Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны прапанаваў ільготы абітурыентам, якія служылі, і вайсковае навучаньне студэнтаў з адтэрміноўкай


Андрэй Раўкоў, архіўнае фота

У інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» міністар абароны Андрэй Раўкоў Беларусі расказаў пра тое, якімі бачыць прычыны нежаданьня людзей ісьці ў беларускае войска, а таксама прапанаваў некалькі рэформаў, зьвязаных з вайсковай службай.

Раўкоў згадаў словы Аляксандра Лукашэнкі: той казаў, «мужчынамі можна станавіцца, толькі прайшоўшы службу ў войску». Міністар сьцьвярджае, што, паводле ўнутранага анкетаваньня, 84% апытаных пасьля праходжаньня службы лічаць, што «армія дала ім толькі пазытыў».

Раўкоў не згадаў тэму барацьбы зь дзедаўшчынай і гвалтам у войску, а таксама суды, зьвязаныя са «справай Коржыча» і іншымі падобнымі справамі.

Чаму ня хочуць служыць

Паводле Раўкова, моладзь ня хоча ісьці служыць зь «дзьвюх вельмі сур’ёзных прычынаў».

Па-першае, праз дэмаграфію: проста за апошнія 10 гадоў удвая зьменшылася колькасьць прызыўнікоў, прыпісаных да ваенкаматаў. Па-другое, праз «каштоўнасныя арыентыры людзей» і праз тое, што «сьвет становіцца больш прагматычным».

«Роля абаронцы сваёй Радзімы як сацыяльная роля памяншаецца да таго разуменьня, што ён уяўляе армію як атрыбут дзяржавы, што яна такая існуе, але гэта безь яго», — заявіў Раўкоў адносна беларусаў прызыўнага ўзросту.

Як уцягнуць у службу

Міністар расказаў, што рыхтуюцца «прапановы» людзям, якія атрымалі адтэрміноўку ад войска дзеля атрыманьня адукацыі: «Каб гэты чалавек абавязкова, нават маючы адтэрміноўку, атрымаў вайскова-ўліковую спэцыяльнасьць». Падрабязнасьці гэтай «прапановы» ён не раскрыў.

Тым, хто прайшоў вайсковую службу або тэрміновую службу ў рэзэрве, Раўкоў прапанаваў даць перавагі перад тымі, хто «ўхіляўся або ўхіляецца» ад вайсковай службы, пры паступленьні ў ВНУ, пры засяленьні ў інтэрнат і пры разьмеркаваньні.

Таксама Раўкоў расказаў, што цяпер «вельмі шчыльна працуе» над дапрызыўнай падрыхтоўкай, напаўненьнем школаў матэрыяльнай базай і ўкамплектаваньнем «тымі людзьмі, якія наогул здольныя рабіць гэта» (весьці заняткі дапрызыўнай падрыхтоўкі).

У сьнежні мінулага году Раўкоў анансаваў зьмены адносна адтэрміноўкі ад службы ў войску, але якія яны будуць, не сказаў. Паводле Раўкова, яны ня будуць абʼёмнымі, «але з пэўнай ступеньню неабходнасьці, захаваньнем прынцыпаў разумнай дастатковасьці і сацыяльнай абароны грамадзян». Застануцца адтэрміноўкі з прычыны сямейнага становішча, стану здароўя і па іншых пытаньнях, абяцаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG