Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў сустрэнецца з Пуціным 29 сьнежня


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы 25 сьнежня
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы 25 сьнежня

29 сьнежня Аляксандар Лукашэнка паедзе з рабочым візытам у Расею, паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Беларусі.

У Маскве Лукашэнка і яго расейскі калега Ўладзімір Пуцін «працягнуць размову па актуальных пытаньнях беларуска-расейскага супрацоўніцтва, якія бакі падрабязна абмеркавалі ў розных фарматах на сустрэчы ў Крамлі 25 сьнежня», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.

Як распавёў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў, падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву 29 сьнежня лідэры дзьвюх краінаў абмяркуюць, «як быць з дамовай 1999-га году» аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, а таксама фінансавыя запыты Менску, паведамляе РБК.

«Тут пазыцыі абсалютна зразумелыя і пасьлядоўныя, многія пытаньні могуць абмяркоўвацца толькі на вышэйшым узроўні, і толькі зь яго можа быць спушчаная арыенціроўка, у які бок працаваць рабочай групе», — сказаў Пяскоў.

На ўдакладняльнае пытаньне, ці стануць асноўнымі пытаньнямі сустрэчы рэалізацыя дамовы 1999 году і падатковы манэўр, Пяскоў адказаў: «У тым ліку».

Апошняя сустрэча Лукашэнкі з Пуціным адбылася 25 сьнежня. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі зь невялікімі перапынкамі і зьменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.

Пасьля гутаркі першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў распавёў журналістам, што Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў.

«У нас цэнаўтварэньне на газ — з гэтым пытаньнем мы павінны вызначыцца і, пачынаючы з 2020 году, выпрацаваць прапановы па фармаваньні цэн на гэты від энэргіі», — цытуе Сілуанава агенцтва ТАСС.​

Напярэдадні Сілуанаў заявіў пра рэгулярнае парушэньне мытнага рэжыму з боку Беларусі.

«Мы кажам беларускаму боку, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка, падакцызныя тавары, якія запаўняюць нашы рынкі», — цытуе чыноўніка ТАСС.

Паводле Сілуанава, Беларусь не цалкам выконвае ўмовы саюзнай дамовы 1999 году, якая прадугледжвае стварэньне адзінай падатковай, мытнай, грашова-крэдытнай, акцызнай, эканамічнай палітыкі. У якасьці прыкладу ён прывёў адсутнасць да гэтага часу адзінай валюты.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка наракаў, што Масква адхіліла ўсе прапановы Менску па цэнах на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр нафтавай галіны.

Беларускі бок хоча дамагчыся ад Расеі кампэнсацыі за падатковы манэўр, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх НПЗ. Менск ацэньвае свае страты у 2019 годзе на ўзроўні 383 млн даляраў. Аднак Сілуанаў заявіў, што Крэмль ніякіх абяцаньняў не даваў.

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 13 сьнежня заявіў, што Масква гатовая да далейшага прасоўваньня ў пытаньнях рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У прыватнасьці, да правядзеньня адзінай падатковай і тарыфнай палітыкі, адзіных мытных органаў, адзінага эмісійнага цэнтру.

Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі СМІ выказаў меркаваньне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. І запэўніў, што такога ніколі ня здарыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG