Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў браць кампэнсацыі са спартоўцаў, якія зьяжджаюць, бо ім «бабла адвалілі». ЦЫТАТЫ


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На нарадзе аб разьвіцьці летніх відаў спорту 18 сьнежня Аляксандар Лукашэнка абурыўся шэрагам аспэктаў у стане беларускага спорту. Пераказ ягоных словы паводле БелТА, дакладныя цытаты ў двукосьсях.

  • Адзіны паказьнік пасьпяховасьці ў разьвіцьці спорту, паводле Лукашэнкі, гэта вынікі спаборніцтваў: «усё астатняе — нікому не патрэбная балбатня», «спорт гэта не лятарэя».
  • Калі за мяжу зьедзе хоць адзін «здольны спартовец», пройдуць праверкі «па вэртыкалі», што «мала не падасца». Але нікога са спартоўцаў трымаць не павінны.
  • Трэба прапісаць у дамовах выплаты дзяржаве, калі спартовец зьязджае: «заплаці за сваю падрыхтоўку і будзь вольны». Бо «едуць або ад нашай бязглузьдзіцы, або там, дзе бабла адвалілі».
  • Грошы накіроўваць перадусім туды, дзе можна заваяваць перамогі. І трэба забясьпечыць спартовыя школы інвэнтаром і абсталяваньнем, падтрымаць трэнэраў. «Больш зь іншымі мэтамі і просьбамі не прыходзьце».
  • «У нас усюды мора чыноўнікаў, гультаёў ў палацах спорту, залях і іншых, якія нічога ня робяць, нават на працу не ходзяць». Ці трэба з гэтым нешта рабіць, Лукашэнка не ўдакладніў.
  • Лішніх грошай няма, іх наогул мала. «Самі заробіце — трацьце». «І перастаньце хадзіць у Нацыянальны алімпійскі камітэт па нейкія грошы. Іх няма».
  • Падрыхтоўка трэнэраў жахлівая. У паразе моладзевай хакейнай зборнай вінаватыя трэнэры і чыноўнікі ад спорту. «Агідна глядзець на гульню што менскага „Дынама“, што зборных камандаў».
  • «Трэнэраў выпускаем утрая больш, чым іх працуе». Калі чалавек адвучыўся на трэнэра і не пайшоў працаваць па спэцыяльнасьці, трэба адбіраць дыплём.
  • Трэба нешта (што — не ўдакладняецца) рабіць з новым будынкам РНПЦ спорту, які маюць адкрыць у наступным годзе. «Ад яго мае быць аддача, гэта не павінен быць нейкі прыстанак для асобных спартоўцаў і чыноўнікаў».
  • «Сёньня спорт — гэта ўжо не барацьба, а вайна. Ты выходзіш, як на вайну, на пляцоўку з клюшкай ці ў футбол гуляеш. Толькі тады ты можаш перамагчы». На мінулым футбольным Чэмпіянаце сьвету расейцы «ніякія былі, але годна выступілі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG