Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Пуціна і Лукашэнкі ў Крамлі працягваліся амаль чатыры гадзіны


Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка завяршылі перамовы ў Маскве. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі зь невялікімі перапынкамі і зьменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны, паведамляе карэспандэнт ТАСС.

Перамовы стартавалі ў пашыраным фармаце з удзелам членаў дэлегацый дзьвюх краін. З расейскага боку ў іх узялі ўдзел першы віцэ-прэм’ер — міністар фінансаў Антон Сілуанаў, міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, віцэ-прэм’ер Дзмітрый Козак, міністар эканамічнага разьвіцьця Максім Арэшкін, а таксама пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч. Беларускі боку акрамя Аляксандра Лукашэнкі прадстаўлялі віцэ-прэм’еры Ігар Петрышэнка і Ігар Ляшчанка, міністар фінансаў Максім Ермаловіч, міністар замежных спраў Уладзімір Макей і пасол у Расеі Ўладзімір Сямашка.

Пасьля перамоваў дэлегацыяў Пуцін і Лукашэнка працягнулі гутарку сам-насам у фармаце рабочага абеду. Вынікі перамоваў пакуль не агучваюцца.

«Зразумела, ёсьць і пытаньні, пры такім вялікім аб’ёме ўзаемадзеяньня заўсёды пытаньні ўзьнікаюць, яны ляжаць, як правіла, у нас у сфэры энэргетыкі, — цытуе словы прэзыдэнта Расеі на пачатку перамоваў агенцтва ТАСС. — У нас сёньня ёсьць магчымасьць пагаварыць па ўсіх гэтых тэмах».

«Нягледзячы на пытаньні, якія ўзьнікаюць у нас у гэтых сфэрах, нам заўсёды з Вамі ўдавалася знаходзіць рашэньне», — сказаў Пуцін.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Масква і Менск «сапраўды могуць дамовіцца» па спрэчных пытаньнях энэргетыкі, каб «не цягнуць старыя праблемы ў новы год».

Як адзначае БелТА, напярэдадні візыту Лукашэнка правёў нараду з удзелам кіраўніцтва ўраду, прысьвечаную супрацоўніцтву з суседняй краінай. Ён адзначыў, што Расея для Беларусі застаецца ключавым зьнешнім партнэрам. Аднак ня ўсе падпісаныя дамовы выконваюцца. Беларускі кіраўнік запэўніў, што Менск мае намер выразна акрэсьліць і адстойваць сваю пазыцыю.

«Я ўжо не кажу пра Расею як братнюю дзяржаву, таму што, як мяне інфармуюць, у Расеі гэта не ўспрымаецца, — не хаваў раздражненьня Лукашэнка. — Нібыта прыйшлі новыя людзі, якім гэтае паняцьце непрымальнае. Што ж, будзем партнэрамі».

Перад гэтым на сустрэчы з расейскімі журналістамі Аляксандар Лукашэнка жорстка адрэагаваў на прапановы расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева аб больш глыбокай інтэграцыі ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы (агульных валюты, суду і мытні), а таксама казаў, што шантажаваць Беларусь марна.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу, дзе публічна паспрачаліся адносна цэнаў на газ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG