Патрыярх Канстантынопальскай царквы Варфаламей апублікаваў зварот да праваслаўных цэркваў сьвету напярэдадні падпісаньня томасу аб аўтакефаліі для Ўкраінскай праваслаўнай царквы.
Патрыярх заклікае ўсіх праваслаўных сьвету прызнаць новую ўкраінскую царкву незалежнай. Зварот апублікаваны на афіцыйным сайце Канстантынопальскага патрыярхату.
У лісьце нагадваецца, што 6 студзеня ў Стамбуле Варфаламей уручыць томас аб аўтакефаліі новаму мітрапаліту Кіеўскаму Эпіфанію. Патрыярх мае намер падпісаць дакумэнт днём раней. У сувязі з гэтым ён просіць праваслаўныя царквы прызнаць украінскую аўтакефалію і згадваць мітрапаліта Кіеўскага ў малітвах ва ўсіх праваслаўных храмах.
«Калі мы праігнаруем жаданьне нашых братоў, якія ў роспачы перажываюць падзеі ва Ўкраіне, мы пазбавімся якога-небудзь апраўданьня ў Судны дзень перад нашым Госпадам», — напісаў патрыярх Варфаламей у звароце.
Удакладняецца, што на просьбу прызнаць аўтакефалію Ўкраінскай праваслаўнай царквы раней адмоўна адказала Польская праваслаўная царква, а Антыяхійская царква ня цалкам згодная з рашэньнем.
У цырымоніі ўручэньня томасу аб аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквы возьме ўдзел прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
15 сьнежня ў Кіеве прайшоў сабор, на якім у новую структуру аб’ядналіся Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква. На іх базе была створана новая памесная праваслаўная царква, якая адносіцца да Канстантынопальскага патрыярхату.
Мітрапалітам Кіеўскім новай царквы стаў 39-гадовы біскуп Эпіфаній.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка павітаў стварэньне новай царквы, назваўшы рашэньне сабору гістарычнай падзеяй. У сваю чаргу ў Крамлі лічаць, што рашэньне аб аўтакефаліі для ўкраінскай царквы — вынік «раскольніцкай дзейнасьці» і ўмяшаньня ўкраінскіх уладаў у царкоўныя справы. Супраць аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквы таксама выступае Расейская праваслаўная царква.