Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць кампанія, няма выбараў», — апазыцыя абвясьціла пачатак перадвыбарчага назіраньня


Ілюстрацыйнае фота. Падчас адной з выбарчых кампаній у Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Падчас адной з выбарчых кампаній у Беларусі

Лідэры апазыцыі Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Рыгор Кастусёў ды іншыя зьбіраюцца змагаюцца за дэпутацкія мандаты.

Даты прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі яшчэ не абвешчаныя, але прадстаўнікі апазыцыі заявілі пра пачатак назіраньня.

Актывісты 8 арганізацый заявілі пра старт кампаніі «Права выбару — 2019». Сярод іх Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, рух «За свабоду», «Зялёныя», прафсаюз РЭП, Партыя свабоды і прагрэсу.

На пытаньне, чаму кампанія стартуе з часавым запасам, яе ўдзельнікі заявілі, што ў беларускіх умовах лепш перастрахавацца, чым потым усё «праспаць». Незалежна ад чарговасьці, назіральнікі ад кампаніі будуць накіраваныя як на парлямэнцкія, так і на прэзыдэнцкія выбары.

Адзін зь лідэраў АГП Леў Марголін нагадаў, што задача кампаніі застаецца ранейшай — дамагацца прагрэсу ў дэмакратызацыі. Асноўны складнік у гэтым — свабодныя выбары. У актывістаў ёсьць узгодненая пазыцыя, што трэба зьмяніць у выбарчым заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы.

Тры асноўныя патрабаваньні ўдзельнікаў кампаніі

  • фармаваньне выбарчых камісій, калі кожны кандыдат будзе мець права мець свайго прадстаўніка ў камісіі.
  • перагляд мэханізму датэрміновага і выязнога галасаваньня, бо гэта асноўная магчымасьць для фальсыфікацыі галасоў
  • празрысты падлік галасоў.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ініцыятыва «Права выбару» закліканая, каб паказаць сьвету, што ў Беларусі ёсьць выбарчая кампанія, але няма выбараў:

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

«Калі гаворка пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, то гэта прызначэньне дэпутатаў пасьля ўзгадненьня ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Прэзыдэнцкія ж наогул безальтэрнатыўныя, калі зыходзіць з практыкі падліку галасоў».

Старшыня БСДП Ігар Барысаў кажа, што адметнасьць кампаніі «Права выбару» — ня толькі ў назіраньні, але і ў абавязковай фіксацыі парушэньняў.

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

«Ня праўда, што кожныя выбары адбываюцца паводле аднаго сцэнару, — кажа Барысаў.— Кожны раз зьяўляюцца новыя адметнасьці. Паколькі падае яўка, улады вымушаныя прыдумляць ці запазычваць новыя формы — як леташнія «карусельшчыкі».

18 акругаў хочуць узяць пад асаблівы кантроль

Паводле ініцыятараў кампаніі, вызначана18 выбарчых акругаў, якія будуць пад пільным кантролем удзельнікаў «Права выбару» — мінулы раз такіх было 11. Тут будуць адбывацца інфармацыйныя кампаніі кандыдатаў і абнародавацца зьвесткі аб парушэньнях. Гэтыя справаздачы будуць пададзеныя і назіральнікам АБСЭ.

Адна зь лідэраў Партыі БХД Вольга Кавалькова лічыць, што ў дэмакратычным асяродку дастаткова кандыдатаў, якія могуць скласьці канкурэнцыю праўладным вылучэнцам. Таму задача назіраньня і ў тым, каб ня даць зьняць актывістаў з дыстанцыі пад рознымі прыдуманымі ўмовам, кажа Кавалькова:

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

«Калі дэпутат прызначаны цыркулярам, ён ніколі ня будзе змагацца за інтарэсы выбарнікаў. А значыць, прыярытэтная задача — даць людзям годнага чалавека, які рэальна возьмецца за вырашэньне набалелых праблемаў».

Прыблізная колькасьць назіральнікаў ад «Права выбару» — 1500 чалавек, пры гэтым траціну будуць складаць жанчыны.

Ініцыятары кампаніі заявілі, што прадстаўнікі апазыцыі Віктар Янчурэвіч, Вольга Кавалькова, Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Юрась Губарэвіч ды іншыя кіраўнікі і партыйныя актывісты будуць балятавацца ў дэпутаты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG