Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пра адстаўку старшыні АГП: «Не хацеў чуць, што мой цень кіруе партыяй»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Васіль Палякоў на ўласнае жаданьне сышоў з пасады старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якую ачоліў толькі на пачатку ліпеня. Ён дагэтуль не пракамэнтаваў свайго рашэньня. Свабода спытала, што думае пра сытуацыю Анатоль Лябедзька, які 18 гадоў запар ачольваў партыю.

— Чаму вас не было на сёньняшнім пасяджэньні Палітычнай рады АГП, якая разглядала заяву Васіля Палякова?

— Я не ўвахожу ў склад Палітрады. На апошнім зьездзе я сказаў, што застаюся ў партыі, але толькі шараговым сябрам. Я не адмовіўся дапамагаць у тых ці іншых пытаньнях і рабіў гэта і пасьля зьезду. Але сёньня я паводле свайго статусу звычайны сябра АГП.

— І ўсё ж вам неабыякавы лёс партыі. Што вы думаеце пра заяву Васіля Палякова?

— Калі паставіць пытаньне, ці гэта добра, ці дрэнна, то адкажу: дрэнна. Усё ж зусім нядаўна адбыўся зьезд, на якім прэзэнтавалі праграму дзеяньняў. І тут нечакана ўзьнікае кадравае пытаньне. Што ж тут добрага?! Хацелася, каб каманда, якой зьезд аказаў давер, працавала як мінімум два гады. Але ж што ёсьць, то ёсьць. Для партыі гэта новы выклік. І калі на яго адказаць, то АГП стане толькі мацнейшай.

— Спадар Палякоў заявіў: я не чакаў, што праца старшыні партыі такая складаная. Няўжо ён не размаўляў з вамі пра гэта, калі вылучаў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні?

— Уяўленьне пра партыю, пра яе структуру, пра кіраваньне ёю ў Васіля мусіла быць, бо ён пэўны час быў маім намесьнікам. Да зьезду яму задавалі наўпрост такое пытаньне. І адказ Палякова быў прымальны: так, я разумею і цяжар, і праблемы. Я не перадаваў партыю «зь мінусам», з нэгатывам. Наадварот, па ўсіх кірунках быў запас на два-тры месяцы. Але далей ужо трэба была вырашаць праблемы з партыйнымі структурамі, якія ў нас найбольш разгалінаваныя параўнальна зь іншымі дэмакратычнымі партыямі. На жаль, часам праблемы, якія нам бачацца нават знутры адным чынам, насамрэч іншыя.

— Ваш шматгадовы паплечнік Аляксандар Дабравольскі сказаў, што было б лепей, каб Лябедзька на апошнім зьездзе пагадзіўся стаць намесьнікам старшыні АГП і перадаваў бы свой досьвед Палякову цягам аднаго-двух гадоў. Ці вы не адчуваеце асабістай віны ў тым, што здарылася?

— І цяпер, і тады разумею, што такое 18 гадоў кіраваньня дэмакратычнай арганізацыяй. Гэта той час, за які Анатоль Лябедзька стаў з старшыні партыі лідэрам АГП. Гэта зусім розныя вагавыя катэгорыі. І вось чалавек пасьля 18 гадоў становіцца намесьнікам партыйнага старшыні. Калі б я так зрабіў, то адразу пачуў бы: глядзіце, які хітры Лябедзька. Фармальна не старшыня, а з-за сьпіны Палякова кіруе партыяй. Для мяне прынцыпова было не займаць ніякіх пасадаў. Ну навошта мне чуць, што цень Лябедзькі кіруе АГП?!

— Часова кіраваць партыяй будзе Мікалай Казлоў. Калі лепш, на вашу думку, праводзіць нечарговы зьезд, каб у старшыні партыі не было тытулу часовага выканаўцы абавязкаў?

— Зьезд лепш за ўсё праводзіць, калі ёсьць ня толькі актуальныя пытаньні, але і адказы на іх. Статут прадугледжвае адзін зьезд на два гады. То бок наступны паівінен адбыцца летам 2020 году. Але ёсьць жа і зьезды нечарговыя. І калі абвесьцяць выбарчую кампанію, то давядзецца думаць і пра зьезд. А гэта будзе хутчэй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG