Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя абвясьціла палітычную кампанію «За незалежнасьць»


Зьлева направа: Юрась Губарэвіч, Ігар Барысаў, Віталь Рымашэўскі і Мікалай Казлоў

Лідэр Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Віталь Рымашэўскі і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў заявілі пра пачатак палітычнай кампаніі «За незалежнасьць».

Віталь Рымашэўскі заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што раней дэмакратычныя сілы Беларусі ставілі высокія мэты і не рабілі канкрэтных крокаў, а цяпер яны прапануюць канкрэтныя захады.

«Неабходна абараніць сьцяг і герб, надаць ім дзяржаўны статус, каб гэтыя сымбалі маглі выкарыстоўвацца на масавых мерапрыемствах. Ужо падрыхтаваны законапраект, які цяпер праходзіць апошнія ўзгадненьні, мяркуем, што ён будзе вынесены на сэсію ў парлямэнт.

Мы выступаем за рэформу сыстэмы адукацыі — каб беларуская мова сапраўды была дзяржаўнай. Каб ад дзіцячых садкоў — да асьпірантуры людзі мелі магчымасьць навучацца на беларускай мове.

Мы выступаем за дэнансацыю Саюзнай дамовы і прапануем дзяржаве яе скасаваць.

Гэта пакет канкрэтных рэчаў, якія дзяржаве лёгка правесьці» — лічыць Віталь Рымашэўскі.

Рознагалосьсі паміж Беларусьсю і Расеяй і пытаньні Саюзнай дзяржавы

Рознагалосьсі ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй паўсталі з прычыны правядзеньня Масквой так званага падатковага манэўру, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

У разгар спрэчак між Беларусьсю і Расеяй аднавіць працэс інтэграцыі прапанаваў расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў: тое, што ён прапаноўваў (агульныя валюту, суд і мытню), у Беларусі сталі называць «ультыматумам Мядзьведзева». Ён казаў, што толькі пры гэтых умовах можна будзе праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня, але ня зьвязваў наўпрост «саюзную дзяржаву» і грашовыя выплаты.

На гэтую прапанову Аляксандар Лукашэнка пазьней адказаў: «Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі». Ён паабяцаў: «Калі нас хочуць падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею, гэтага ня будзе ніколі». А 10 студзеня ён заявіў, што Масква можа страціць Менск як саюзьніка на заходнім напрамку, калі бакі не дамовяцца аб кампэнсацыі страт у сувязі з падатковым манэўрам.

15 студзеня першы віцэ-прэм’ер — міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў у адказ на пытаньне пра спрэчку Масквы і Менску аб кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр згадаў дамову 1999 году аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» і сказаў, што цяпер створаная рабочая група, якая будзе пераглядаць тэкст саюзнай дамовы, каб «магчыма, прапанаваць яго актуалізаваць».

Сілуанаў таксама казаў пра гатоўнасьць Расеі «субсыдыяваць Беларусь» у выпадку «сустрэчных крокаў» — у прыватнасьці, выкананьня дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году. «Даваць субсыдыі прадпрыемствам чужой краіны дзіўна было б. Гэта можна было б рабіць, каб у нас была больш глыбокая ступень інтэграцыі», — дадаў Сілуанаў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG