Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парушальнік парадку ўстанавіў цацачны караблік». За акцыю ля расейскай амбасады ў Менску будуць судзіць


Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 22 сьнежня пройдзе разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў акцыі з папяровымі караблікамі каля расейскай амбасады, расказвае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Акцыя прайшла 26 лістапада. У адказ на захоп расейскімі вайскоўцамі ўкраінскіх караблёў у Азоўскім моры актывісты «Моладзі БНФ» паклалі на парапэт агароджы амбасады Расеі ў Менску папяровыя караблікі.

Як расказваў на Facebook актывіст Яўген Батура, у міліцэйскім пратаколе, які ён атрымаў, гэта апісана так:

«Без адпаведнага дазволу Менгарвыканкаму, з мэтай публічнага выяўленьня свайго стаўленьня да затрыманьня Расеяй украінскіх вайсковых караблёў у Керчанскай пратоцы ўстанавіў да агароджы будынку амбасады Расеі папяровы караблік».

Гэта палічылі парушэньнем парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП РБ, прадугледжвае арышт да 15 сутак або штраф да 50 базавых велічыняў — 1225 рублёў).

А 10-й раніцы 22 сьнежня суд мае разглядзець справу за гэта актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьвятланы Каваленкі, а таксама журналісткі «Новага часу» Дзіяны Серадзюк (яна кажа, што асьвятляла акцыю, а ня ўдзельнічала ў ёй).

«Вясна» піша, што вядома пра пратаколы на некалькіх непаўналетніх актывістаў «Моладзі БНФ», якія будуць разглядаць камісіі па месцы іхнага жыхарства.

«Караблік, Карл! Караблік! — камэнтуе гэта Каваленка на Facebook. — Яны гэта назвалі пікетаваньнем без дазволу Менгарвыканкаму! Агу, вы, там, у пагонах, вам самім ня сьмешна? Вам самім ня брыдка?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG