Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пачаўся Аб’яднаўчы сабор украінскага праваслаўя


 Сафія Кіеўская
Сафія Кіеўская

У Кіеве 15 сьнежня пачаўся Абʼяднаўчы сабор украінскага праваслаўя, у якім бяруць удзел царкоўныя герархі, сьвятары і сьвецкія.

Яны прадстаўляюць тры праваслаўныя царквы, якія існуюць ва Ўкраіне — Украінскую праваслаўную царкву Кіеўскага патрыярхату, Украінскую аўтакефальную праваслаўную царкву і Ўкраінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату.

Першыя дзьве рэлігійныя арганізацыі ўхвалілі ўдзел у саборы на ўзроўні сваіх архірэйскіх сабораў, апошняя прадстаўлена асобнымі прадстаўнікамі кліру і вернікаў.

Падрыхтоўчы камітэт вызначыў, што паседжаньне сабору будзе праходзіць у закрытым рэжыме — журналістаў не дапускаюць ня толькі ў Сафійскі сабор, але нават у запаведнік, на тэрыторыі якога знаходзіцца храм.

У мэтах бясьпекі ў раёне Сафійскай плошчы ў Кіеве таксама забаронена выкарыстоўваць дроны.

Некалькі хвілінаў таму на тэрыторыю запаведніку ўвайшоў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка — ён мусіць сустрэцца з удзельнікамі сабору, але на паседжаньні ўжо ня будзе прысутнічаць.

Адначасова на Сафійскай плошчы сабраліся некалькі тысяч грамадзян, якія прыйшлі падтрымаць стварэньне адзінай памеснай царквы ва Ўкраіне.

Сабор у Кіеве можа стаць вырашальным крокам у стварэньні ва Ўкраіне незалежнай ад Масквы царквы.

УПЦ КП 13 сьнежня заявіла, што Сусьветны патрыярх Варфаламей перадасьць Томас, указ аб прадстаўленьні аўтакефаліі або незалежнасьці, будучаму кіраўніку памеснай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне 6 студзеня.

11 кастрычніка Сусьветны патрыярхат вырашыў даць аўтакефалію УПЦ і скасаваць далучэньне Кіеўскай мітраполіі да Расейскай царквы, якое адбылося ў 1686 годзе.

На знак пратэсту РПЦ разарвала адносіны з Канстантынопальскай царквой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG