Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч пра нобэлеўскі скандал: у Швэцыі праявілі прынцыповасьць


Сьвятлана Алексіевіч

Прадстаўнікі Швэдзкай акадэміі пацьвердзілі, што прысуджэньне сёлетняй Нобэлеўскай прэміі па літаратуры адкладзена на 2019 год — тады будуць названыя адразу два ляўрэаты. Рашэньне прынятае ў сувязі з «падзеньнем даверу грамадзтва да Акадэміі».

Да гэтага літаратурную прэмію адмянялі сем разоў, апошні раз 73 гады таму. Пераважна гэта было выклікана войнамі: у 1914, 1918, 1935, 1940-1943 гадах.

Швэдзкія СМІ прычынай такога кроку называюць чараду скандалаў, якія прывяла да адстаўкі некаторых акадэмікаў, у тым ліку пастаяннага сакратара Сары Даніюс. Зь першапачатковых 18 дзейных чальцоў засталіся 11.

Пазбавіцца пасады за парваныя калготкі

У эпіцэнтры разбору апынуўся 71-гадовы Жан-Клёд Арно, муж чальца Акадэміі Катарыны Фростэнсан. 18 жанчын абвінавацілі яго ў сэксуальным гвалце і дамаганьнях. У дадатак Арно кіруе культурным фондам, які ў мінулым меў фінансавыя дачыненьні са Швэдзкай акадэміяй.

Акрамя таго, зь яго імем на працягу некалькіх апошніх гадоў зьвязваюць уцечку інфармацыі, каму будзе прысуджаная Нобэлеўская прэмія. Арно перад афіцыйным абвяшчэньнем рашэньня выдаваў знаёмым канфідэнцыйныя зьвесткі пра перамогу сямі пісьменьнікаў, у тым ліку Сьвятланы Алексіевіч. Беларуская ляўрэатка 2015 году ў камэнтары для Радыё Свабода падзялілася думкай, ці варта было прыраўноўваць цяперашнія скандалы да «ваенных падзеяў».

Думаю, што гэтыя цяжкасьці часовыя. Рашэньне абавязкова будзе — надта высакародная ідэя, каб ад яе адмовіцца.

«Калі я жыла ў Швэцыі, таксама была сьведкай аднаго скандалу, — згадвае Сьвятлана Алексіевіч. — Міністарка страціла крэсла праз тое, што перад сустрэчай парвала калготкі і расплацілася за новыя карткай прадстаўнічых расходаў. Капейкі, якія каштавалі ёй пасады. Гэтым прыкладам хачу паказаць, наколькі швэды ў такіх пытаньнях прынцыповыя. Так і цяперашні скандал. Вядома, шкада, але за год крызіс вырашыцца — пакуль знойдуць форму аднаўленьня дзейнасьці. Ёсьць ужо варыянты: камісія або ратацыйная, або пажыцьцёвае прызначэньне, хоць многія і лічаць такую форму старамоднай».

Паводле Сьвятланы Алексіевіч, у цяперашняй сытуацыі найбольш засмучае тое, што шэраг знакавых асобаў сталі закладнікамі гісторыі і вымушаныя былі пакінуць свае пасады.

«Я асабіста ведаю многіх чальцоў Акадэміі, — працягвае яна. — Мне вельмі шкада Сару Даніюс, сапраўды бліскучую асобу, якая вымушана была пайсьці ў адстаўку. Ведаю, што нават былі дэманстрацыі ў абарону яе перад каралеўскім палацам. Аднак яна таксама такі стэрыльна сумленны чалавек, які ня можа заплюшчыць вочы на сытуацыю. Гэта вельмі характэрна для швэдаў. Але Сару асабліва шкада. Тым ня менш, думаю, што гэтыя цяжкасьці часовыя. Рашэньне абавязкова будзе — надта высакародная ідэя, каб ад яе адмовіцца».

Крытыкаваць Захад і ня бачыць уласных памылак

Як кажа нобэлеўская ляўрэатка, прыклад Швэцыі дэманструе, якая маральная прорва існуе паміж дэмакратычнымі грамадзтвамі і рэжымамі на постсавецкай прасторы.

«Паглядзіце, што вырабляюць нашы чыноўнікі — і нікому ў галаву не прыйдзе ўзяць на сябе адказнасьць, а грамадзтва ня ў сілах паўплываць на сытуацыю. Зноў жа, калі я, чалавек адсюль, чытала ў швэдзкіх газэтах „гісторыю калготак“, мне гэта было абсалютна незразумела. Гэтак жа, як сэксуальныя скандалы з Клінтанам — пагадзіцеся, маральнасьць зусім іншай прасторы. У нас жа ўсё за кулісамі, грамадзкасьць ні ў што ня ставяць. А там усё наскрозь празрыста. Думаю, усё і здарылася таму, што людзі адзін аднаму давяралі, былі аднадумцамі, шмат гадоў разам. Калі тыя ж швэды мяне распытвалі, я ім казала, што ня вельмі давяраю іншаму чалавеку. Чаму? Таму што добра чытала Дастаеўскага».

Сьвятлана Алексіевіч кажа, што яе напружваюць зьедлівыя камэнтары, якія адпускаюць у бок швэдзкіх акадэмікаў у Беларусі ці Расеі. Бо пры гэтым самі наўрад ці разумеюць, што на гэтай прасторы публічнае прызнаньне памылак проста нерэальнае.

Ніводзін швэд у здаровым розуме ня можа ўявіць экспазыцыю ў гонар прэм’ер-міністра ці караля. На жаль, мы ў паралельных вымярэньнях.

«Калі я чытаю пагардлівыя камэнтары, мне проста сьмешна, — падсумоўвае яна. — Таму што мы жывём зусім інакш: груба, несумленна, несправядліва. І асуджаць сьвет, дзе ёсьць празрыстасьць на ўсіх узроўнях, няма права. У нас такога чалавека ў лепшым выпадку прыбралі б, а хутчэй за ўсё — не. Вось і ўсё. Там гэта набыло грамадзкі маштаб. Ну што мы ведаем пра жыцьцё Лукашэнкі, яго сыноў? Няўжо на Захадзе магчымая выстава партрэтаў прэзыдэнта Пуціна, якая праходзіць у Расеі? Ніводзін швэд у здаровым розуме ня можа ўявіць экспазыцыю ў гонар прэм’ер-міністра ці караля. Як у паралельных вымярэньнях».

У складзе Швэдзкай акадэміі 18 чальцоў, якія выбіраюцца пажыцьцёва. Праз крызіс кароль Карл XVI Густаў прыняў рашэньне аб зьмене статуту — у будучыні, калі нейкі акадэмік не бярэ ўдзелу ў працы на працягу 2 гадоў, ён можа быць выведзены зь яе складу.

У красавіку ў адстаўку падала пастаянная сакратарка Швэдзкай акадэміі Сара Даніюс. Таксама пра афіцыйны сыход заявілі пісьменьнікі Сара Стрыдсбэрг, Лёта Лётас, Чэрстын Экман, Кляс Эстэргрэн. Уручэньне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры мяркуецца аднавіць у 2019 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG