Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт распавёў, як ідзе сьледзтва ў справе аб разбурэньні лавы Клінтана ў Курапатах


Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 7 лютага
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 7 лютага

Афіцыйная прадстаўніца ўправы Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог распавяла Свабодзе пра ход расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце разбурэньня «лавы Клінтана», мэмарыяльнага знаку ад народу ЗША ў Курапатах.

«У цяперашні час асобаў, затрыманых па справе аб разбурэньні „лавы Клінтана“, няма. На даручэньне сьледзтва працягваюцца апэратыўныя мерапрыемствы, адпрацоўваюцца асобы на датычнасьць да зьдзяйсьненьня проціпраўных дзеяньняў», — сказала Тацяна Беланог.

Лаву, падарунак беларускаму народу ад народу ЗША, урачыста адкрыў у Курапатах прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан у 1994 годзе. Канчаткова яе разбурылі 7 лютага 2019 году. Сьледчы камітэт завёў па гэтым факце крымінальную справу.

Затрыманьне ў Курапатах

Тым часам зьявілася непацьверджаная інфармацыя, што міліцыянты з Бараўлянскага аддзяленьня РАУС Менскага раёну затрымалі групу маладых людзей, аднаго зь якіх падазраюць у разбурэньні «лавы Клінтана».

Пра гэта Свабодзе сказаў абаронца Курапат Алесь Чахольскі. Ён размаўляў з маці затрыманага хлопца, якога нібыта падазраюць у датычнасьці да актаў вандалізму ў Курапатах.

«Гэта здарылася 8 лютага, каля паўдня. Малады чалавек М., выпускнік менскай гімназіі, дасьведчаны ў гісторыі Курапат, прывёў туды на экскурсію дзьвюх знаёмых дзяўчат. Як яны сыходзілі, за імі пайшлі міліцыянты ў цывільным. Але гэта абаронцы Курапат ведаюць, што тут бываюць міліцыянты ў цывільным, а маладыя людзі гэтага ня ведалі і падумалі, што за імі ўвязаліся хуліганы. Спужаліся, пачалі ўцякаць. Тыя іх дагналі, запатрабавалі спыніцца, але адна дзяўчына пырснула ў твар з балёнчыка. Толькі тады міліцыянты патлумачылі, хто яны такія.

У выніку маладзёнаў затрымалі і да вечара пратрымалі ў аддзяленьні бараўлянскай міліцыі. Потым юнакі распавялі, што там на іх крычалі, пагражалі, патрабавалі прызнацца, што гэта яны нібыта разбурылі „лаву Клінтана“, „а мы цяпер з гэтым мусім разьбірацца“.

Увечары дзяўчат адпусьцілі, а маладога чалавека пратрымалі яшчэ тры дні і выпусьцілі. Распачатая праверка адносна датычнасьці М. да разбурэньня „лавы Клінтана“. У ягонай хаце быў ператрус, забралі пару абутку, кампутар і мабільны тэлефон», — сказаў Алесь Чахольскі.

Прозьвішча М., якога затрымлівалі міліцыянты ў Курапатах, Чахольскі прасіў не называць. Паводле Чахольскага, малады чалавек не прызнае сябе вінаватым і пакуль устрымліваецца ад кантактаў з прэсай, але ўжо зьвярнуўся па юрыдычную дапамогу ў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Чахольскі перакананы, што гэты хлопец да вандалізму ў Курапатах не датычны.

У Бараўлянскім аддзяленьні міліцыі і ў Сьледчым камітэце карэспандэнту Свабоды адмовіліся адказаць на пытаньне, ці затрымлівалі 8 лютага менчука М.

Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае

«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.

Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019

Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.

Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».

1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

​У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG