Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Красуліна застаецца ў Беларусі. Суд скасаваў пастанову аб яе высылцы


Ганна Красуліна ў судзе, 18 сьнежня 2018 году

Суд Маскоўскага раёна Менску задаволіў скаргу прэс-сакратаркі АГП Ганны Красулінай на рашэньне раённага аддзела па грамадзянстве і міграцыі аб высылцы яе зь Беларусі тэрмінам на 1 год.

Пастанову АГіМ Маскоўскага РУУС суд адмяніў. Вяла працэс судзьдзя Вольга Гусакова.

Прычынай для адмененага рашэньня аб высылцы грамадзянкі Расеі Ганны Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні: пікет падчас выбарчай кампаніі; сустрэча вызваленых з ізалятара арыштантаў; сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.

Лябедзька: «Высылка Красулінай — гэта палітычная шызафрэнія»

19 сьнгежня ў судзе муж Ганны Яўген Красулін выступіў у якасьці сьведкі. Ён заявіў, што ўсё жыцьцё сям’і было зьвязанае зь Беларусьсю, куды яны разам вярнуліся пасьля навучаньня ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце. Наступствы магчымай высылкі Ганны вельмі цяжкія, бо сям’я жыве ў асноўным на заробак дацэнта ў 600 рублёў і пэнсію Ганны. Да таго ж сям’я выплачвае крэдыт за кватэру — 89 рублёў штомесяц.

Сьведка Анатоль Лябедзька заявіў суду, што ведае Красуліну з 2010 году. Ён вельмі зьдзіўлены, што той бок, які ініцыяваў высылку Красулінай, у тым ліку і міністар Шуневіч, папікае яе грамадзянствам іншай краіны і колерам пашпарта.

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Лябедзька назваў высылку Красулінай правакацыяй сілавых структур і «палітычнай шызафрэніяй». Зьвярнуў увагу, што за выкананьне прафэсійных абавязкаў прэсавага сакратара Ганну двойчы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці і аштрафавалі.

Адвакат: «Пагроза грамадзкаму парадку, якая зыходзіць ад Красулінай, — гэта абсурд»

Падчас судовых спрэчак адвакатка Натальля Мацкевіч зьвярнула ўвагу на чалавечыя фактары: тое, што Красуліна даглядае пажылых бацькоў, сама зьяўляецца інвалідам трэцяй групы, ня мае маёмасьці за мяжой. Падкрэсьлівае, што на свой заробак дацэнта муж ня ў стане ўтрымліваць Ганну ў іншай краіне. Абаронца згадвае права на сямейнае жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, іншыя нарматыўна-прававыя акты. Падкрэсьлівае несувымернасьць пакараньня ў выглядзе высылкі з краіны ўчыненым адміністрацыйным правапарушэньням.

Падчас суду па справе Красулінай 18 сьнежня
Падчас суду па справе Красулінай 18 сьнежня

Адвакатка не ўяўляе, як 50-гадовай жанчыне з інваліднасьцю, у якой тут сям’я, дзеці, пажылыя хворыя бацькі, пражыць цэлы год па-за межамі краіны.

Асобна абаронца разглядае «сукупнасьць правапарушэньняў», нібыта ўчыненых Красулінай. А «пагрозу грамадзкаму парадку ў Беларусі», якая можа зыходзіць ад Ганны, Натальля Мацкевіч называе абсурдам.

Адвакатка выказала зьдзіўленьне, чаму ёй і яе падабароннай забаранілі азнаёміцца з дакумэнтам № 916 «для службовага карыстаньня», дзе нібыта выкладзены падставы, зь якіх міграцыйныя службы прынялі рашэньне аб высылцы Красулінай. Натальля Мацкевіч таксама выказала сумнеў — на якой падставе дакумэнты засакрэцілі?

Натальля Мацкевіч настойвае на адмене рашэньня АГіМ Маскоўскага раёну аб высылцы Красулінай.

Прадстаўнік БХК Гары Паганяйла апэляваў да вяршынства Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дакумэнтаў і абавязаньняў, якія прыняла Беларусі. Кажа, што абмежаваньне канстытуцыйных правоў чалавека павінна быць сувымерным і адэкватным.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Красуліна: «Дзе я буду жыць? Сяду з шапкай на Смаленскім вакзале?»

Ганна Красуліна ў сваім выступе засяродзіла ўвагу на тым, як будзе сапсаваны імідж краіны пасьля яе высылкі. Яна падала скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН і просіць дачакацца рашэньня ўплывовай міжнароднай інстанцыі.

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

«Маладая супрацоўніца міграцыйнай службы спрабавала мяне суцешыць: „Высылка ж толькі на 1 год“! А як яна ўяўляе, дзе я буду жыць цягам гэтага году? Сяду з шапкай на Смаленскім вакзале? А як будуць жыць мае нямоглыя бацькі, якім ужо пад 80?» — Ганна Красуліна ня стрымлівае эмоцый.

Яна таксама просіць суд зразумець, што, акрамя інтарэсаў МУС, ёсьць яшчэ інтарэсы іншых МЗС і краіны ў цэлым. Яна паказала стос лістоў, заяваў уплывовых міжнародных арганізацый у падтрымку Красулінай.

Міліцыя: «Рашэньне цалкам абгрунтаванае, мы настойваем на высылцы»

Суд Маскоўскага раёну, архіўнае фота
Суд Маскоўскага раёну, архіўнае фота

​Прадстаўніца АГіМ Маскоўскага РУУС настойвае на тым, што былі прааналізаваныя ўсе чыньнікі: адсутнасьць грамадзянства, неаднаразовае прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці. А тое, што ў Красулінай двое паўналетніх дзяцей і пажылыя бацькі — дык за імі можа прыглядаць муж, які застаецца ў краіне, лічыць міліцыянтка.

На яе думку, высылка носіць прафіляктычны характар. Дзяўчына зачытвае фармулёўкі, што такое грамадзкі парадак, што іншаземцы павінны паважаць законы і традыцыі краіны, дзе жывуць. Згадвае яна і пагадненьні Саюзнай дзяржавы.

«І што мы бачым, высокі суд? Няма пацьверджаньняў, што далей Красуліна будзе законапаслухмянай грамадзянкай. Тэрмін, на які яе высылаюць, мінімальны, толькі 1 год. Максымальны ж тэрмін — 10 гадоў. Да таго ж яна можа прасіць дазволу адзін раз наведаць краіну, а таксама хадайнічаць аб скарачэньні тэрміну высылкі. Рашэньне аб высылцы цалкам абгрунтаванае, мы настойваем на ёй», — выказала сваю пазыцыі прадстаўніца міграцыйнай службы.

ААН прыняла дзьве скаргі Красулінай

Актывістку АГП высылаюць за тры правапарушэньні — два адміністрацыйныя і адзін неаплачаны праезд у грамадзкім транспарце. Але, паводле Красулінай, з Камітэту правоў чалавека ААН, куды яна зьвярталася, прыйшоў адказ, што дзьве яе справы з трох прынятыя да разгляду.

«Я веру, што Камітэт ААН мяне падтрымае. І тады выйдзе, што мяне высылаюць зь Беларусі за праезд у грамадзкім транспарце без талёнчыка. Уяўляю, колькі людзей у такім выпадку мусяць выкінуць зь Беларусі!» — кажа Красуліна.​

Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?

Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

  1. пікет падчас выбарчай кампаніі;
  2. сустрэча з ізалятара затрыманых;
  3. сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.

У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.

Тэрмін высылкі: 1 год.

Хто такая Красуліна?

Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG