Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр «Маладога фронту» сьцьвярджае, што вылічыў курапацкага вандала


Дзяніс Урбановіч

Лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Курапатах, што абаронцам мэмарыялу ўдалося вылічыць мужчыну, які, на яго думку, быў вандалам.

Урбановіч патлумачыў, што ў пятніцу наўмысна апублікаваў у сваім Фэйсбуку непраўдзівую інфармацыю, што ў суботу з Курапатаў будуць вывозіць пашкоджаную «лаву Клінтана».

— Мы вырашылі зрабіць засаду. Недзе а 20.30 зьявіўся нейкі чалавек. Ён уключыў ліхтар і падышоў да лавы. Як толькі я падбег, то ён зьнік. Я пабег за ім. Ён ужо быў у машыне на паркінгу. Але я дасканала бачыў яго твар. Лысы, невысокі. Нумар машыны ў нас ёсьць. Гэта быў белы Volkswagen, з нумарам трэцяга рэгіёну (Гомельская вобласьць — РС), — сказаў Урбановіч.

Ці ўдалося выявіць імя ўладальніка аўтамабіля, лідэр «Маладога фронту» не ўдакладніў.

Падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі распавёў, што разьбітыя кавалкі «лавы Клінтана» ужо вывезьлі на аднаўленьне. Яна будзе адноўленая на старым месцы.

Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае

«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.

Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019

Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.

Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».

1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

​У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG