Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Масквы ў Канстантынопаль. Навошта Ўкраіне адзіная памесная царква і як яна паўплывае на Беларусь


Будынак МЗС Украіны і Міхайлаўскі Залатаверхі манастыр у Кіеве

Сузаснавальніца Цэнтру рэлігійнай бясьпекі з Кіева Тацяна Дзяркач распавяла Свабодзе, што важна ведаць аб працэсе наданьня ўкраінскай праваслаўнай царкве аўтакефаліі (незалежнага статусу), які можа завяршыцца ўжо ў кастрычніку.

Украіна рыхтуецца да абʼяднаўчага сабору архіярэяў Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і часткі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.

Чакаецца, што ён будзе скліканы ў кастрычніку, адразу пасьля ўхваленьня Канстантынопальскім патрыярхатам рашэньня аб наданьні аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве. Томас (так называецца адпаведны ўказ Усяленскага патрыярха) будзе перададзены новаму кіраўніку ўкраінскай царквы, абранаму на гэтым абʼяднаўчым саборы.

Трэцяя спроба аўтакефаліі

Для Ўкраіны гэта трэцяя спроба стварыць адзіную памесную праваслаўную царкву. Паводле сузаснавальніцы Цэнтру рэлігійнай бясьпекі з Кіева Тацяны Дзяркач, цяпер для гэтага ёсьць і эканамічныя, і палітычныя перадумовы.

Тацяна Дзяркач
Тацяна Дзяркач

«У 2014 годзе, скарыстаўшыся слабасьцю Ўкраіны, Расея анэксавала Крым і акупавала частку Данбасу. На жаль, Расейская праваслаўная царква, якая на найвышэйшым узроўні нібыта дакляравала неўмяшальніцтва, на ніжэйшым узроўні ўдзельнічала ў гэтых працэсах не на карысьць Украіны. І ў грамадзтве ўзьнік кансэнсус, што ня можа ва Ўкраіне дзейнічасць царква на чале з цэнтрам кіраваньня, разьмешчаным у дзяржаве, якая ёсьць агрэсарам. Калі б ня гэтая вайна і ня гэтыя падзеі, магчыма, пытаньне яшчэ пэўны час зацягвалася б», — перакананая экспэрт.

Грамадзкую думку аб неабходнасьці стварыць адзіную памесную царкву, якую сёлета ў траўні пацьвердзілі вынікі сацыялягічнага апытаньня дасьледніцкага Цэнтру Разумкова, падтрымалі і палітыкі: да звароту рэлігійных грамадаў да Ўсяленскага патрыярха далучыліся прэзыдэнт Пятро Парашэнка і Вярхоўная Рада.

«Аўтакефалія заўсёды зьязаная з палітыкай фармаваньня дзяжавы. Паколькі ў нас праваслаўе, у першую чаргу з боку Расейскай праваслаўнай царквы, было палітызаванае, то цяпер пытаньне незалежнай (ад Масквы) царквы ёсьць у тым ліку пытаньнем нацыянальнай бясьпекі. Аўтакефалія дае шанец на духоўнае адраджэньне, бо расейскі тып праваслаўнасьці дастаткова спэцыфічны, і нам ён не пасуе. Таму так, гэта духоўнае пытаньне, палітычнае пытаньне і пытаньне нацынальнай бясьпекі», — перакананая Тацяна Дзяркач.

Праваслаўны сьвятар у Данецку бласлаўляе аднаго зь лідэраў прарасейскіх сэпаратыстаў Ігара Стралкова, 2014 год
Праваслаўны сьвятар у Данецку бласлаўляе аднаго зь лідэраў прарасейскіх сэпаратыстаў Ігара Стралкова, 2014 год

Чаму Канстантынопаль, а не Масква

Паводле некаторых экспэртаў, Кіеў парушыў існыя каноны, зьвярнуўшся па аўтакефалію да Канстантынопальскага, а не да Маскоўскага патрыярхату.

«Разыходжаньням у разуменьні гэтай працэдуры таксама некалькі стагодзьдзяў. Пачынаючы з 1589 году, усе аўтакефаліі выдаваў Канстантынопаль, у іншых памесных цэркваў такога досьведу няма. Натуральна, Канстантынопаль сьцьвярджае, што гэта ягоная кампэтэнцыя — вырашаць падобныя праблемы на тэрыторыі ўсіх памесных цэркваў, з выняткам Александрыйскай, Антыяхійскай, Кіпрскай і Ерусалімскай цэркваў», — апавядае Тацяна Дзяркач.

Таму, паводле экспэрта, Канстантынопаль выкарыстаў права нагляднай інстанцыі ў сытуацыі з Украінай.

«У Расейскай праваслаўнай царквы быў досьвед наданьня аўтакефаліі ў 1951 годзе Чэскай царкве, у 1970-м — Амэрыканскай царкве, Грузінскай — у 1943 годзе. Аднак Канстантынопаль прызнаў гэтыя аўтакефаліі пазьней, апроч Амэрыканскай, якая дагэтуль лічыцца часткаю Расейскай праваслаўнай царквы. На гэты момант правілаў няма. Украінская царква падняла гэтую праблему на паверхню, і паглядзім, як бакі будуць яе вырашаць», — дадае экспэрт.

Што кажуць апанэнты

Апанэнты ўкраінскай аўтакефаліі, ацэньваючы працэс яе атрыманьня і публічныя заявы палітыкаў, абвінавачваюць украінскую ўладу ў спробе падпарадкаваць царкву дзяржаве, нягледзячы на канстытуцыйную норму, якая гэта забараняе.

«Тут няма супярэчнасьцяў. У нас жа і прадпрыемствы ёсьць недзяржаўныя, тым ня менш дзяржава кантралюе іх дзейнасьць праз падатковыя ды іншыя інстанцыі, а калі адбываюцца злачынствы, то дзяржава ўмешваецца. Царква ня ёсьць дзяржавай у дзяржаве і абсалютна незалежнай ад якіх-небудзь органаў улады», — тлумачыць экспэрт.

Пачаеўская лаўра
Пачаеўская лаўра

Тацяна Дзяркач нагадала, што ўкраінскі закон аб свабодзе сумленьня якраз прадугледжвае права дзяржавы садзейнічаць рэлігійным арганізацыям у завязаньні міжнародных кантактаў і адсочваць выкананьне заканадаўства аб дзейнасьці рэлігійных арганізацыяў.

«Калі кіраўнік невялікай вёскі або мястэчка заяўляе, што ні пры якіх умовах ня вылучыць зямельны ўчастак для грамады Кіеўскага патрыярхату, гэта ўмяшаньне ў справы царквы ці не? А ў нас такое адбывалася шматкроць. І чамусьці Маскоўскі патрыярхат ніколі не абураўся, калі мясцовы чыноўнік адмаўляў у будаўніцтве храму Кіеўскага патрыярхату».

Што можа выклікаць канфлікты

Найбольш праблемным пасьля атрыманьня аўтакефаліі можа стаць пытаньне падзелу царкоўнай маёмасьці. Цяпер УПЦ Маскоўскага патрыярхату карыстаецца дзьвюма найбольш вядомымі ў праваслаўным сьвеце гістарычнымі сьвятынямі — Кіева-Пячорскай (Кіеў) і Пачаеўскай (Цярнопальская вобласьць) лаўрамі. Яны знаходзяцца ва ўласнасьці ўкраінскай дзяржавы, іншыя храмы лічацца ўласнасьцю мясцовых рэлігійных грамадаў.

Томас яшчэ не атрыманы, а настаяцель Пачаеўскай лаўры ўжо заклікаў вернікаў абараняць храм ад «захопу Кіеўскім патрыярхатам».

«Мяркуючы з рыторыкі прадстаўнікоў Маскоўскага патрыярхату, уся рэлігійная вайна будзе зьведзеная да перападзелу царкоўнай маёмасьці. Я не выключаю, што ў нас сапраўды магчымыя канфлікты, а пры жаданьні кожны канфлікт можна давесьці да разаніны. Уявіце сабе: у вёсцы адзін храм, які належыць Маскоўскаму патрыярхату. Пасьля атрыманьня аўтакефаліі, умоўна кажучы, 60 адсоткаў вернікаў хочуць перайсьці ў адзіную памесную царкву, а 40 адсоткаў — застацца пад Маскоўскім патрыярхатам. У іх адзін храм на ўсіх. Як разьвязаць гэты канфлікт?» — кажа Тацяна Дзяркач.

Кіева-Пячорская лаўра
Кіева-Пячорская лаўра

Паводле яе, пакуль што ва Ўкраіне не распрацаваныя на заканадаўчым узроўні правілы падзелу царкоўнай маёмасьці:

«У гэтым можа быць праблема. Але ці дойдзе гэта да вайны... Да юрыдычных спрэчак — так. Я чула, што фармуюцца нейкія групы з хлопцаў моцнага целаскладу для абароны, але гэта да царкоўных справаў ня мае ніякага дачыненьня. Гэта дзеяньні крымінальнага характару. І мне вельмі прыкра, што Маскоўскі патрыярхат плянуе арганізоўваць такія акцыі».

Як можа зьмяніцца мапа прыходаў ва Ўкраіне

Паводле статыстыкі, цяпер ва Ўкраіне дзейнічае 12 тысяч рэлігійных грамадаў Маскоўскага патрыярхату і 4 тысячы — Кіеўскага. Пасьля завяршэньня працэдуры наданьня аўтакефаліі сытуацыя можа зьмяніцца люстэркава, перакананая экспэрт.

«Нават паводле закрытых дасьледаваньняў, якія рабілі ў Расеі, каля паловы сьвятароў Маскоўскага патрыярхату, а натуральна, што за імі падцягваюцца і самі прыходы, выступаюць за адзіную памесную царкву. Хаця яны з прычыны розных абставінаў цяпер ня могуць дэкляраваць сваю „аўтакефальнасьць“ публічна. Таму мы ня ведаем, колькі прыходаў Маскоўскага патрыярхату застанецца пасьля стварэньня адзінай памеснай царквы і ўручэньня Томасу. Але верагодна, што прапорцыя зьменіцца люстэркава».

Што будзе з Данбасам

У часова непадкантрольных Кіеву раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей афіцыйных прыходаў Кіеўскага патрыярхату не засталося — іх паступова выціснулі, а пазьней ухвалілі сваё «заканадаўства», згодна зь якім праваслаўе на гэтай тэрыторыі можа прадстаўляць толькі Маскоўскі патрыярхат.

«Да вайны там была значная колькасьць пратэстанцкіх плыняў і грэка-каталікі. Пакуль тэрыторыя акупаваная, мы ня можам нічога зрабіць. Адзіную памесную царкву туды ня пусьцяць, а пасьля дэакупацыі — паглядзім. Насельніцтва там настроена дастаткова варожа. Таму трэба спачатку палітычна разьвязаць канфлікт на Данбасе, а царкоўны аспэкт падцягнецца туды толькі праз пэўны час», — мяркуе Тацяна Дзяркач.

Які будзе ўплыў на Беларусь

Да сярэдзіны ХVII стагодзьдзя прынамсі тры эпархіі, што ў той час знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, падпарадкоўваліся Кіеўскай мітраполіі. Ці магчымае вяртаньне Беларускай праваслаўнай царквы і якімі мусяць быць яе дачыненьні з адзінай памеснай царквой Украіны?

«Усё залежыць ад таго, як доўга Расейская праваслаўная царква ня будзе прызнаваць адзіную памесную царкву Ўкраіны. Натуральна, яе дастаткова агрэсіўная палітыка ўплывае і на палітыку яе пэрыфэрыйных утварэньняў, у прыватнасьці Беларускай праваслаўнай царквы, якая ёсьць экзархатам Расейскай праваслаўнай царквы, мае мітрапаліта, сынод. Гэта незвычайная герархія для РПЦ, і я не выключаю, што Беларуская праваслаўная царква будзе завязваць свае кантакты з адзінай памеснай царквой Украіны, бо ў нас няма ўзаемных прэтэнзіяў і рана ці позна ўзьнікне неабходнасьць наладжваць добрыя стасункі», — мяркуе Тацяна Дзяркач.

Экспэрт перакананая, што прызнаньне Расеяй аўтакефаліі Ўкраінскай царквы будзе ключавым фактарам для Беларусі.

«Мітрапаліт Павел (кіраўнік БПЦ. — РС) сапраўды залежны ад Расейскай праваслаўнай царквы, зь іншага боку — ён залежыць і ад беларускіх уладаў. Мне складана меркаваць, наколькі беларускія ўлады падтрымліваюць ідэю адасабленьня Беларускай праваслаўнай царквы, але ўсё ж прэзыдэнт Беларусі часам робіць самастойныя дзеяньні, якія ня можа ня ўлічваць мітрапаліт Павел. Калі ўлады вырашаць наладзіць добрыя кантакты з адзінай памеснай царквой Украіны, то ён можа прыняць гэта да ўвагі. А там ужо — як складуцца гістарычныя абставіны», — тлумачыць Тацяна Дзяркач.

У той жа час, дадае экспэрт, ня выключана, што пасьля атрыманьня аўтакефаліі ўкраінскай царквой Маскоўскі патрыярхат паспрабуе ўзмацніць кантроль над Беларускім экзархатам:

«Усё залежыць ад Беларускай царквы, наколькі там сасьпелі фактары і матывацыі нешта зьмяніць у сваім статусе. Я пакуль ня бачу такога пункту кіпеньня. Але ўзмацненьне кантролю магчымае на грунце таго, што Ўкраіна так актыўна адколваецца і працэс даходзіць да завяршэньня, у Малдове адбываюцца непрыемныя для РПЦ рэчы — ёсьць падазрэньні, што яе адтуль зьбіраюцца выціснуць... Таму страціць яшчэ і Беларусь будзе вельмі адчувальна для патрыярха Кірыла, калі ён застанецца на гэтай пасадзе пасьля страты Ўкраіны. Там існуе свая барацьба за ўладу, і пасьля таго як Ўкраіна аформіць сваю аўтакефалію, і ўнутры РПЦ могуць адбыцца кадравыя перастаноўкі. Але ж трэба ўлічваць яшчэ і палітычную сытуацыю ў Расеі, бо там царква ўсё ж нефармальна ёсьць часткай дзяржаўнага апарату».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG