У сувязі з уздымам захваральнасьці на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі (ВРВІ) студэнтаў 6-га курсу Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту здымаюць з заняткаў і адпраўляюць на працу ў паліклінікі Менску.
«У адпаведнасьці з загадам Міністэрства аховы здароўя ад 2019/02/04 № 120 <...> усе студэнты 6 курса здымаюцца з заняткаў на распараджэньне камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму для працы ў арганізацыях аховы здароўя ў сувязі з уздымам захваральнасьці насельніцтва», — паведамляецца на старонцы лячэбнага факультэту БДМУ.
Працаваць у паліклініках студэнты пачнуць з 11 лютага, на пэрыяд да аднаго месяца, гаворыцца ў аб’яве.
У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Tut.by патлумачылі, што такая практыка ўзаемадзеяньня з БДМУ ня новая:
«Традыцыйна ў лютым, які заўсёды характарызуецца ўздымам захворваньняў, студэнты 6-га курсу накіроўваюцца ў распараджэньне установаў аховы здароўя для практычнай працы. Гэта яшчэ адна форма пераддыплёмнай практыкі. Студэнты атрымліваюць дадатковую магчымасьць адпрацоўваць шэраг практычных навыкаў у рэальных умовах».
Выпускнікі мінулых гадоў расказваюць, што звычайна на такую практыку ішоў толькі тэрапэўтычны паток лячэбнага факультэту.
Сёлета на працу ў паліклінікі павінен прыйсьці 371 студэнт, гэта нават больш за агульную колькасьць усіх студэнтаў на лячэбным факультэце (у 2013 годзе на бюджэтную і платную форму навучаньня было прынята 330 чалавек).
«Ідуць усе групы, бяз розьніцы, якой спэцыяльнасьці, — паведамляюць у телеграм-канале „Отчислено“. — Праца можа ўключаць як візыты, так і прыём».
5 лютага Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што цяпер ў Беларусі сярэдняя інтэнсіўнасьць захваральнасьці на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі, але на мінулым тыдні інтэнсіўнасьць была ніжэйшай. Сярод тых, хто захварэў, пераважаюць дзеці — 68,3%. Часьцей за ўсё сярод хворых на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі выяўляюць негрыпозныя вірусы: парагрып, адэнавірусы, рынавірусы і інш.