Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенскія візы даражэюць на 20 эўра. І для беларусаў таксама?

абноўлена

Эўрапейская Рада апублікавала папярэдняе рашэньне аб зьменах у візавым кодэксе. Дакумэнт прадугледжвае павышэньне збору для атрыманьня шэнгенскай візы з 60 да 80 эўра.

Якія зьмены прадугледжвае візавы кодэкс?

  • Візавы збор павялічылі да 80 эўра. Памер візавага збору можа быць зьніжаны, калі паміж Эўразьвязам і дзяржавай ёсьць пагадненьне аб рэадмісіі.
Рэадмісія — абавязаньне краіны прымаць сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншай дзяржавы, і іншаземцаў, якія праз тэрыторыю краіны нелегальна трапляюць на чужую тэрыторыю
  • Атрымаць візу можна будзе за 15 дзён — паўгода да паездкі.
  • Запаўняць і падаваць заяўку можна будзе ў электронным выглядзе.
  • Для вандроўнікаў са станоўчай гісторыяй ранейшых візаў тэрмін наступнай будуць паступова павялічваць на 1–5 гадоў.

Калі гэтыя зьмены набудуць моц?

Пакуль невядома.

20 лютага пагадненьне пацьвердзілі дзяржавы-чальцы Эўразьвязу, і цяпер яго мае ўхваліць Эўрапейскі парлямэнт. Празь некалькі месяцаў Эўрапейскі парлямэнт і Рада Эўропы мусяць афіцыйна прыняць узгодненыя зьмены, якія набудуць моц мінімум праз 6 месяцаў, патлумачыў Свабодзе дасьледчы дырэктар цэнтру «EAST» Андрэй Елісееў.

Такім чынам, новы візавы кодэкс пачне дзейнічаць не раней за кастрычнік 2019 году.

Ці падаражэюць візы для беларусаў?

Яны падаражэюць, калі да моманту ўваходжаньня ў сілу новага абноўленага візавага кодэксу не запрацуюць пагадненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам па спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Эўразьвяз разьлічвае на зацьверджаньне Беларусьсю папярэдняга пагадненьня, якое прадугледжвае візавы збор памерам 35 эўра, гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі 20 лютага. Гэтае пагадненьне павінна зрабіць бясплатнымі візы для:

  • навучэнцаў і студэнтаў;
  • дзяцей да 12 гадоў;
  • прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці.

Паводле Андрэя Елісеева, беларусам прыйдзецца плаціць за візы 80 эўра, калі цягам 2–3 месяцаў Беларусь і Эўразьвяз не дамовяцца пра спрашчэньне візавага рэжыму. Бо дамова пра візы па 35 эўра набудзе моц толькі праз паўгода пасьля падпісаньня.

Сёлета ў лютым кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын выказала спадзеў, што перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам завершацца да павышэньня візавага збору, пісаў Tut.by. У сьнежні 2018 году Ўладзімер Макей заяўляў, што падчас гэтых перамоваў з боку Эўрапейскага Зьвязу «пастаянна ўзьнікаюць новыя моманты».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG