі, што каму-небудзь зь іх кожную ноч давядзецца аказваць сэксуальныя паслугі ахове. Калі зьняволеныя цяжаралі, ім прымусова рабілі аборт.

«Сэксуальны гвалт у Паўночнай Карэі — гэта сакрэт Полішынэля, практыка, зь якой ніхто не змагаецца і якая многіх задавальняе, — кажа Кэнэт Рот, выканаўчы дырэктар HRW. — Калі б дыктатура Кім Чэн Ына не прымусіла іх маўчаць, галасы многіх паўночнакарэйскіх жанчын гучалі ў глябальным руху #MeToo».

Матэрыял падрыхтаваны расейскай службай Радыё Свабода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG