Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія міліцыянты ў большасьці сваёй цалкам бяспраўныя, — Мікалай Казлоў


Мікалай Казлоў

Госьць «Інтэрвію тыдня» — старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП, былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў. Ён аналізуе, чаму ўсё часьцей міліцыянты атрымліваюць нажавыя раненьні падчас затрыманьняў, адказвае на пытаньне, ці зьбіраецца вылучацца ў лідэры АГП, і заяўляе, што ня бачыць лідэрскіх якасьцяў у Ганны Канапацкай.

Адносіны паміж начальствам і падпарадкаванымі часта проста зьдзеклівыя

— Пачнём нашу размову зь сёньняшняй інфармацыйнай нагоды. Мужчына напаў з нажом на людзей на тралейбусным прыпынку ў Гомлі, і міліцыянтам, якія потым спрабавалі яго затрымаць, ён нанёс нажавыя раненьні, стан іхні ацэньваецца як стабільны. За апошнія гады гэта ўжо ня першы выпадак, калі беларускія міліцыянты, затрымліваючы падазраваных, атрымліваюць раненьні ад гэтых людзей. Ці сьведчыць гэта пра пэўны непрафэсіяналізм супрацоўнікаў міліцыі ў такіх сытуацыях?

— Безумоўна. Я б сказаў, што гэта відавочна непрафэсіяналізм. Усіх абставінаў я ня ведаю, афіцыйна іх апісваюць так, што тры супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі злачынцу-ўцекача. Але сам факт таго, што ўсе тры супрацоўнікі атрымліваюць нажавыя раненьні, і потым гэтага злачынцу шукаюць да раніцы — кажа пра тое, што супрацоўнікі непадрыхтаваныя. Да затрыманьня трэба рыхтавацца, разумець, каго ты затрымліваеш. Існуе маса інструкцый, як трэба дзейнічаць. І вынік гэтага непрафэсіяналізму — раненьні супрацоўнікаў міліцыі.

— Ці магло паўплываць на сытуацыю тое, што супрацоўнікі міліцыі былі ў цывільным? Калі б яны былі ў форме — мог бы падазраваны неяк па-іншаму сябе паводзіць? Памятаеце, быў іншы інцыдэнт такога кшталту — і там супрацоўнікі міліцыі таксама былі ў цывільным? Ці гэта не ўплывае?

—Я, шчыра кажучы, ня бачу ніякай асаблівай сувязі. Для апэратыўных супрацоўнікаў цывільная форма — гэта іхняе працоўнае адзеньне, гэта я вам як былы апэратыўнік скажу. Калі мы бачым у абедзьвюх сытуацыях, што размова ідзе пра раней судзімых — то ў іх ужо дастаткова крымінальнага досьведу, каб зразумець, што гэта супрацоўнікі міліцыі. І я ўпэўнены, што міліцыянты прадстаўляліся. Ня бачу ніякіх такіх абставінаў, зь якіх можна зрабіць выснову, што калі б яны былі ў форме, то было б усё па-іншаму. Бо, хутчэй за ўсё, калі б яны былі ў форме — злачынца проста б уцёк, пабачыўшы іх здалёк.

— Чаму я спытаў пра людзей у форме і ў цывільным. Бо я маю спэцыфічны досьвед на 25 сакавіка, калі менавіта людзі ў цывільным схапілі майго сына, які ішоў побач з намі, нічога не тлумачылі, не прадстаўляліся, на мае пытаньні нічога не адказвалі, потым моўчкі закінулі яго ў машыну, і мы з жонкай так і ня ведалі, хто яны такія. Потым, калі мы прыехалі ў РАУС пісаць заяву на зьнікненьне чалавека, пабачылі гэтую машыну, якая стаяла ў двары. Што ў гэтай сытуацыі парушылі супрацоўнікі міліцыі?

— Гэта вельмі розныя сытуацыі. Калі да грамадзяніна ставяцца як да рэцыдывіста — гэта ненармальна, я лічу, гэта перавышэньне паўнамоцтваў. Калі б у нас была пракуратура пракуратурай, а суд судом — гэтых міліцыянтаў бы як мінімум звольнілі. Ніякіх падставаў у іх паводзіць сабе з вашым сынам як з бандытам не было. На мой погляд, яны перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, у іх не было ніводнай падставы, каб сябе так паводзіць.

Закон дае супрацоўнікам міліцыі ў пэўных сытуацыях парушаць канстытуцыйныя правы грамадзянаў. Але для кожнай такой сытуацыі павінна быць вельмі важная падстава. Калі хтосьці падазраецца ў арганізацыі трафіку наркотыкаў, у разбойным нападзе — то гэтая сытуацыя прадугледжвае пэўныя дзеяньні супрацоўнікаў. І зусім іншае, калі законапаслухмяны чалавек ідзе па вуліцы. І калі яны паводзяць сабе такім чынам, то я лічу, што яны ўчыняюць правапарушэньне, калі нават не злачынства. Яны відавочна перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы.

Закон дакладна кажа, у якіх выпадках як дзейнічаць. І прафэсіяналізм міліцыянта палягае ў тым, каб адны выпадкі адрозьніваць ад іншых. І калі супрацоўнік міліцыі ня ў стане гэта адрозьніць, то яму ня месца ў міліцыі.

Мікалай Казлоў на пікеце за свабоду слова ў Менску ў 2015 годзе
Мікалай Казлоў на пікеце за свабоду слова ў Менску ў 2015 годзе

За апошнія гады моцна зьнізілася рэпутацыя супрацоўнікаў міліцыі, ніжэй няма куды

— Відавочна, вы падтрымліваеце сувязі з сваімі былымі калегамі зь міліцыі, маеце нефармальныя адносіны. Як бы вы ацанілі цяперашні маральны, прафэсійны, матэрыяльны стан супрацоўнікаў МУС?

— Сказаць па праўдзе, я ня так ужо і часта кантактую зь імі — я «таксычны» чалавек для супрацоўнікаў міліцыі. Але калі даводзіцца гаварыць, то першая праблема — гэта атмасфэра, якая моцна зьмянілася. Міліцыянты ў большасьці сваёй цалкам бяспраўныя, і адносіны паміж начальствам і падначаленымі часта проста зьдзеклівыя. Многія людзі, якія заканчваюць Акадэмію, адпрацуюць роўна столькі, каб не плаціць за вучобу, і сыходзяць. І сыходзяць ня столькі ад таго, што гэта цяжкая праца, але з прычыны атмасфэры адносінаў.

Другое — за апошнія гады моцна зьнізілася рэпутацыя супрацоўнікаў міліцыі, ніжэй няма куды. Ні для кога не сакрэт, што міліцыянты выконваюць пляны па зьбіраньні штрафаў. Нядаўна ж быў «бунт» міліцыянтаў, якія абурыліся, што яны павінны любымі сродкамі сабраць пратаколы за сваю зьмену. Увогуле, адпачатку галоўная задача аховы грамадзкага парадку — гэта прафіляктыка правапарушэньняў. Але аб прафіляктыцы ўсе забылі, і ўся міліцыя занятая толькі тым, каб сабраць максымальна штрафаў.

— Калі цябе штрафуюць ДАІшнікі, то яны заяўляюць, што ніякіх плянаў у іх няма. Але ўсе іхнія паводзіны, тое, дзе яны стаяць, як расстаўляюць знакі — кажа пра відавочную накіраванасьць на зьбіраньне штрафаў.

— Пляны ёсьць, паверце, сто працэнтаў. Калі ў цябе прайшло дзяжурства, а ў цябе няма ніводнага пратаколу, то начальства спытае — «А што ж ты рабіў?» Быў выпадак, калі міліцыянты не маглі зьмяніцца зь дзяжурства, бо ў іх не было пратаколаў.

У большасьці актывістаў партыі, дэпутацкая дзейнасьць Ганны выклікае пэўнае расчараваньне

— У чэрвені будзе зьезд АГП, адметнасьцю якога будзе тое, што гэтым разам ня будзе вылучацца шматгадовы лідэр АГП Анатоль Лябедзька. І калі стала вядома пра гэта, то я спытаў у сябе — а ці будзе вылучацца на пасаду лідэра партыі старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Мікалай Казлоў?

— Я для сябе не выключаю такой магчымасьці. Ідзе падрыхтоўка да зьезду, праходзяць абласныя канфэрэнцыі, і я пасьля іх прыму сваё рашэньне. На сёньня ў мяне канчатковага рашэньня пакуль няма.

— Таксама вядома, што на пасаду старшыні партыі будзе вылучацца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Што пра гэта думаюць актывісты? Наколькі моцныя яе пазыцыі — улічваючы, што паміж ёй і партыяй у апошнія гады ня ўсё было гладка?

— Так, вы маеце рацыю — ня ўсё было гладка. У большасьці, не пабаюся гэтага слова, актывістаў партыі дэпутацкая дзейнасьць Ганны выклікае пэўнае расчараваньне. Я падзяляю такія ацэнкі. Таму я ня думаю, што ў Канапацкай будзе на зьезьдзе сур’ёзная падтрымка. Уся яе дзейнасьць не зусім адпавядала каштоўнасьцям партыі. Было недастаткова прынцыповасьці і пасьлядоўнасьці, яе апазыцыйнасьць вельмі ўмоўная.

Я скептычна стаўлюся да яе жаданьня ўзначаліць партыю. Яна ўзначальвала гарадзкую арганізацыю, і я не заўважыў у яе нейкага інтарэсу да партыйнай працы. Я ня ведаю, чым яна кіруецца, калі заяўляе пра намер узначаліць партыю.

Я ня ведаю, ці разумее яна маштаб праблемаў, задач, якія вырашае лідэр партыі — маю тут вялікія сумневы. І я ня думаю, што ў яе сапраўды ёсьць лідэрскія якасьці, якія дазволяць ёй узначаліць партыю.

Хто заменіць Лябедзьку на чале АГП?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG