Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы лідэр АГП Казлоў: «Зіц-старшыня — гэта не пра мяне»


Мікалай Казлоў

Госьць «Інтэрвію тыдня» — новы выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Абраны на мінулым зьезьдзе старшынём АГП Васіль Палякоў 23 верасьня зьвярнуўся з заявай аб адстаўцы. 24 верасьня Палітрада прыняла адстаўку і пастанавіла, што да наступнага зьезду партыяй будзе кіраваць намесьнік старшыні Мікалай Казлоў.

​У размове са Свабодай Мікалай Казлоў заяўляе, што будзе самастойным кіраўніком партыі, распавядае, чаму яго навучыла служба ў міліцыі, і абяцае хутка вывучыць беларускую мову.

Калі ўся рэпрэсіўная машына павярнулася супраць мяне, я палічыў, што немагчыма працягваць службу

— Мяркую, наша інтэрвію варта пачаць з пытаньня. якое журналісты не задаюць добра вядомым палітыкам. Аднак у вас я хачу папрасіць, каб вы трошкі распавялі пра сваю біяграфію.

— Нарадзіўся ў Валожыне ў 1967 годзе. Але ў дзяцінстве пераехаў у Нясьвіж, і ўсё маё жыцьцё зьвязанае з гэтым горадам. Пасьля школы паступіў у Навасібірскую вышэйшую вайсковую вучэльню. Служыў у войску, апошняе месца службы — Сярэдняя Азія, Узбэкістан. Удзельнічаў у падзеях у Нагорным Карабаху, разводзіў варожыя бакі ў якасьці намесьніка камандзіра роты.

Пасьля развалу СССР напісаў рапарт аб звальненьні, бо ня бачыў сябе ў складзе ўзбэцкага войска. Вярнуўся на радзіму і паступіў на службу ў крымінальны вышук, дзе і працаваў 18 гадоў. Скончыў службу падпалкоўнікам, опэрупаўнаважаны ў асабліва важных справах.

Сышоў я ў выніку скандальнай гісторыі на парлямэнцкіх выбарах 2008 году, калі нёс службу на выбарчым участку. Участковая камісія фальсыфікавала выбары, укідвала бюлетэні ў скрынку, пра што я паведаміў кіраўнікам, напісаў адпаведныя рапарты. Урэшце, гэтая гісторыя, напэўна, добра вядомая.

Пасьля таго як я пабачыў, што ніякіх захадаў супраць людзей, якая зрабілі злачынства, не прадпрымаецца, я зьвярнуўся ў прэсу і зрабіў гэтую гісторыю публічнай. Пасьля таго мая служба ў міліцыі стала немагчымай, мае тэлефоны праслухоўвалі, за мной вялі вонкавае назіраньне. Гэта доўжылася больш за паўгода. Калі я пабачыў, што нічога ня робіцца, каб пакараць парушальнікаў, а ўся рэпрэсіўная машына павярнулася супраць мяне, — я палічыў, што немагчыма працягваць службу, і звольніўся.

— І вы адразу пасьля гэтага вырашылі прыйсьці ў апазыцыйную партыю?

— Не, пасьля звальненьня я і ня думаў займацца палітычнай дзейнасьцю. Для мяне гэта быў асабісты бой з сыстэмай, гэта было прынцыпова. Я яшчэ пару гадоў не прымыкаў ні да якой партыі, дый нават ня вельмі і цікавіўся палітыкай.

Але так атрымалася, што адным з кандыдатаў, супраць каго чынілі тую фальсыфікацыю, быў Анатоль Лябедзька. І калі я праз «Народную волю» распавёў, як гэта было, — Анатоль запрасіў мяне на прэсавую канфэрэнцыю. Калі я чытаў розныя камэнтары, што гэта, маўляў, фэйк апазыцыі, — я палічыў немагчымым праігнараваць прэсавую канфэрэнцыю. Там я і пазнаёміўся з Анатолем Лябедзькам, а праз пэўны час мяне прынялі ў шэрагі партыі.

Я думаю, што буду дастаткова самастойным

— Сёньня грамадзкасьці было паведамлена, што старшыня партыі Васіль Палякоў зьвярнуўся ў Палітычную раду партыі з заявай аб адстаўцы. 24 верасьня Палітрада прыняла адстаўку і пастанавіла, што да наступнага зьезду партыяй будзе кіраваць вы. Адразу ўзьнікае пытаньне: наколькі паўнацэнным, сапраўдным кіраўніком будзеце вы на гэтай пасадзе? Вы ня будзеце нейкім зіц-старшынём?

— Прынамсі я ня маю намеру такім быць. Мне падаецца, што «зіц» — гэта не пра мяне. Так здарылася, і я цалкам сьвядома прыняў на сябе гэтыя абавязкі. Разумеючы сытуацыю, якая склалася ў партыі ў сувязі з адстаўкай, — я прыняў гэтую прапанову.

Васіль Палякоў, Старшыня АГП, які падаў у адстаўку
Васіль Палякоў, Старшыня АГП, які падаў у адстаўку

Вядома, досьведу ў мяне недастаткова ў многіх галінах. Але за мной стаіць каманда, я разьлічваю на іхнюю дапамогу. Я бачу гатоўнасьць сяброў АГП мне дапамагаць, вырашаць усе складанасьці. Усё гэта дазволіла мне пагадзіцца з рашэньнем. Я думаю, што буду дастаткова самастойным. Пры гэтым у нас дэмакратычная партыя, ёсьць рашэньні зьезду, пэрыядычна склікаем палітраду.

— Якія галоўныя стратэгічныя задачы стаяць зараз перад партыяй?

— Маем стратэгічны плян, прыняты зьездам. Для сябе я бачу найперш задачу захаваньня партыі, яе структураў, у працоўным стане. Нас чакаюць дзьве вялікія электаральныя кампаніі — парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, падрыхтоўка да іх ужо пачалася.

— Доўгі час нязьменным кіраўніком партыі быў Анатоль Лябедзька. Калі адбываўся апошні зьезд партыі, менавіта вас называлі чалавекам, якому Лябедзька найбольш давярае і ў якім бачыць пэрспэктыву для партыі. Цяпер Лябедзька сышоў з усіх партыйных пасадаў. Але як вы бачыце ягоную ролю ў партыі, ці хацелі б атрымліваць ад яго нейкую дапамогу, парады?

— Безумоўна, гэта карысна. Але я скажу, што, акрамя Лябедзькі, у нас у партыі дастаткова людзей, на дапамогу якіх разьлічваю. Гэта і Дабравольскі, і Марголін, і Кавалёва, Багданкевіч, Чыгір — маса людзей, якія маюць вялікі досьвед, шануюць партыю. У іх ліку, вядома, і Анатоль Лябедзька, які мае калясальны палітычны досьвед.

Адчуваю прафэсійную дэградацыю цяперашніх міліцыянтаў

— А ці ваш досьвед міліцыянта, опэрупаўнаважанага дапамагае ў палітыцы? Ці мо «прафэсійная дэфармацыя» накладае свой адбітак, і вы, наадварот, хацелі б адкінуць тыя якасьці, якія былі патрэбныя для працы ў міліцыі?

— Папраўдзе я больш адчуваю сабе прафэсійным вайскоўцам. Хаця большую частку я правёў у крымінальным вышуку, «опэрам» у асабліва важных справах. Гэта досьвед неацэнны. За гады, якія я правёў у вышуку, я ж гаварыў ня толькі са злачынцамі. Гэта маса іншых людзей. Увесь час гэта камунікацыя. Таму пэўнае разуменьне і веданьне людзей я маю. Таму думаю, што больш было карысьці ад маёй папярэдняй дзейнасьці.

Урачыстая цыпымонія прынясеньня Прысягі курсантаў першых курсаў Акадэміі МУС на Плошчы Дзяржаўнага Сьцягу.
Урачыстая цыпымонія прынясеньня Прысягі курсантаў першых курсаў Акадэміі МУС на Плошчы Дзяржаўнага Сьцягу.

Натуральна, апошні час я знаходжуся «па іншы бок барыкадаў». І калі кантактую зь цяперашнімі міліцыянтамі, то з пэўным сумам адчуваю іхную прафэсійную дэградацыю.

— Досьвед кантактаў зь людзьмі вам зараз спатрэбіцца ў зносінах з кіраўнікамі іншых апазыцыйных палітычных структураў, у наладжваньні розных кааліцыяў. Як вас успрымуць іншыя апазыцыйныя лідэры? Магчыма, будзе пэўная дыстанцыя, бо вы пакуль толькі часовы кіраўнік партыі?

— Па-першае, з многімі асноўнымі лідэрамі я ўжо знаёмы, гэта людзі для мяне ня новыя. Думаю, няма падставаў неяк асабліва мяне ўспрымаць. Галоўнае, каб усе разумелі, што гэта рашэньне Палітрады. Раней я быў абраны зьездам на намесьніка старшыні. І маю ўсе падставы казаць, што магу прадстаўляць АГП.

— За вашую палітычную кар’еру я пакуль не сустракаў выпадкаў, каб вы выступалі ці давалі камэнтар па-беларуску. Ці вы думаеце падвучыць беларускую мову, каб больш актыўна яе ўжываць у жыцьці і палітычнай дзейнасьці?

— Безумоўна, я адчуваю за сабой гэты недахоп. Саромеюся гэтага і думаю, што трэба над гэтым працаваць. Будзем вучыць беларускую мову. Даўно гэта трэба, даўно я хадзіў з гэтай ідэяй, што трэба беларускую мову ўзгадаць. У школе была беларуская мова — але школьным курсам яна і абмяжоўвалася. Я разумею гэтую неабходнасьць — для сябе як грамадзяніна, беларуса. Думаю, што пачну гэты прабел выпраўляць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG