Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваеннае становішча, выбары, адзіная царква. Парашэнка адказаў на пытаньні журналістаў. ВІДЭА

абноўлена

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка больш за дзьве гадзіны адказваў на пытаньні журналістаў. Украінская Свабода вяла жывую трансьляцыю.

Пра ваеннае становішча

Калі Расея не прыме рашэньне атакаваць, то ваеннае становішча ва Ўкраіне будзе адмененае пасьля 26 сьнежня. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«Калі не адбудзецца поўнамаштабнага ўварваньня войскаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыю Ўкраіны, за межамі лініі судакрананьня, ваеннае становішча ня будзе працягнутае, і пачнецца падрыхтоўка да выбараў прэзыдэнта», — сказаў Парашэнка.

Кіраўнік Украіны таксама заявіў, што з моманту ўвядзеньня ваеннага становішча Расея адвяла менш за 10% тых войскаў, якія раней былі сканцэнтраваныя каля мяжы Ўкраіны.

Парашэнка падкрэсьліў, што першапачаткова плянавалася ўвесьці ваеннае становішча на 60 дзён, бо былі пляны арміі аб разгортваньні новых вайсковых частак. Пазьней было прынятае рашэньне аб перадысьлякацыі войскаў, што дазволіла зьменшыць тэрмін.

Пра ўдзел у выбарах

Прэзыдэнт Украіны не пацьвердзіў, але і не адмаўляў намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

Ён сказаў, што пакуль не гатовы казаць пра гэта, таму што выбарчая кампанія яшчэ афіцыйна не пачалася. Ён дадаў, што як толькі будзе прынятае такое рашэньне, ён адразу паведаміць пра гэта. Акрамя таго, Парашэнка заявіў, што ня бачыць перад сабой канкурэнтаў.

Ён таксама вызначыў шэраг задач на наступныя пяць гадоў прэзыдэнцкага тэрміну абранага на выбарах 31 сакавіка 2019 кіраўніка дзяржавы. Па словах Парашэнкі, ёсьць «тры галоўныя рэчы, якія трэба зрабіць» за гэты час.

«Па-першае, дасягнуць міру на аснове нацыянальных інтарэсаў Украіны — не на аснове капітуляцыі. Па-другое, пераадолець наступствы эканамічнага крызісу, выкліканага вайной і эканамічнай блякадай з боку Расеі, усімі элемэнтамі расейскай гібрыднай вайны, забясьпечыць аднаўленьне і рост узроўню жыцьця простых людзей. Па-трэцяе, дасягнуць крытэраў, неабходных для ўступленьня ў Эўразьвяз і Паўночнаатлянтычны альянс, каб нашы заяўкі выглядалі жалезабэтонна аргумэнтаванымі», — сказаў Парашэнка.

Па дадзеных шэрагу апытаньняў, апублікаваных апошнім часам, Пятро Парашэнка як патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта на дадзены момант адстае ад лідэркі партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, а ў некаторых з такіх апытаньняў аказваецца і далей чым на другім месцы.

Пра адзіную царкву

Па словах Парашэнкі, зь першых дзён свайго прэзыдэнцтва ён разглядаў барацьбу за аўтакефалію «не як царкоўны пытаньне, а як пытаньне нацыянальнай бясьпекі, як пытаньне дзяржавы». «Расейская агрэсія не пакінула ніякай прасторы, каб глядзець на гэта неяк інакш», — падкрэсьліў ён.

Нагадаўшы, што ва Ўкраіне ўжо ствараліся ўласныя магутныя касьцёльныя структуры, незалежныя ад Масквы, Парашэнка зьвярнуў увагу: «Упершыню зьяўляецца царква, асьвечаная Сусьветным пасадам».

Прэзыдэнт павіншаваў з аўтакефаліяй ня толькі ўкраінскіх праваслаўных, але і ўсю Ўкраіну. «Таму што гэта вырашальны крок у працэсе стварэньня дзяржавы, вельмі падобны, сувымерны з Актам абвяшчэньня нашай украінскай незалежнасьці. Гэта дэкалянізацыя і дэакупацыя Ўкраіны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Хіба Крэмль калі хаваў, што разглядае расейскую царкву як вельмі гіпнатычны дурман для ўтрыманьня суседніх народаў у сфэры свайго ўплыву? І зараз гэтага не ўтойвае, што відаць з гістэрычнай рэакцыі Крамля і РПЦ на атрыманьне нашай украінскай царквой аўтакефаліі. Аж зоркі на крамлёўскіх шпілях пачарнелі», — дадаў ён.

Пра забойства Шарамета

Парашэнка абяцае знайсьці і пакараць забойцаў Паўла Шарамета
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка па-ранейшаму разьлічвае затрымаць забойцаў журналіста Паўла Шарамета. Ураджэнец Менска, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны, быў узарваны ў сваім аўтамабілі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 году.

«Калі ў вас ёсьць нейкія прапановы, гэта я кажу абсалютна сур’ёзна, я гатовы ісьці на любыя крокі для таго, каб знайсьці забойцаў і прыцягнуць іх да адказнасьці ці, прынамсі, надаць празрыстасьці расьсьледаваньню», — заявіў Парашэнка 16 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве па выніках 2018 году, зьвяртаючыся да журналіста Грамадзкага тэлебачаньня, якое вяло паралельнае расьсьледаваньне абставінаў гібелі журналіста.

«Я асабіста ведаў Паўла Шарамета. Я падкрэсьліваю, што, у адрозьненьне ад многіх расьсьледаваньняў пры папярэдніх уладах, я сустракаўся і з сямʼёй, і з роднымі Паўла і вылучаў некалькі ініцыятыў», — сказаў Парашэнка. У прыватнасьці ён зьвярнуўся ў амбасаду ЗША з просьбай «даслаць экспэртаў з ФБР, з аднаго боку, для прафэсійнай дапамогі, з другога боку, для забесьпячэньня празрыстасьці расьсьледаваньня». Акрамя таго, на сустрэчы са сваякамі Шарамета з нагоды першай гадавіны яго гібелі Парашэнка, улічваючы «сурʼёзныя заканадаўчыя абмежаваньні», прапанаваў садзейнічаньне ўключэньню замежнага экспэрта ў склад сьледчай групы, калі такі ў іх ёсьць на прыкмеце.

«Тады называўся Скотланд-Ярд. Я сказаў, каб мне далі прозьвішча сьледчага..., я зьвярнуся да генэральнага пракурора, зьвярнуся да шэфа Нацыянальнай паліцыі, мы дакладна ўключым яго ў сьледчую групу. Гэта была і гатоўнасьць супрацоўнічаць, і патрабаваньне празрыстасьці», — сказаў украінскі кіраўнік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG