Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка абяцае знайсьці і пакараць забойцаў Паўла Шарамета


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка па-ранейшаму разьлічвае затрымаць забойцаў журналіста Паўла Шарамета. Ураджэнец Менска, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны, быў узарваны ў сваім аўтамабілі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 году.

«Калі ў вас ёсьць нейкія прапановы, гэта я кажу абсалютна сур’ёзна, я гатовы ісьці на любыя крокі для таго, каб знайсьці забойцаў і прыцягнуць іх да адказнасьці ці, прынамсі, надаць празрыстасьці расьсьледаваньню», — заявіў Парашэнка 16 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве па выніках 2018 году, зьвяртаючыся да журналіста Грамадзкага тэлебачаньня, якое вяло паралельнае расьсьледаваньне абставінаў гібелі журналіста.

«Я асабіста ведаў Паўла Шарамета. Я падкрэсьліваю, што, у адрозьненьне ад многіх расьсьледаваньняў пры папярэдніх уладах, я сустракаўся і з сямʼёй, і з роднымі Паўла і вылучаў некалькі ініцыятыў», — сказаў Парашэнка. У прыватнасьці ён зьвярнуўся ў амбасаду ЗША з просьбай «даслаць экспэртаў з ФБР, з аднаго боку, для прафэсійнай дапамогі, з другога боку, для забесьпячэньня празрыстасьці расьсьледаваньня». Акрамя таго, на сустрэчы са сваякамі Шарамета з нагоды першай гадавіны яго гібелі Парашэнка, улічваючы «сурʼёзныя заканадаўчыя абмежаваньні», прапанаваў садзейнічаньне ўключэньню замежнага экспэрта ў склад сьледчай групы, калі такі ў іх ёсьць на прыкмеце.

«Тады называўся Скотланд-Ярд. Я сказаў, каб мне далі прозьвішча сьледчага..., я зьвярнуся да генэральнага пракурора, зьвярнуся да шэфа Нацыянальнай паліцыі, мы дакладна ўключым яго ў сьледчую групу. Гэта была і гатоўнасьць супрацоўнічаць, і патрабаваньне празрыстасьці», — сказаў украінскі кіраўнік.

«Магу падкрэсьліць, што такія дзеяньні беспрэцэдэнтныя. Але мяне гэта не суцяшае, таму што няма выніку, не ўстаноўлены забойцы. На жаль, ёсьць выпадкі, калі забойцаў знайсьці не атрымоўваецца. Але ў мяне ёсьць надзея, што гэта не той выпадак», — заявіў Парашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG