Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два «доўгажыхары» сёлета сышлі з кіраўніцтва апазыцыйнымі партыямі Беларусі


Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька
Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька

У партыйным жыцьці Беларусі цягам 2018 году адбыліся дзьве вялікія зьмены. З пасадаў кіраўнікоў партый сышлі «доўгажыхары»: спачатку Анатоль Лябедзька, а за ім Станіслаў Шушкевіч.

У АГП дагэтуль выканаўца абавязкаў

Анатоль Лябедзька кіраваў Аб’яднанай грамадзянскай партыяй 18 гадоў запар — з 2000 году. Тады ён зьмяніў на гэтай пасадзе першага старшыню Станіслава Багданкевіча. З таго часу былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку застаецца ганаровым партыйным старшынём.

Сёлета, 20 ліпеня, калі праходзіў справаздачна-выбарчы зьезд, Лябедзька сваю кандыдатуру не вылучаў. І партыя абрала новым лідэрам Васіля Палякова.

Аднак праз два месяцы Палякоў нечакана зьвярнуўся да партыйнай Палітрады з заявай аб адстаўцы. З 24 верасьня па сёньняшні дзень абавязкі старшыні партыі выконвае Мікалай Казлоў.

Шушкевіч сышоў пасьля 20 гадоў кіраваньня

«Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду» да гэтай восені шмат хто называў партыяй Станіслава Шушкевіча. І гэта ў пэўнай ступені адпавядала рэчаіснасьці, бо Станіслаў Станіслававіч кіраваў БСДГ аж 20 гадоў запар: з 1998 па 2018.

Трэцяга лістапада зьезд БСДГ абраў новым партыйным старшынём 33-гадовага Сяргея Чэрачэня. Ён бізнэсовец, дырэктар ААТ «Мантаж Тэхніка». У 2016 годзе спрабаваў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў па 108-й Каліноўскай акрузе сталіцы ў Менску ад Камуністычнай партыі Беларусі. З КПБ выйшаў па ўласным жаданьні ў канцы 2017 году, уступіў у БСДГ і вельмі хутка быў абраны намесьнікам старшыні.

Апошнія «доўгажыхары» — Калякін і Пазьняк

Пасьля сыходу Шушкевіча і Лябедзькі дэмакратычнымі партыйнымі структурамі працягваюць доўгі час кіраваць яшчэ два чалавекі: Сяргей Калякін і Зянон Пазьняк.

Калякін на сваёй пасадзе нязьменна з 1994 году, калі ён ачоліў Партыю камуністаў Беларускую. У 2009 годзе партыя зьмяніла назву на «Справядлівы сьвет».

Пазьняк да сёньня ачольвае Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ ад моманту яе стварэньня ў 1999 годзе. З 1991 году быў лідэрам Беларускага Народнага Фронту як шырокага палітычнага руху, а з 1993 году — старшынём партыі БНФ, якую стварылі дзеля ўдзелу ў выбарах. У 1999 годзе БНФ падзяліўся на дзьве часткі: партыю БНФ і КХП-БНФ.

Найменшы кіроўны стаж — у Барысава, Кастусёва і Дарафеевай

Найменшы кіроўны стаж — у лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава. Яго абралі старшынём 11 сакавіка 2018 году.

30 верасьня 2017 году кіраўніком партыі БНФ стаў Рыгор Кастусёў.

А старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева ўчора адзначала тры гады з моманту абраньня яе першай партыйнай асобай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG