Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка «ня супраць» агульнай валюты з Расеяй, але не расейскага рубля, а «як эўра»


Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

На сустрэчы з былымі міністрамі замежных спраў Беларусі 18 студзеня Аляксандар Лукашэнка назваў умовы, на якіх можна будаваць так званую «саюзную дзяржаву» з Расеяй, піша БелТА.

«Саюз — калі ласка. Абʼяднаньне — калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а ня мы, — заявіў Лукашэнка. — Мы не адмаўляемся ад аніводнага тэзісу. Калі нехта мне пачынае гаварыць пра абʼяднаньне, то ізноў жа з даху: давай валюту агульную.

Мы ня супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанку Расеі. Павінен быць эмісійны цэнтар, створаны на роўных умовах. Калі вы прыводзіце прыклад ЭЗ, добра — на прынцыпах Эўразьвязу. Але каб умовы былі роўныя і падыход».

Ён дадаў, што згодны ўніфікаваць і падатковую, і мытную палітыку, і «тое самае казаў у мінулы раз». Але толькі на «найлепшых традыцыях і ўмовах» беларусаў і расейцаў, а не на ўмовах «вы вялікія, мы малыя, давайце рабіце так, як у нас».

Хтосьці спрабуе настроіць Пуціна супраць інтэграцыі зь Беларусьсю, мяркуе Лукашэнка

У «некаторых нападках на Беларусь», адзначыў ён, няма міждзяржаўных і міжнародных адносінаў, а «ўсё ў прыватнасьцях, усё ў асобах». Камусьці, паводле Лукашэнкі, не падабаецца, што эканоміка Беларусі грунтуецца на прынцыпах справядлівасьці, запатрабаваных цяпер і ў Расеі, таму «камусьці хочацца панізіць градус Беларусі і Расеі».

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Сярод гэтых «кагосьці», дадаў Лукашэнка, ёсьць людзі, якія «занялі пазыцыю ціску на ўласнага прэзыдэнта Пуціна». Але той, на думку Лукашэнкі, «ня хлопчык, у палітыцы не навічок» і зразумее, што для яго («а для мяне тым больш») гэта ня выгадна.

«Свой пункт гледжаньня» да Расеі давядуць праз інтэрнэт

Лукашэнка таксама заявіў, што беларусы павінны бараніць свой сувэрэнітэт і незалежнасьць.

«Мы ня супраць расейцаў, палякаў, літоўцаў, — заявіў ён. — Мы хочам быць у любым саюзе, але жыць у сваёй уласнай кватэры. У нас гэтая кватэра ёсьць. Нашыя суседзі, якія б яны ні былі, мы іх не выбіраем, і мы гатовыя з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны».

Незалежна ад таго, як складаюцца адносіны з Расеяй, адзначыў Лукашэнка, «мы ніколі не дазволім, каб у Беларусі, на гэтай сьвятой зямлі, кепска ставіліся да расіян, ня толькі да рускіх».

«На шчасьце, ужо ня толькі першы, другі, трэці каналы трансьлююцца на ўсю Расею, — сказаў Лукашэнка. — Але ёсьць і інтэрнэт. І мы свой пункт гледжаньня заўсёды давядзем да рускага чалавека. Да расіяніна наогул».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG