Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС пра высылку Красулінай: «Калі чалавеку стукаюць па носе, ён мусіць задумацца»


Прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна

У Міністэрстве ўнутраных спраў Ганьне Красулінай, якую хочуць выслаць зь Беларусі, прапанавалі «натуралізавацца».

Начальнік дэпартамэнта па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун пракамэнтаваў рашэньне аб высылцы прэс-сакратаркі АГП Ганны Красулінай. Ягоныя словы перадае БелаПАН.

На думку Бягуна, яна «сама мусіць ацаніць свае паводзіны».

«Калі чалавеку стукаюць па носе адзін раз, другі раз за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, то чалавек павінен задумацца. Калі ён хоча быць грамадзянінам, ён усё ж такі павінен натуралізавацца. Калі ён не натуралізаваўся і зьяўляецца замежным грамадзянінам, то павінен разумець, на што мае права, на што не мае», — сказаў Аляксей Бягун.

Начальнік дэпартамэнту прыгадаў і будучы суд, куды зьвярнулася Красуліна, каб абскардзіць рашэньне аб высылцы. «Гэта будзе бітва бакоў», — адзначыў ён.

У МУС прынялі рашэньне аб высылцы прэс-сакратаркі АГП 13 лістапада «у інтарэсах грамадзкага парадку». Падставай сталі тры адміністрацыйных штрафы: два за ўдзел у пікеце і адзін за безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце.

Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?

Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

  1. пікет падчас выбарчай кампаніі;
  2. сустрэча з ізалятара затрыманых;
  3. сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.

У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.

Тэрмін высылкі: 1 год.

Хто такая Красуліна?

Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG