Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс: касьмічныя войскі ў ЗША будуць створаныя да 2020 году


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс

На першым этапе плянуецца аб’яднаць у адну каманду цывільных і вайсковых спэцыялістаў у пытаньнях касьмічнай бясьпекі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Касьмічныя войскі ЗША, стварэньне якіх было праанансавана адміністрацыяй Дональда Трампа сёлета ў жніўні, будуць сфармаваныя не пазьней за 2020 год, заявіў 23 кастрычніка віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс.

Пэнс, які ўзначальвае Нацыянальную касьмічную раду, расказаў аб некаторых дэталях праекту стварэньня касьмічных войскаў у час канфэрэнцыі, арганізаванай газэтай Washington Post. Паводле віцэ-прэзыдэнта, Дональд Трамп неўзабаве папросіць Кангрэс абʼяднаць у адну каманду вайсковых і цывільных экспэртаў, якія адказваюць за бясьпеку ў космасе.

Абʼяднанае Касьмічнае камандаваньне будзе фармавацца на ўзор ужо дзейнага Камандаваньня войскаў спэцыяльнага прызначэньня, удакладніў Пэнс. Ён сказаў, што Нацыянальная касьмічная рада перадала адпаведныя рэкамэндацыі прэзыдэнту.

Пэнс дадаў, што, на ягоную думку, Агенцтва касьмічнага разьвіцьця павінна паклапаціцца аб стварэньні новых тэхналёгій. Паводле віцэ-прэзыдэнта, цяпер над касьмічнай бясьпекай ЗША працуюць каля 60 тысяч чалавек. Яны займаюцца гэтымі пытаньнямі ў штаце розных вайсковых і выведных ведамстваў.

«На першым этапе [касьмічныя войскі] ня будуць выглядаць, як іншыя, якія ўжо дзейнічаюць, віды Узброеных Сіл. Гаворка (пакуль) ідзе пра кансалідацыю [рэсурсаў], а ў будучыні Кангрэс і прэзыдэнцкія адміністрацыі змогуць пашыраць і разьвіваць касьмічныя войскі» — заявіў Пэнс.

Войскі могуць стварыць толькі пасьля зацьвярджэньня пляну ў Кангрэсе. Першапачаткова заканадаўцы без асаблівага энтузіязму ўспрынялі навіну аб стварэньні асобных касьмічных войскаў, якія будуць дзейнічаць нароўні з Арміяй і ВПС ЗША. Некаторыя кангрэсмэны заявілі, што пытаньні космасу павінны заставацца ў падпарадкаваньні ВПС.

Па словах Майка Пэнса, пачынаючы з наступнага году адміністрацыя Трампа пачне сумесную працу з Кангрэсам над прыняцьцем закону аб заснаваньні самастойных касьмічных войскаў. Новыя войскі заснуюць не пазьней за 2020 год, паабяцаў Пэнс.

«Космас — дакладна такое ж патэнцыйнае поле бітвы, як суша, неба і мора, і Амэрыка будзе дамінаваць там сапраўды гэтаксама, як цяпер мы дамінуем тут, на Зямлі», — заявіў Пэнс. Ён згадаў Расею і Кітай у якасьці патэнцыйных праціўнікаў ЗША і расказаў пра магчымыя касьмічныя пагрозы, у лік якіх уваходзяць супрацьспадарожнікавая зброя, бартавыя лазэры, «пагрозьлівыя дзеяньні на арбіце і манэўровыя гіпэргукавыя ракеты».

У верасьні начальнік штабу ВПС ЗША генэрал Дэвід Голдфэйн казаў, што стварэньне касьмічных войскаў, у шэрагах якіх будзе 13 тысяч чалавек, абыдзецца прыкладна ў $ 13 млрд за першыя пяць гадоў.

Узброеныя Сілы ЗША складаюцца зь пяці асноўных відаў. Гэта Армія, ВПС (цяпер займаецца пытаньнямі космасу), ВМС, Марская пяхота і Берагавая ахова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG