Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі хочуць дэпартаваць прэс-сакратарку АГП

абноўлена

Ганна Красуліна

Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі даслала прэс-сакратарцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганьне Красулінай рашэньне аб дэпартацыі. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла сама Красуліна.

Красуліна сказала, што паведаміць падрабязнасьці 14 лістапада. Яна дадала, што будзе абскарджваць рашэньне ў судзе.

Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства.

У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.

Каго яшчэ дэпартавалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову (яна грамадзянка Расеі, жыве ў Беларусі 30 гадоў, з маленства). Афіцыйная падстава — штрафы за перавышэньне хуткасьці. Праваабарончая супольнасьць лічыць высылку Алены Танкачовай помстай за яе прафэсійную дзейнасьць. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь. Рамашэўскую, калі яна прыляцела ў Менск, ня выпусьцілі з аэрапорту і адправілі авіярэйсам у Варшаву, нягледзячы на тое, што яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG