Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Інтэграцыя гэта важна, але нельга гандляваць сувэрэнітэтам


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

У сучасных умовах ніводная дзяржава ня можа выжыць самастойна, — ​ заявіў Уладзімер Макей на нарадзе ў гонар 100-годзьдзя беларускай дыпляматычнай службы.

Закранаючы тэму ўдзелу краіны ў інтэграцыйных аб’яднаньнях і разам з гэтым захаваньня сувэрэнітэту, міністар замежных спраў Беларусі адзначыў, што ня бачыць у гэтым ніякай супярэчнасьці.

«Нядаўна мы сустракаліся з маімі калегамі — міністрамі замежных спраў Аўстрыі і Вугоршчыны. Я пацікавіўся іх меркаваньнем на гэты конт. І, як мне здаецца, ёсьць адназначнае разуменьне: сёньня, у турбулентную эпоху, выжыць адной дзяржаве самастойна немагчыма, — цытуе міністра БелТА. — Асабліва гэта тычыцца невялікіх і сярэдніх дзяржаў, якія ня маюць магутных фінансавых рэсурсаў, вялікіх радовішчаў карысных выкапняў. Таму важна ўдзельнічаць у інтэграцыйных структурах, якія прыносяць палітычныя, эканамічныя дывідэнды».

Уладзімер Макей заявіў: ёсьць дакладнае разуменьне, што ні ў якім разе нельга гандляваць сваім сувэрэнітэтам — нацыянальныя інтарэсы павінны стаяць на першым месцы.

«Сёньня мала хто кажа пра дружалюбныя дзяржавы, братэрства ў міждзяржаўных адносінах. На першым месцы стаяць інтарэсы. І калі мы паглядзім на паводзіны некаторых вялікіх геапалітычных гульцоў, то бачым: для іх самае галоўнае — прасоўваньне і абарона сваіх нацыянальных інтарэсаў, пашырэньне ўплыву ў тым ці іншым рэгіёне», — лічыць Уладзімер Макей.

Ён заўважыў, што Беларусь як сярэдняя паводле памераў эўрапейская дзяржава павінна таксама думаць, як ня толькі захаваць, але і ўмацаваць свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG