Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дрэннага, калі салдат у нядзелю будзе езьдзіць «да мамкі па піражкі»


У аўтарытарнай дзяржаве войска — гэта, акрамя ўсяго іншага, спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі чалавека, школа падпарадкаваньня, падаўленьня асобы.

Падчас перадачы «Наша жыцьцё» на тэлеканале АНТ у панядзелак 22 кастрычніка адбылася цікавая дыскусія на тэму, якім павінна быць беларускае войска. Сустаршыня грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч даводзіла, што армія павінна стаць адкрытай, каб вайсковец ня траціў сувязь з грамадзтвам, каб ён не ўспрымаў сябе на службе як у турме, у яго павінен быць доступ да тэлефона. І калі няма нічога тэрміновага, то ўсе выходныя салдат павінен праводзіць зь сям’ёй, як гэта прынята ў Эўропе.

Гэтыя ідэі выклікалі вялікае абурэньне праўладных апанэнтаў Караткевіч. «Ня ведаю, ці перамаглі б у Другой сусьветнай, каб быў такі статут», — заўважыў на гэта вядучы Дзьмітры Бачкоў. А дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзьмітры Шаўцоў быў больш катэгарычны: «Я б спыніў усе лібэралізацыі... А як ён будзе ваяваць, калі ён на суботу-нядзелю будзе бегаць да мамкі па піражкі? Яму камандзір будзе не загадваць, а ўгаворваць, каб нешта зрабіў. Мужчына выхоўваецца нягодамі».

За гэтай дыскусіяй мне бачацца ня проста розныя погляды на функцыянаваньне войска, статус вайскоўца. На мой погляд, гэта сутыкненьне розных ідэалягічных канцэптаў, сьветапоглядаў, каштоўнасьцяў, нават мэнтальнасьцяў. І тут гаворка, уласна, нават не пра войска, а пра грамадзтва, пра адносіны паміж чалавекам і дзяржавай. Гэта адлюстраваньне даўняга канфлікту паміж дэмакратычнай і таталітарнай ідэалёгіямі. Чалавек — гэта свабодны грамадзянін, адказны за свой лёс і за лёс дзяржавы, ці дзяржаўны прыгонны, якога трэба ўвесь час кантраляваць, прымушаць, караць? Гэтая дыскусія ідзе ў беларускім грамадзтве ўжо амаль 30 гадоў. І яна дасюль ня скончаная, увесь час аднаўляецца на розных узроўнях і па любой падставе.

Галоўны элемэнт таталітарнага сьветапогляду — гэта недавер да чалавека, які безь дзяржаўнай апекі абавязкова будзе грашыць, сапсуецца, стане рабіць нешта няправільнае. Савецкая армія — гэта адзінае войска ў сьвеце, дзе існаваў інстытут камісараў, каб сачыць за палітычнай добранадзейнасьцю вайскоўцаў. Бо савецкае кіраўніцтва было ўпэўненае, што без палітрукоў і заградатрадаў войска ваяваць ня будзе. І таму ўсіх палонных аўтаматычна абвяшчалі здраднікамі.

У Эўропе, сапраўды, вайскоўцы на выходныя едуць дахаты. Там паняцьце «самаволка», добра вядомае тым, хто служыў у савецкім ці беларускім войску, зусім не зразумелае. Бо чалавека разглядаюць як сьвядомага, адказнага грамадзяніна, давяраюць яму. У Швэйцарыі рэзэрвісты захоўваюць зброю дома. Ну, няхай сабе беларускія ідэолягі невысока ацэньваюць баяздольнасьць эўрапейскіх армій. А вось войска Ізраілю — самае баяздольнае на Блізкім Усходзе. Дык вось, адмыслова для спадара Шаўцова: там вайскоўцы тэрміновай службы езьдзяць дахаты («да мамкі па піражкі») праз выходныя, прычым са зброяй (!). І пасьля маміных піражкоў зусім нядрэнна ваююць.

Салдат ізраільскага войска, архіўнае фота
Салдат ізраільскага войска, архіўнае фота

У Беларусі рэцыдывы таталітарнай ідэалёгіі выяўляюцца на кожным кроку. Ад савецкіх часоў існуе прышчэплены ўсёй дзяржаўнай ідэалёгіяй пастулят, што войска — гэта школа жыцьця, і прайсьці яе павінен кожны мужчына. Вось Лукашэнка чарговым разам у Гародні казаў пра гэта, прапанаваўшы адпраўляць студэнтаў служыць падчас летніх канікулаў. Гэта зусім не выпадкова.

Лукашэнка інтуітыўна адчувае, што ў аўтарытарнай дзяржаве войска — гэта, акрамя ўсяго іншага, яшчэ спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі чалавека, школа падпарадкаваньня, падаўленьня асобы. Вось цяпер усё яшчэ працягваюцца суды над вайскоўцамі, вінаватымі ў «дзедаўшчыне». Высьвятляецца, што гэтая зьява існуе даўно і шырока распаўсюджаная ў беларускім войску. І зь ёй асабліва не змагаліся. Бо яна — вельмі зручны мэханізм гвалту над чалавечай асобай, што выгадна існаму рэжыму. Бо чалавек, які прайшоў выпрабаваньне прыніжэньнем, зломлены — такі чалавек пасьля войска, у цывільным жыцьці будзе баяцца начальніка, якому сваёй праўды не давядзеш, будзе асьцерагацца пратэставаць супраць існых парадкаў, будзе кіравацца прынцыпам, што пугай абуха не пераб’еш. З прыніжанага чалавека можна віць вяроўкі.

Для аўтарытарызму ідэальная краіна — гэта адна вялікая зона. У гэтай зоне чалавека зь дзяцінства трэба выхоўваць рэменем, то бок фізычным гвалтам. І ня дзіўна, што сьведкі на судах над вайскоўцамі заяўляюць, маўляў, ня бачылі нічога дрэннага, калі «дзяды» білі навабранцаў тым жа рэменем ці нават палкай.

Каштоўнасьці вельмі моцна ўплываюць на мадэль адносін паміж чалавекам і дзяржаўнымі інстытутамі. У дэмакратычнай краіне грамадзтва кантралюе дзяржаву. У Беларусі ўсё наадварот. Тут людзі не грамадзяне, а падданыя, таму ўлада ўпэўненая, што павінна жорстка кантраляваць кожны іх крок. Кантрольныя, рэвізійныя службы разрасьліся да неймаверных памераў, працуюць дзевяць структур з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Нават карыстальнікам інтэрнэту забаранілі ананімнае камэнтаваньне. Як бы чаго ня выйшла.

І ўвогуле, ці варта гэтым несьвядомым, несамастойным, безадказным беларусам давяраць свабодна выбіраць сабе ўладу? А раптам не таго выберуць? Таму выбары павінны быць кантраляваныя.

Сьветапогляд савецкага чалавека — гэта ідэальны матэрыял для фармаваньня рознага кшталту недэмакратычных рэжымаў. Не выпадкова ў Беларусі так шмат савецкіх атавізмаў. Штучная кансэрвацыя «саўка» — гэта выяўленьне інтуітыўнага інстынкту самазахаваньня аўтарытарнага рэжыму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG