Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лаву Клінтана» адвезьлі з Курапатаў на рэстаўрацыю


«Лаву Клінтана» вывезьлі, застаўся пастамэнт

9 лютага актывісты КХП-БНФ, якія шмат гадоў апякуюцца Курапатамі, вывезьлі абломкі «лавы Клінтана» з тэрыторыі народнага мэмарыяла.

«Вывезьлі для далейшай рэстаўрацыі — гэта магчыма. Пасьля аднаўленьня лава будзе ўсталяваная на былым месцы, для яе захоўваньня будуць прынятыя захады бясьпекі. А вандалаў мы папярэджваем, што нашае цярпеньне скончылася», — паведаміў кіраўнік дырэкцыі народнага мэмарыяла Курапаты Алесь Чахольскі.​

Алесь Чахольскі
Алесь Чахольскі

Абаронцы ведаюць дадзеныя падазронага наведніка

Паводле Алеся Чахольскага, вечарам 8 лютага і наступнай ноччу абаронцамі Курапат было арганізавана дзяжурства ў Курапатах. У выніку быў заўважаны чалавек, які, як мяркуюць актывісты, можа быць датычным да разбурэньня «лавы Клінтана». Прыкметы гэтага чалавека, а таксама нумар аўтамабіля, на якім ён прыехаў у Курапаты, актывісты перададуць сьледчым, якія расьсьледуюць справу аб разбурэньні лавы Клінтана.​

Рэкорднае пікетаваньне

Абаронцы Курапат Алесь Чахольскі, Дзяніс Урбановіч і Ганна Шапуцька 9 лютага склікалі журналістаў на прэсавую канфэрэнцыю ў Курапаты. Яшчэ адна, акрамя падзей вакол «лавы Клінтана», нагода для размовы з прэсай — пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедім» усталявала своесаблівы рэкорд працягласьці акцый па абароне Курапат.

Ганна Шапуцька параўнала два пікетаваньні — цяперашняе пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», якое пачалося 1 чэрвеня мінулага году, і пікетаваньне ў 2002-2003 гадах.​

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

«Сёньня 255-ы дзень пікетаваньня. Гэта ўжо на 5 дзён больш, чым тады, калі Курапатам пагражала будаўніцтва кальцавой аўтадарогі. Магчыма, тады ўмовы былі больш жорсткія, пікетоўцы мусілі начаваць у Курапатах у намёце, ім пагражаў АМАП, але і цяпер нам ня менш складана. Узяць хаця б тое, што даводзілася пікетаваць у маразы пад мінус 15 градусаў, што за гэтыя дні на нас склалі ўжо пад сотню пратаколаў, а сумы штрафаў на кожнага з нас перавалілі за тысячу рублёў, але акцыя працягваецца».

9 лютага рэстарацыю «Поедем поедим» пікетавалі больш за 10 актывістаў розных апазыцыйных партый і арганізацый. Пікетоўцы дамагаюцца закрыцьця рэстарацыі, якая, на іх думку, пабудавана з парушэньнем закону. Таксама актывісты лічаць, што дзейнасьць побач з Курапатамі забаўляльнай установы супярэчыць прынятым у беларускім грамадзтве нормам маралі.

Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае

«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.

Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019

Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.

Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».

1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

​У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG