Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Філарэт: Украінскі патрыярхат будзе самай вялікай царквой праваслаўя


Патрыярх Філарэт
Патрыярх Філарэт

У пачатку верасьня ў Стамбуле адбыўся сынакс — пасяджэньне архірэяў Канстантынопальскага патрыярхату. Яны прынялі рашэньне аб тым, што патрыярхат можа даваць аўтакефалію бяз згоды іншых праваслаўных цэркваў.

Пазьней Мітрапаліт Гальскі Эмануіл (Адамакіс) пацьвердзіў у інтэрвію L’Agenzia Società per l’Informazione Religiosa, што Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей прыняў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.

17 верасьня два прадстаўнікі Канстантынопальскага патрыярхату, якіх патрыярх Варфаламей накіраваў ва Ўкраіну, заявілі на сустрэчы з прэзыдэнтам краіны Пятром Парашэнкам, што працэс прадастаўленьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве «ужо пачаўся». Сынод Расейскай праваслаўнай царквы ў адказ на дзеяньні Канстантынопальскага патрыярхату вырашыў прыпыніць памінаньні патрыярха Канстантынопальскага на богаслужэньнях. У РПЦ, якую ўзначальвае Маскоўскі патрыярх Кірыл, лічаць Украіну сваёй «кананічнай тэрыторыяй» і абвінавачваюць Канстантынопальскі патрыярхат у зьневажаньні канонаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл на цырымоніі закладкі і асьвячэньня першага каменя галоўнага храма Ўзброеных сіл РФ, 19 верасьня 2018 году
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл на цырымоніі закладкі і асьвячэньня першага каменя галоўнага храма Ўзброеных сіл РФ, 19 верасьня 2018 году

20 верасьня кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт у рамках візыту ў Вашынгтон сустрэўся з намесьнікам дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Ўэсам Мітчэлам. Паводле герарха, ён прыехаў у Злучаныя Штаты па падтрымку Ўкраіны ў пытаньні аб атрыманьні аўтакефаліі. У Вашынгтоне патрыярх Філарэт таксама пагутарыў з карэспандэнтам рускай службы «Голасу Амерыкі». Ён распавёў калі, на ягоную думку, ва Ўкраіне зьявіцца незалежная адзіная памесная праваслаўная царква; у чыё вядзеньне пасьля гэтага пяройдзе Кіева-Пячэрская ляўра і як будуць прымацца рашэньні аб пераходзе ўкраінскіх царкоўных суполак з Маскоўскага патрыярхату ў новую Ўкраінскую Праваслаўную аўтакефальную царкву.

Інтэрвію цалкам на відэа:

— Уявім, што Томас падпісаны, Украіне дадзена аўтакефалія. Як далей усё будзе адбывацца тэхнічна? Слова «патрыярхат» застанецца?

— Будзе аб’яднаная царква, з трох падзеленых цэркваў будзе адна — Украінская праваслаўная царква. Але паколькі ўзначальваць будзе патрыярх, то патрыярхат як другая назва застанецца. Гэтак жа, як напрыклад, Расейская праваслаўная царква — Маскоўскі патрыярхат, баўгарская царква — Баўгарская патрыярхат... так і ўкраінская царква застанецца патрыярхатам. Украінскім, кіеўскім — але патрыярхатам.

— Якім у гэтым выпадку можа быць лёс Кіева-Пячэрскай ляўры?

— Кіева-Пячэрская ляўра зьяўляецца помнікам архітэктуры і знаходзіцца ў падпарадкаваньні дзяржавы. Каму дзяржава перадасьць, той і будзе карыстацца гэтай сьвятыняй. А наогул, Кіева-Пячэрская ляўра — украінская сьвятыня або расейская? Фактычна ўкраінская. Троіца-Сергіева ляўра — украінская сьвятыня або расейская? Расейская. А чаму Кіева-Пячэрская ляўра павінна быць сьвятыняй расейскай царквы? Але ўсё будзе зьдзяйсьняцца свабодна, без усялякага гвалту — мы не дапусьцім гэтага, таму што нам трэба не маёмасьць, нам патрэбныя чалавечыя душы.

— Якраз з нагоды чалавечых душ. Калі нейкі канкрэтны храм захоча стаць часткай украінскай царквы, гэта будзе магчыма? І як гэтыя пытаньні будуць вырашацца?

— Ёсьць закон, паводле якога абшчына абірае свой цэнтар. А вось як гэты закон ажыцьцявіць, не сказана. Як у савецкай Канстытуцыі быў артыкул пра тое, што кожная краіна мае права выйсьці з Саюзу, але не было сказана, як менавіта. Таму і трымалі Савецкі Саюз адзіным. Так і тут. Будзе прыняты закон у разьвіцьцё таго закону, які ўжо ёсьць. Мы хочам прапанаваць, што, калі дзьве траціны абшчыны абіраюць расейскую царкву, значыць, храм будзе належаць рэлігійнай суполцы Расейскай праваслаўнай царквы. Калі ж дзьве траціны рэлігійнай абшчыны захочуць перайсьці ва Ўкраінскую царкву, то храм будзе належыць ім.

— То бок, усе будзе вырашаць абшчына?

— Так. І такім спосабам мы пазьбегнем усякага гвалту. Зьбіраецца прыход і галасуе.

— Прыкладна год таму вы прыводзілі такія лічбы: 44-48 адсоткаў насельніцтва падтрымлівае Кіеўскі патрыярхат. Гэтая лічба за апошні год павялічылася? І наогул, наколькі падзеі апошніх пяці гадоў паўплывалі на пераход людзей з Маскоўскага патрыярхату ў Кіеўскі?

— Вайна вельмі паўплывала. Цяпер Маскоўскі патрыярхат падтрымлівае да дваццаці адсоткаў насельніцтва. Адбываецца інтэнсіўны пераход вернікаў з Маскоўскага патрыярхату ў Кіеўскі. Праз тое, што Маскоўскі патрыярхат не падтрымлівае нашу армію, лічыць, што яны забойцы.

— Насамрэч ня ўсе храмы Маскоўскага патрыярхату прытрымліваюцца такой пазыцыі.

— Дык вось гэтыя «ня ўсё» і прыйдуць ва ўкраінскую царкву.

— А сьвятары наогул пераходзілі ў Кіеўскі патрыярхат?

— Так, але вельмі мала. Баяцца. А вернікі пераходзяць сотнямі і тысячамі.

— Дарэчы, пра колькасныя пытаньні. Ці можа ўкраінская царква ў выпадку прадастаўленьня аўтакефаліі стаць самай буйной?

— Можа быць, ня самай буйной, але ня меншай, чым расейская царква. Але па актыўнасьці, па колькасьці прыходаў яна будзе самай вялікай царквой праваслаўя. Хоць насельніцтва ва Ўкраіне менш, чым у Расеі, але актыўнасьць вернікаў большая. Вось на Вялікдзень, паводле дадзеных паліцыі (расейскай і ўкраінскай), ва Ўкраіне прыйшлі ў храмы 12 мільёнаў, а ў Расеі — 8 мільёнаў. Бачыце, якая розьніца? Ва Ўкраіне за гады незалежнасьці пабудавана каля 4 тысяч новых храмаў...

— Ці можа аўтакефалія спрыяць усталяваньню міру ва Ўкраіне?

— Можа і будзе. Таму што місія царквы — прымірыць. Калі мы аб’яднаемся, мы ня будзем дзяліць людзей на «нашых» і «ня нашых». Усе будуць нашы, мы не дапусьцім падзелу ўнутры царквы. А калі ня будзе падзелу ўнутры царквы, то гэта адаб’ецца і на ўсім грамадзтве. Царква будзе спрыяць аб’яднаньню ўкраінскага народу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG