Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У храмах РПЦ больш ня будуць маліцца за Канстантынопальскага патрыярха


Патрыярхі Масквы і Канстантынопалю

У храмах Маскоўскага патрыярхату прыпыняць малітоўнае памінаньне Канстантынопальскага патрыярха Варфаламея. Акрамя гэтага, прыпыняецца сумеснае служэньне сьвятароў Маскоўскага і Канстантынопальскага патрыярхатаў праваслаўнай царквы.

Такое рашэньне прыняў на пасяджэньні ў Маскве 14 верасьня Сынод Рускай праваслаўнай царквы.

Як сказаў пасьля пасяджэньня высокапастаўлены прадстаўнік РПЦ мітрапаліт Іларыён, такі крок стаў рэакцыяй на рашэньне Канстантынопальскага патрыярхату паслаць ва Ўкраіну двух сваіх прадстаўнікоў — экзархаў. Як даў зразумець раней Канстантынопальскі патрыярх, гэта першы крок на шляху да наданьня Ўкраінскай праваслаўнай царкве аўтакефаліі — поўнай незалежнасьці ад Маскоўскага патрыярхату.

У Расейскай праваслаўнай царкве, якую ўзначальвае Маскоўскі патрыярх Кірыл, лічаць Украіну сваёй «кананічнай тэрыторыяй» і абвінавачваюць Канстантынопальскі патрыярхат у непавазе да канонаў. Патрыярх Варфаламей у сваю чаргу кажа пра неабходнасьць пераадолець раскол паміж праваслаўнымі вернікамі Ўкраіны.

Наданьне Ўкраінскай царкве аўтакефаліі падтрымліваюць прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і Вярхоўная Рада.

Паводле слоў мітрапаліта Іларыёна, гаворка пакуль не ідзе пра разрыў эўхарыстычных зносінаў паміж вернікамі двух праваслаўных цэркваў. Гэта значыць, парафіянам Маскоўскага і Канстантынопальскага патрыярхатаў пакуль не забаронена разам маліцца. Аднак, як папярэдзіў мітрапаліт, калі Канстантынопальскі патрыярхат будзе ісьці па шляху наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай царкве, РПЦ можа пайсьці на поўны разрыў з Канстантынопальскім патрыярхатам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG