Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа БелТА». СК адмовіўся спыніць крымінальны перасьлед галоўнай рэдактаркі Tut.by


Марына Золатава
Марына Золатава

Сьледчы камітэт другі раз адмовіў галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай у задавальненьні хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу згодна з арт. 86 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паведамляе Tut.by.

У адпаведнасьці з арт. 86 КК асоба, што ўпершыню ўчыніла злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, або менш цяжкае злачынства, і пакрыла шкоду, можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адміністрацыйнай.

Хадайніцтва Марына Золатава падала ў канцы сьнежня, пасьля таго, як азнаёмілася з матэрыяламі «справы БелТА». Гэта ўжо другое яе хадайніцтва, зь першым галоўная рэдактарка Tut.by зьвярталася пасьля заканчэньня расьсьледаваньня.

Рашэньне аб адмове сьледчы Сяменік паведаміў адвакату Золатавай па тэлефоне. Сьледчы камітэт таксама адмовіўся задаволіць хадайніцтва абаронцы аб спыненьні крымінальнага перасьледу ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.

У найбліжэйшы час матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру.

Марына Золатава засталася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА», астатніх 14 фігурантаў, супрацоўнікаў розных СМІ, вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прад’яўленую шкоду.

Галоўную рэдактарку Tut.by абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу (бязьдзейнасьць службовай асобы), пакараньне паводле гэтага артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Першапачаткова Золатава таксама падазравалася паводле ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) КК Беларусі. Менавіта паводле гэтага артыкулу былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава адзіная, як высьветліла сьледзтва, хто не ажыцьцяўляў доступу да платных матэрыялаў БелТА, таму крымінальны перасьлед паводле гэтага артыкулу ў дачыненьні Золатавай спынілі.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG