Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец пачаў агітацыю за сябе як кандыдата на прэзыдэнта. ЦВК: гэта законна


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

За кожны сабраны за сябе подпіс Сяргей Скрабец абяцае 100 даляраў прэміі, але толькі пасьля перамогі на выбарах прэзыдэнта.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітвязень Сяргей Скрабец заявіў, што пачынае кампанію па падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў.

«Я адкрыў два дні таму свой пэрсанальны сайт у сеціве і назваў яго „прэзыдэнцкім“. Буду яго паступова напаўняць, каб прывабіць прыхільнікаў», — сказаў Свабодзе апазыцыйны палітык.

Скрабец кажа, што ў кожнай са 110 выбарчых акругаў хоча мець свайго прадстаўніка:

«Палову людзей мы ўжо набралі. Разьлікі такія — кожны наш упаўнаважаны мае сабраць тысячу подпісаў цягам месяца. Гэта складана, але магчыма. Тым больш што мы плацім 100 даляраў за сабраны подпіс. Але толькі пасьля перамогі. Агулам набіраецца 10 мільёнаў даляраў. Калі пытаюцца, дзе я вазьму такія грошы, я адказваю: гэта кошт усяго аднаго канфіскаванага катэджа ў Драздах».

Ярмошына: рыхтавацца да выбараў загадзя — гэта нармальна, а плаціць выбарнікам забаронена

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына патлумачыла Свабодзе, што ніхто з патэнцыйных удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, якія абвясьцілі пра намер балятавацца ў прэзыдэнты, заканадаўства не парушаў.

«Гэта абсалютна нармальна. У нашым выбарчым заканадаўстве няма паняцьця датэрміновай агітацыі».

Разам з тым Ярмошына параіла Скрабцу спачатку добра азнаёміцца з выбарчым заканадаўствам, у прыватнасьці наконт збору подпісаў.

«Грамадзян, якія аддалі свой подпіс за прэтэндэнта, заахвочваць катэгарычна забаронена. Гэта падстава для адмовы ў рэгістрацыі. У Выбарчым кодэксе прапісана, што нельга выдаваць выбарцам грошы, матэрыяльныя каштоўнасьці і нават нельга гэтага абяцаць».

Старшыня ЦВК дадала, што кандыдат у прэзыдэнты можа заахвочваць толькі сябраў сваёй ініцыятыўнай групы, якія зьбіраюць подпісы.

«Дзеля гэтага і ствараюцца выбарчыя фонды. Туды акумулююцца грошы, і адтуль можна рэальна ўзнагародзіць зборшчыкаў. Карацей, грамадзяніну за ягоны подпіс плаціць нельга, а тым, хто будзе зьбіраць подпісы, можна», — заявіла Ярмошына.

Што тычыцца пэрспэктыў Скрабца сабраць 100 тысяч подпісаў, то Ярмошына ставіцца да гэтага скептычна. Яна згадвае, што Скрабец ужо спрабаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі:

«Праўда, тады ён сядзеў у турме. Але ягоная ініцыятыўная група нават не здавала нам подпісы».

Хто яшчэ зьбіраецца ў прэзыдэнты?

Пра свой намер удзельнічаць у чарговай прэзыдэнцкай кампаніі ўжо заявілі:

  • Алена Анісім — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў,
  • Алег Гайдукевіч — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі,
  • Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — кандыдата назавуць пазьней,
  • Правацэнтрысты (АГП, БХД, рух «За свабоду») — кандыдата вызначаць шляхам праймэрыз,
  • Мікола Статкевіч — ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу,
  • Аляксей Янукевіч — прадстаўнік партыі БНФ (ягоны дублёр Юрась Зяньковіч) — абодва вылучаныя апошнім зьездам БНФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG