Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьляслоўе да паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву. І чаго езьдзіў, можа нешта хацеў сказаць?


Лукашэнка і Пуцін, архіўнае фота
Лукашэнка і Пуцін, архіўнае фота

«Зачасьцілі...., надакучылі адзін аднаму», — сказаў Лукашэнка напачатку сустрэчы з Пуціным.

Навошта езьдзіў

Сапраўды, пытаньне, навошта зноў сустракаліся лідэры, калі зусім нядаўна, на гэтым тыдні, 25 сьнежня яны цягам чатырох гадзін правялі грунтоўныя перамовы, цалкам лягічнае. Здавалася, тады можна было вырашыць усе спрэчныя пытаньні.

Адказ відавочны. Новая сустрэча спатрэбілася таму, што мінулая ня дала плёну. Тады, пасьля перамоваў 25 сьнежня афіцыйна паведамлялася, што дамовіліся стварыць працоўную групу. Але што яна будзе абмяркоўваць, калі не дамовіліся пра парадак дня, пра тое, якія пытаньні выносяцца на абмеркаваньне?

Два падыходы

Зьвяртае на сябе ўвагу, што бакі па рознаму фармулююць задачу гэтай працоўнай групы. Першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў адзначаў, што згаданая група ствараецца «для падрыхтоўкі прапановаў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў». То бок, на першым месцы менавіта тэма будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Беларускія чыноўнікі ухіляюцца ад дакладнага фармуляваньня таго, што ж яны зьбіраюцца абмяркоўваць.

Гэтая розьніца была заўважаная і цяпер. Уладзімер Пуцін у вітальным слове ў пачатку сустрэчы зазначыў галоўнае пытаньне парадку дня перамоваў: «Папрацуем у кірунку разьвіцьця нашых плянаў у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы». Рэплікі Аляксандра Лукашэнкі наконт тэмы перамоваў былі больш расплывістыя.

На што разьлічваў Лукашэнка

Думаю, Лукашэнка зноў прыехаў у Маскву, каб пераканаць Пуціна зьмяніць парадак дня перамоваў, адмовіцца ад пазыцыі, што расейскія субсыдыі Беларусі захаваюцца толькі пры згодзе Менску на далейшую інтэграцыю з Расеяй на аснове дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 1999 году.

Цяпер Лукашэнка прыехаў адзін — у адрозьненьне ад перамоваў 25 сьнежня гэтым разам ніякай дэлегацыі не было, размова была сам-насам. Тое была яшчэ адна адчайная спроба дамовіцца «па паняцьцях». 19 гадоў гэта ўдавалася.

Магчыма, разьлік быў на тое, што ультыматум Менску (грошы толькі у абмен на аб’яднаньне) выстаўлялі кіраўнік ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў, першы віцэ-прэм’ер РФ Антон Сілуанаў. Сам Пуцін так дакладна і катэгарычна на публіцы пытаньне не ставіў. Таму быў спадзеў, што прэзыдэнт Расеі зможа ўсё адкруціць назад, ня страціўшы твару.

Спроба Расеі зьменшыць субсыдыі — ня першая

Варта заўважыць, што ня першы раз пуцінская Расея плянавала рэзка скараціць субсыдыі беларускай эканоміцы. Такая спроба была ў 2006 годзе. Яна вылілася у беларуска-расейскую нафтагазавую вайну на мяжы 2006-2007 гадоў, перакрыцьцём нафтаправоду і іншыя захады.

Другая спроба была у 2010 годзе, ёй спадарожнічала інфармацыйная вайна, сэрыял «Хросны Бацька».

Абедзьве кампаніі скончыліся кампрамісам, больш выгадным Беларусі. Масква адмаўлялася ад радыкальных намераў. Цалкам лягічна, што Лукашэнка, на падставе папярэдняга досьведу, разьлічвае нейкім чынам зноў пераканаць Пуціна, каб той захаваў схему «танныя газ і нафта ў абмен на пацалункі».

Пасьля трох з паловай гадзін перамоваў, пра вынікі нічога не паведамляецца. Хутчэй за ўсё, бакі «засталіся пры сваіх інтарэсах». То бок не дамовіліся.

Што далей

У сытуацыі вострага канфлікту Лукашэнка, звычайна пераносіць спрэчку ў публічную плашчыню, пачынае сварыцца, скандаліць, стукаць кулаком на стале, апэляваць да «братэрскага» расейскага народу. Можа стане пужаць Маскву выхадам з Эўразійскага эканамічнага саюзу.

хутка пачуем шмат цікавага пра злавесную і каварную сутнасьць крамлёўскіх

Таму будзем уважліва слухаць. Думаю, хутка пачуем шмат цікавага пра злавесную і каварную сутнасьць крамлёўскіх.

Але што дакладна можна сказаць, стукаць дзьвярыма і спальваць масты, насамрэч выходзіць з інтэграцыйных аб’яднаньняў Лукашэнка ня стане. Бо нафтавы грант — гэта толькі адзін з кірункаў расейскіх субсыдый. А яшчэ ж засталіся льготная цана на газ, льготныя ўмовы экспарту беларускай прадукцыі на расейскі рынак, расейскія крэдыты. Бо ёсьць рызыка пазбавіцца і ўсяго гэтага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG