Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя падала заяўку на правядзеньне мітынгу 25 сакавіка ля опэрнага тэатру


Архіўнае фота. Дзень Волі ля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 красавіка 2018 году
Архіўнае фота. Дзень Волі ля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 красавіка 2018 году

Апазыцыйныя партыі АГП, БСДП (Грамада) і рух «За свабоду» падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне 25 сакавіка мітынгу. Пра гэта лідэры аб’яднаньняў расказалі на прэс-канфэрэнцыі 28 студзеня.

Паводле сцэнару, які апісаны ў заяўцы, мітынг плянуецца правесьці ля Вялікага тэатру опэры і балету ў Менску. Як і летась, партыі хочуць паставіць перад тэатрам свае намёты, дзе будуць распавядаць наведнікам аб сваёй дзейнасьці.

Збор прызначаны а 16-й гадзіне, мітынг — з 17-й да 21-й.

Заяўку падпісалі асабіста лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэту партыі БХД, якая падтрымала падачу заяўкі, падкрэсьліў, што гэта будзе палітычная акцыя.

«Будзе збор подпісаў за скасаваньне саюзнай дамовы, мы прапануем пакет рэформаў за незалежнасьць, за наданьне статусу дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцягу і гербу „Пагоня“, за ўмацаваньне беларускай мовы. Трэба аб’яднаць людзей у шырокі грамадзкі рух за незалежнасьць», — сказаў Рымашэўскі і дадаў, што саюзная дамова — атавізм, недарэчнасьць, якая павінна быць скасаваная.

Як адзначыў старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, арганізатары вырашылі разьвесьці даты канцэрту і мітынгу — мітынг пройдзе менавіта 25 сакавіка, а канцэрт — 24 сакавіка».

«Маштаб падзеі — 101-я гадавіна БНР — відавочны. Заўсёды дата мела палітычны падтэкст. Напярэдадні Новага году пачулі пра пляны аб фактычна анэксіі Беларусі ад высокіх чыноў Расеі. Заяўка пададзеная на месца, якое было дазволена ў мінулым годзе. Ня бачым падставаў, каб улады адмовілі нам у правядзеньні мерапрыемства», — сказаў Губарэвіч.

Заяўнікі разьлічваюць, што ў мітынгу возьмуць удзел 25 — 30 тысяч чалавек.

16 студзеня аргкамітэт па святкаваньні Дня Волі ў Менску падаў заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне сьвяточных імпрэзаў.

У заяўцы арганізатары папрасілі дазволіць 24 сакавіка шэсьце ад вуліцы Кастрычніцкай да стадыёну «Дынама», дзе пройдзе мітынг і канцэрт. Гарадзкія ўлады на заяўку пакуль не адказалі, кіраўніцтва «Дынама» заявіла, што правесьці канцэрт 25 сакавіка на стадыёне немагчыма ў сувязі з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG