Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенская віза для Беларусі: 35 або 80 эўраў?


Калі ўступіць у дзеяньне новы візавы кодэкс Эўразьвязу? Чаму перамовы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму цягнуцца ўжо 5 гадоў? Патаньнеюць ці падаражэюць сёлета для беларусаў шэнгенскія візы?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дасьледчы дырэктар цэнтру «EAST» Андрэй Елісееў і кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Дракахруст: Эўрапейская Рада апублікавала папярэдняе рашэньне аб зьменах у візавым кодэксе. Дакумэнт прадугледжвае павышэньне збору для атрыманьня шэнгенскай візы ад 60 да 80 эўраў. Цяпер беларусы плацяць за стандартную шэнгенскую візу 60 эўраў. Калі нічога ня зьменіцца і калі новы візавы кодэкс ЭЗ уступіць у сілу, то будуць плаціць 80 эўраў. Калі прыблізна ўступіць у дзеяньне гэтае падвышэньне?

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

Елісееў: Мой прагноз — новы візавы кодэкс ЭЗ уступіць у дзеяньне дзесьці ў сярэдзіне кастрычніка. У красавіку новы кодэкс ухваляць Рада ЭЗ і Эўрапарлямэнт, яны будуць сьпяшацца прыняць рашэньне да выбараў у Эўрапарлямэнт у траўні. І праз паўгода новы кодэкс уступіць у дзеяньне.

Дракахруст: Яўген, а ці можа гэтае падвышэньне цаны візаў быць перагледжанае? Тыя тэрміны, пра якія казаў Андрэй — яны зьвязаныя з працяглай працэдурай і толькі? Гэта ўжо, фігуральна кажучы, рэйкі, па якіх пойдзе цягнік? Ён прыйдзе раней ці пазьней, але рэйкі ўжо інакш не перакладуць? Так?

Прэйгерман: Мне падаецца, што гэта ўжо канчатковае рашэньне. Сапраўды, ужо пакладзеныя «рэйкі», і застаюцца фактычна тэхналягічныя, бюракратычныя моманты, пра якія сказаў Андрэй.

Дарога на 5 гадоў да візы за 35 эўраў

Дракахруст: Пра тое, што РБ і ЭЗ пачынаюць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму ўпершыню абвясьціў міністар замежных справаў Уладзімер Макей на Віленскім саміце Ўсходняга партнэрства ў далёкім 2013 годзе — больш за 5 гадоў таму. За гэты час ва Ўкраіне адбылася рэвалюцыя, спачатку Малдова, потым Грузія, пазьней Украіна атрымалі бязьвіз з Эўропай, Беларусь увяла бязьвіз на ўезд для грамадзянаў прынамсі 80 краінаў. А перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж РБ і ЭЗ усё працягваюцца. Ці ёсьць прэцэдэнты, каб гэткае пагадненьне абмяркоўвалі так доўга?

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Прэйгерман: Я не настолькі абазнаны ў прэцэдэнтах у гэтым пытаньні, але наколькі я ведаю, ніхто з нашых суседзяў, нашых партнэраў на постсавецкай прасторы, так доўга ня вёў гэтыя перамовы. Я ўдакладню, што на Віленскім саміце Ўсходняга партнэрства ў 2013 годзе Ўладзімер Макей задэкляраваў гатовасьць Беларусі весьці перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Гэта не было абвяшчэньнем аб пачатку перамоваў, трэба было дачакацца згоды Эўразьвязу.

Елісееў: Беларусь зацягвала з пачаткам перамоваў з 2011 году да 2014 году. Эўразьвяз прапанаваў пачаць перамовы яшчэ ў 2011 годзе. Пачаліся яны ў 2014 годзе і працягваюцца дагэтуль. Сапраўды так доўга яны не працягваліся ні з воднай краінай Усходняга партнэрства, звычайна гэта займала 2-3 гады.

Апошнія дзьве краіны Партнэрства, якія заключылі дамовы з ЭЗ аб спрошчаным візавым рэжыме — гэта Армэнія і Азэрбайджан. З Армэніяй перамовы працягваліся менш за год. Ерэван наагул фантастычна хуткі ў заключэньні дамоваў з ЭЗ. Апошні прыклад — дамова аб пашыраным партнэрстве з ЭЗ. А з Азэрбайджанам перамовы працягваліся каля 2 гадоў. Перамовы ў гэтым пытаньні, якія б доўжыліся гэтак жа доўга, як у Беларусі і ЭЗ — такіх прэцэдэнтаў не было.

Дракахруст: Для ладнай часткі партнэраў ЭЗ цана на візы ня будзе роўная 80 эўраў. Ёсьць краіны — Малдова, Грузія, Украіна, у якіх з Эўразьвязам — бязьвіз, для азэрбайджанцаў, армянаў, расейцаў кошт шэнгену — 35 эўраў. А для казахстанцаў, кіргізаў, узбэкаў — 60 эўраў, як і для беларусаў. Ці шмат краінаў, для якіх шэнген у канцы году будзе каштаваць 80 эўраў?

Елісееў: Краінаў, якія маюць стандартны візавы рэжым з ЭЗ, каля 100. І яшчэ каля 40 краінаў маюць з ЭЗ бязьвізавы рэжым. А пагадненьні пра спрошчаны візавы рэжым ЭЗ мае зь менш чым 10 краінамі. Бязьвіз з ЭЗ маюць высокаразьвітыя краіны, шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі, ужо згаданыя Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Падводныя камяні візавага пагадненьня

Дракахруст: А зараз — ізноў да перамоваў пра візы паміж Менскам і Брусэлем. Паводле апошніх зьвестак, цяпер перамовы упёрліся ў пытаньне колькасьці польскіх консулаў у Беларусі. Але калі глядзець стратэгічна — чаму за 5 гадоў спрэчныя пытаньні не былі залагоджаныя?

Можа, ЭЗ ня надта зацікаўлены, каб зьніжаць цэны візаў для беларусаў? Але, можа, і Менск у сваю чаргу ня надта зацікаўлены ў тым, каб для беларусаў шэнгенскія візы патаньнелі? І абодва бакі кажуць адзін аднаму — ня надта і хацелася. І гэтым, магчыма, і тлумачыцца непахіснасьць пазыцыяў.

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Прэйгерман: Не, я мяркую, што ўсё ж хацелася б. Але і сапраўды гэтае пагадненьне не зьяўляецца велізарным прыярытэтам ні для беларускага, ні для эўразьвязаўскага боку.

Для Беларусі гэтае пагадненьне ня зьявіцца манай нябеснай, нечым, што істотна палепшыць наша жыцьцё. Ну а калі гэта не галоўны прыярытэт для кожнага з бокоў, то зразумела, што яны кожны высоўвае свае патрабаваньні. І на сытуацыю, калі відавочная перамога іншага боку, не гатовыя ні Менск, ні Брусэль.

Дракахруст: За гэтыя гады перамоваў — якая была дынаміка, хада перамоваў, ці можна сказаць, што менавіта саступіў Менск, што — Брусэль? Паводле тлумачэньня МЗС Беларусі, гэтае пытаньне павялічэньня колькасьці консулаў узьнікла на перамовах нядаўна, яно не ў 2014 годзе зьявілася.

Елісееў: Сапраўды, на розных этапах былі розныя спрэчныя пытаньні. З той прычыны, што Беларусь зацягнула пачатак перамоваў, іх пачатак супаў зь міграцыйным крызісам у Эўразьвязе. І гэта выклікала даволі жорсткую пазыцыю шэрагу краінаў ЭЗ адносна пагадненьня пра рэадмісію, якое ідзе ў адным пакеце з пагадненьнем пра спрашчэньне візавага рэжыму.

Другое спрэчнае пытаньне было пра стандарты бясьпекі службовых і дыпляматычных дакумэнтаў Беларусі. Бо пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму адначасова ўводзіць бязьвізавы рэжым для ўладальнікаў службовых пашпартоў. І тут Беларусь, у адрозьненьне ад іншых краінаў Усходняга партнэрства, зацягнула з прыняцьцем адпаведнага заканадаўства пра стандарты бясьпекі дакумэнтаў.

І трэцяя праблема, якая ўзьнікла на апошнім этапе перамоваў — гэта пажаданьне Польшчы мець большую колькасьць консульскіх супрацоўнікаў. Атрымліваецца, што на розных этапах паўставалі розныя спрэчныя пытаньні. Пытаньні пра дамову аб рэадмісіі цалкам зьнятыя. І апошнім спрэчным застаецца пажаданьне Польшчы аб павелічэньні штату яе кансулятаў у Беларусі.

Прэйгерман: Наколькі я ведаю, спрэчных пытаньняў было значна больш. Тут трэба разумець асаблівасьці перамоўнага працэсу. Дыпляматы паміж сабой пра нешта дамаўляюцца, знаходзяць нейкія формулы, а потым вяртаюцца дадому, каб узгадніць гэты кампраміс са сваім начальствам.

Падчас перамоваў некалькі разоў было так, што згода была нібыта дасягнутая, але з боку ЭЗ высоўваліся новыя патрабаваньні. Так было, прынамсі, з пытаньнем пра польскіх консулаў.

Доўгі час ЭЗ хацеў, каб у тэкст дамовы ўключаліся пункты, якія не ўключаліся ў дамовы зь іншымі краінамі. Размова ішла пра тое, што пры пэўных падзеях у Беларусі Брусэль меў бы магчымасьць прыпыніць дзеяньне дамовы. І апошні вялікі прарыў у перамовах быў тады, калі ЭЗ пагадзіўся перанесьці гэты пункт з асноўнай часткі дакумэнту ў прэамбулу.

Беларусь — сусьветны чэмпіён па Шэнгене

Дракахруст: Андрэй, некалькі гадоў таму вы агучылі сэнсацыйныя дадзеныя, паводле якіх паводле колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва Беларусь была наперадзе ўсіх у рэгіёне. Калі было апублікаванае гэтае вашае дасьледаваньне, беларусы плацілі за шэнген, як і цяпер, 60 эўраў, расейцы плацілі 35 эўраў, украінцы тады таксама плацілі 35 эўраў. Цана візаў для беларусаў была вышэйшая, а езьдзілі яны ў Эўропу больш.

Дапусьцім, што да кастрычніка гэтага году дамова пра спрошчаны візавы рэжым падпісаная ня будзе і беларусам давядзецца плаціць за візу 80 эўраў, на траціну больш, чым цяпер. Наколькі паўплывае падвышэньне цаны на колькасьць зваротаў па візы? Іх стане менш таксама на траціну?

Кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын
Кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын

Елісееў: Сапраўды, беларусы атрымліваюць больш за ўсіх шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва ня толькі ў рэгіёне, а наагул сярод усіх краінаў, якія маюць візавы рэжым з ЭЗ.

Калі Ўкраіна яшчэ мела візавы рэжым з Эўразьвязам, хаця ўжо спрошчаны, беларусы прапарцыйна насельніцтву атрымлівалі шэнгенскіх візаў у 2.5 разы больш, чым украінцы.

І яшчэ па адным візавым паказьніку Беларусь лідэр у сьвеце — паводле колькасьці адмоваў у шэнгенскіх візах. Яна самая малая ў сьвеце, яна меншая, чым нават у багатых краінах Пэрсыдзкай затокі.

Наколькі зьменшыцца паток беларусаў у шэнгенскую зону ў выпадку падвышэньня цаны на візы — гэта будзе залежаць ад таго, наколькі хутка ўвойдзе ў сілу пагадненьне пра спрошчаны візавы рэжым.

Калі яго ўсё ж падпішуць у бліжэйшыя месяцы і яно ўвойдзе ў сілу прыблізна тады ж, калі і новы візавы кодэкс ЭЗ, ці празь некалькі месяцаў пасьля — тады наўрад ці адбудзецца істотнае зьмяншэньне колькасьці запытаў па шэнгенскія візы.

Калі ж падпісаньне зацягнецца на паўгода і больш, то зьмяншэньня патоку можна чакаць. Але ня думаю, што прапарцыйна, што таксама на траціну. Мяркую, адсоткаў на дзесяць паток зьменшыцца.

За апошнія гады гэты паток, дарэчы, зьменшыўся і ў Расеі, і ў Беларусі, і ва Ўкраіне да ўвядзеньня бязьвізу. Прычына — эканамічны крызіс. Чым бяднейшыя людзі — тым меншая іх колькасьць падае на шэнген.

Прэйгерман: Я думаю, што зьмяншэньне патоку з прычыны падаражаньня візаў калі і будзе, то мінімальнае. 20 эўра дадатковых наўрад ці стануць істотным бар’ерам для тых, хто будзе мець намер паехаць у Эўропу.

Калі ж пагадненьне пра спрашчэньне візавага рэжыму будзе заключанае раней, могуць быць цікавыя наступствы для колькасьці візаў.

Гэта цікава ў рэчышчы той негалоснай спрэчкі, якая ідзе паміж Менскам і Варшавай. Палякі кажуць, што з уступленьнем у сілу пагадненьня пра спрошчаны візавы рэжым можна чакаць павялічэньня колькасьці зваротаў па шэнгенскія візы. Беларускі бок адзначае, што паводле пагадненьня большая колькасьць людзей зможа атрымліваць доўгатэрміновыя візы. Гэта значыць, што колькасьць заяўнікаў на аднаразовыя шэнгенскія візы будзе як раз зьніжацца.

Бег навыперадкі: візавае пагадненьне зь Беларусью ці новы візавы кодэкс ЭЗ

Дракахруст: У 2013 годзе Ўладзімер Макей зрабіў асьцярожны прагноз, што пагадненьне будзе падпісанае ў 2015 годзе. На двары 2019-ы. Якія шанцы на тое, што яно ўсё ж будзе заключанае сёлета? Рашэньне ЭЗ падвысіць стандартную цану на шэнгенскія візы — ці можа яно падштурхнуць адзін з бакоў ці абодва да згоды?

Прэйгерман: Калі мы кажам ЭЗ, дык гэта ня толькі Брусэль. Апошнім часам мы бачым, што як па візавым пагадненьні, гэтак і па пагадненьні аб прыярытэтах Усходняга партнэрства, свае ўмовы пачынаюць высоўваць асобныя дзяржавы-ўдзельніцы ЭЗ. І таму, наколькі я магу меркаваць па сваіх кантактах, у некаторых у Менску ёсьць фрустрацыя — якіх яшчэ можна чакаць новых умоваў, што будуць выстаўленыя ў апошні момант?

Так выглядае, што пытаньне польскіх консулаў — не такое ўжо і непераадольнае. Хутчэй за ўсё бакі знойдуць яго адносна хуткае вырашэньне. Але ў некаторых ёсьць адчуваньне, што гэта, магчыма, не апошні раўнд перамоваў.

Елісееў: Я мяркую, што чаканае падвышэньне цаны на візы падштурхне бакі да паразуменьня. Для беларусаў цана візы стане больш чым удвая большай, чым для іншых чальцоў Партнэрства — Азэрбайджану і Армэніі. Але Польшчу цяжка папракаць за яе пажаданьне мець больш консулаў. Польскія кансульствы — самыя лібэральныя сярод усіх кансульстваў ЭЗ, яны выдаюць найбольшую долю шматразоваых візаў — каля 80%.

Калі беларускія ўлады перасьцерагаюцца, што пры большай колькасьці польскіх консулаў будуць больш выдаваць «картаў паляка», то гэта няслушны аргумэнт. Незалежна ад колькасьці консулаў палякі могуць ставіць у прыярытэт выдачу «картаў паляка» і нацыянальных візаў, памяншаючы колькасьць звычайных візаў. Абмяжоўваючы колькасьць польскіх консулаў, Менск не зьмяншае колькасьці «картаў паляка», якія могуць быць выдадзеныя, ён зьмяншае колькасьць беларусаў, якія могуць атрымаць шэнгенскую візу ў польскім кансуляце. Гэтыя абмежаваньні могуць не паменшыць, а наадварот павялічыць колькасьць жадаючых атрымаць «карту паляка», каб не стаяць у чэргах па шэнгенскую візу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG