Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Барысаў: «Я б не сказаў, што пратэставы электарат — гэта электарат нашай партыі»


Ігар Барысаў

Герой «Інтэрвію тыдня» — новы, нядаўна абраны старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Ён тлумачыць, у чым разыходжаньні ягонай партыі са структурамі Шушкевіча і Статкевіча, адказвае на пытаньне. чым ён адрозьніваецца ад старэйшага пакаленьня апазыцыйных палітыкаў, і заяўляе, што партыя ня будзе прасоўваць у Беларусі праблемы мігрантаў і сэксуальных меншыняў.

«Партыя Шушкевіча — ідэалягічна правая, а не сацыял-дэмакратычная»

— Нельга сказаць, што на гэты момант вы вельмі вядомы шырокай грамадзкасьці. Таму лягічна будзе пачаць наша інтэрвію просьбай, каб вы распавялі трошкі пра сябе, пра сваю палітычную біяграфію.

— Мне 35 гадоў. У партыю я ўступіў у 19. Быў на розных пасадах у Грамадзе, адказным за працу ў Магілёўскай вобласьці, з кастрычніка 2010 году — намесьнік старшыні партыі. Скончыў Беларуска-расейскі ўнівэрсытэт (Магілёў) і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (Вільня), магістар палітычных навук. Жанаты, двое дзяцей.

— Абраньне не было для вас нечаканасьцю? Бо бываюць у нашых палітычных партыях такія моманты, калі з прычыны процістаяньня дзьвюх сілаў выбіраюць трэцяга. У вас, я так разумею, ня той варыянт, і вы былі гатовы да абраньня на гэтую пасаду?

— Зьезд — гэта заўсёды рэч непрадказальная. Вядома, я спадзяваўся, што абяруць. Дзякуй тым партыйцам, якія аказалі давер і за мяне галасавалі. Спадзяюся, што ў мяне будзе час і магчымасьці пераканаць сваіх апанэнтаў на зьезьдзе, і яны стануць маімі прыхільнікамі.
Асабліва калі ўзяць пад увагу, што альтэрнатывы падчас галасаваньня не было. Былі вылучаныя яшчэ 2 чалавекі, Алег Воўчак і Ігар Маслоўскі — але яны ўзялі самаадвод.

— Ігар Маслоўскі — старшыня Берасьцейскай суполкі партыі — узяў самаадвод «з прычыны нязгоды з мэтадамі кіраўніцтва арганізацыі». Што гэта за мэтады і ці можна ўлагодзіць гэтыя нязгоды?

— Я б рэкамэндаваў Ігару Ўладзімеравічу памяняць тактыку вядзеньня палітычнай барацьбы, у тым ліку ўнутры партыі, і шукаць канструктывізму. Партыя моцная тады, калі яна аб’яднаная. Варта шукаць шляхі да дыялёгу, а не для ўльтыматуму і шантажу. У склад ЦК прайшло 11 сябраў зь Берасьцейскай вобласьці, гэта новая кроў. Я спадзяюся, што зь цягам часу ўсе гэтыя канфлікты будуць спадаць, групоўкі разбурацца, і партыя стане адзіным цэлым арганізмам.

— Я магу ўзгадаць, што ня толькі на зьезьдзе, але і ў сацыяльных сетках цягам апошніх гадоў усплывалі скандалы ў вашай партыі, пэўныя людзі публічна выказвалі нязгоду з кіраўніцтвам. У чым прычына гэтых скандалаў?

— Іх разьдзьмувае не кіраўніцтва партыі, яно не займаецца крытыкай партыйцаў і распаўсюджваньнем несапраўднай інфармацыі. Апанэнты ня могуць упікнуць кіраўніцтва ў тым, што нехта парушыў Статут. Не. Але ёсьць пэрсанальная непрыязнасьць, хтосьці хоча большага, але гэтага не атрымлівае. Вядома, гэта непрыемна.

— Нягледзячы на свае дзьве вышэйшыя адукацыі ў іншых сфэрах, вы даволі доўгі час працавалі як журналіст, вялі сайт «Наш Магілёў». Ці магчыма далей спалучаць партыйную і журналісцкую дзейнасьць?

— Я ўжо пэўны час ня маю дачыненьня да «Нашага Магілёва». Ужо фізычна няма магчымасьці гэтым займацца — натуральна, я буду найперш займацца партыйнай працай.

— Калі звычайнаму беларусу, нават тым, хто цікавіцца палітыкай, сказаць пра сацыял-дэмакратычную партыю, то ён амаль абавязкова пачне блытацца сярод тых шматлікіх структураў, якія маюць у назьве «сацыял-дэмакратычны» падмурак. Ці лічыце вы, што варта аб’яднаць гэты кірунак у беларускай палітыцы, каб людзі асацыявалі сацыял-дэмакратыю зь нейкай адной структурай?

— Мы пакуль, на жаль, жывём не ў свабоднай дэмакратычнай краіне. Калі б у нас былі свабодныя і справядлівыя выбары, мы маглі б паглядзець, у каго які рэйтынг, і пасьля гэтага размаўляць пра розныя аб’яднаньні. Але ў нас галасы ня лічаць. І таму існуюць розныя аргкамітэты, якія называюць сябе сацыял-дэмакратычнымі.

Калі казаць пра зарэгістраваныя партыі, то іх толькі дзьве — наша і Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада, дзе кіраўніком Станіслаў Шушкевіч. Але ідэалягічна яна больш правая партыя, і гэта вядомы факт.

Паміж намі і Статкевічам праходзіць падзел у стаўленьні да выбараў

— Ёсьць яшчэ незарэгістраваная партыя Міколы Статкевіча, якая паводле асьвятленьня ў СМІ атрымлівае значна больш увагі, чым ваша. Увогуле, такія партыі, як БНФ, АГП відавочна, больш прыкметныя на агульнанацыянальным узроўні. Тое, што вы знаходзіцеся ў нейкім закуточку — вы думаеце гэта мяняць, ці лічыце, што і так усё нармальна?

— Мы гэтае пытаньне будзем абмяркоўваць на першым паседжаньні нашага прэзыдыюму, дзе будзем вырашаць, як фармаваць наш імідж і якое месца мы будзем займаць сярод дэмакратычных арганізацый і ўвогуле ў Беларусі. Але ў нас тут жорсткі падзел з аргкамітэтам Статкевіча. Бо мы ставім на ўдзел у выбарчых кампаніях (я не кажу «выбары»), а Мікола Статкевіч робіць стаўку на ўдзел у вулічных і пратэставых акцыях. Тут праходзіць падзел паміж намі.

Сябры нашай партыі, калі бяруць удзел у такіх пратэставых несанкцыянаваных акцыях — робяць гэта пэрсанальна. Бо ў іншым выпадку мы нясем адказнасьць перад Мін'юстам. А страчваць свой юрыдычны статус толькі праз адзін выхад на плошчу, калі можна прадбачыць, што ўлада ня зьменіцца, — мы не гатовыя.

— То бок у сёньняшнім выбары «дазволены мітынг ці несанкцыянаванае шэсьце» вы робіце выбар на карысьць мітынгу?

— Я перакананы, што гэта нядрэнная прапанова — наконт канцэрту ў цэнтры Менску. І ня трэба рабіць штучныя часам пратэсты, проста каб паказаць сваю прынцыповую пазыцыю. Калі ёсьць кансэнсус і большасьць пагадзілася на канцэрт — давайце правядзем канцэрт. Гэта павінна быць сьвята. Людзі, якія туды прыйдуць, не павінны атрымліваць дубцамі альбо ісьці на суткі. Наша партыя была заяўнікам канцэрту, і, я думаю, мы яго годна арганізуем і правядзем.


Мы ня будзем прасоўваць у Беларусі праблемы мігрантаў і сэксуальных мяншыняў

— Вы знаходзіцеся на левым, сацыял-дэмакратычным флянгу. З улікам таго, што апошнія гады сацыял-дэмакратычныя партыі ў Эўропе атрымалі даволі заўважныя паразы на выбарах — як выглядае сацыял-дэмакратычная ідэалёгія ў вашай партыі?

— Мы ўваходзім у міжнародную арганізацыю «Прагрэсіўны альянс». Яна зьяўляецца альтэрнатывай Сацыялістычнаму Інтэрнацыяналу, і ў яе ўваходзіць каля 130 палітычных арганізацый з усіх краінаў сьвету. Там фармуецца сучасны сацыял-дэмакратычны парадак дня. У Эўропе паразы сацыял-дэмакратаў у некаторых краінах былі абгрунтаваныя не да канца прадуманай мігранцкай палітыкай. У некаторых краінах гэта таксам зьвязана з правамі сэксуальных мяншыняў.

Але ў Беларусі традыцыйнае грамадзтва, не гатовае да таго, каб мы прасоўвалі гэтыя ідэі. Мы — партыя, якая павінна прадстаўляць інтарэсы людзей наёмнай працы. Кваліфікаваныя рабочыя, мэдыкі, настаўнікі і пэдагогі, хатнія гаспадыні, а таксама дробныя прадпрымальнікі. Гэта мэтавыя групы, на якія нам у сваёй працы трэба арыентавацца.

Тыя людзі, якія ходзяць на плошчу, — там людзі самых розных ідэалёгій. Я б не сказаў, што пратэставы электарат — гэта электарат нашай партыі. Толькі на іх мы, канечне, не разьлічваем. Што да ідэалёгіі, то гэта клясычныя прынцыпы — свабода, справядлівасьць, салідарнасьць.

— Апанэнты цяперашняга рэжыму часам наракаюць, што ў некаторых апазыцыйных партыях назіраецца застой, што лідэры не мяняюцца. Вось вы, адносна малады чалавек, абраныя кіраўніком партыі. Ці адчуваеце вы сябе чалавекам новага пакаленьня? Паводле сваіх установак ці блізкія вы да тых лідэраў апазыцыі, якія выйшлі з 90-х? Ці адчуваеце вы сябе новым пакаленьнем, ніяк не зьвязаным з пакаленьнем, якое змагалася ў канцы 80-х — пачатку 90-х?

— Натуральна, што ў канцы 80-х я быў у школьным узросьце, і гэтыя працэсы мяне не зусім закранулі. Калі ўзяць некаторых сучасных лідэраў апазыцыі, паважаных людзей, — то некаторыя зь іх былі блізкія да ўлады, маюць шмат чаго пэрсанальнага, прэтэнзій, уласных крыўдаў, гісторый неперамогаў. Гэта пакідае сьлед на іхніх паводзінах.

Я чалавек з новай генэрацыі. Сацыял-дэмакраты заўсёды выступаюць за мір, за эвалюцыю палітычнай сыстэмы. Мы будзем рознымі шляхамі спрабаваць, каб гэтая эвалюцыя адбылася бясшкодна для беларусаў.

Вядома, чыноўнікі адказныя за тое, што адбываецца ў Беларусі — але ўсё роўна трэба зь імі размаўляць

— То бок у вас няма нічога асабістага нэгатыўнага да цяперашняй улады. Вы не сядзелі...

— Я б сказаў так — пэрсанальнага. Улада — яна ж безаблічная. Да гэтай безаблічнай улады ў мяне шмат прэтэнзій. І з працы мяне двойчы звальнялі, затрымлівалі шмат разоў, распраналі ў аэрапортах, штрафы давалі, судзілі.

Вядома, чыноўнікі адказныя за тое, што адбываецца ў Беларусі — але ўсё роўна трэба зь імі размаўляць. Мы прадстаўнікі камунікатыўнай культуры, якой, на жаль, у нашай улады няма. Мы ня будзем прагінацца, калі выбары несвабодныя — мы пра гэта кажам, калі адбываюцца рэпрэсіі — мы пра гэта кажам. Падыгрываць уладзе ў гэтых пытаньнях мы ня будзем.

Але ўладзе трэба перараджацца. Ня бачыць ва ўсіх толькі ворагаў, прызнаць, што ёсьць людзі, якія таксама думаюць пра Беларусь.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG