Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея створаць працоўную групу па інтэграцыі, а пра газ вызначацца з 2020 году, — расейскі віцэ-прэм’ер


Антон Сілуанаў

Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў. Пра гэта распавёў журналістам у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў.

«У нас цэнаўтварэньне на газ — з гэтым пытаньнем мы павінны вызначыцца і, пачынаючы з 2020 году, выпрацаваць прапановы па фармаваньні цэн на гэты від энэргіі», — цытуе Сілуанава агенцтва ТАСС

Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка завяршылі перамовы ў Маскве. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі зь невялікімі перапынкамі і зьменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.

Напярэдадні расейскі віцэ-прэм’ер Антон Сілуанаў заявіў пра рэгулярнае парушэньне мытнага рэжыму з боку Беларусі.

«Мы кажам беларускаму боку, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка, падакцызныя тавары, якія запаўняюць нашы рынкі», — цытуе чыноўніка ТАСС.

Паводле Сілуанава, Беларусь не цалкам выконвае ўмовы саюзнай дамовы 1999 году, якая прадугледжвае стварэньне адзінай падатковай, мытнай, грашова-крэдытнай, акцызнай, эканамічнай палітыкі. У якасьці прыкладу ён прывёў адсутнасць да гэтага часу адзінай валюты.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка наракаў, што Масква адхіліла ўсе прапановы Менска па цэнах на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр нафтавай галіны.

Беларускі бок хоча дамагчыся ад Расеі кампэнсацыі за падатковы манэўр, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх НПЗ. Менск ацэньвае свае страты у 2019 годзе на ўзроўні 383 млн даляраў. Аднак Сілуанаў заявіў, што Крэмль ніякіх абяцаньняў не даваў.

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 13 сьнежня заявіў, што Масква гатовая да далейшага прасоўваньня ў пытаньнях рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У прыватнасьці, да правядзеньня адзінай падатковай і тарыфнай палітыкі, адзіных мытных органаў, адзінага эмісійнага цэнтру.

Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі СМІ выказаў меркаваньне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. І запэўніў, што такога ніколі ня здарыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG