Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забойцы дагэтуль ня знойдзеныя». У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета


Акцыя памяці Паўла Шарамета ў Кіеве

Украінскія журналісты, актывісты, палітыкі і замежныя дыпляматы сёньня раніцай прыйшлі на скрыжаваньне вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко, каб ушанаваць памяць загінулага два гады таму на гэтым месцы журналіста Паўла Шарамета.

Журналісты выданьня «Українська правда», дзе апошнім часам працаваў Павал Шарамет, трымалі чорныя плякаты з датай гібелі журналіста і надпісам «Павел Шарамет. 2 гады. Забойцы дагэтуль ня знойдзеныя». Кветкі на месца гібелі журналіста таксама ўсклала амбасадарка ЗША ва Ўкраіне Мары Яванавіч.

Сеўгіль Мусаева, архіўнае фота
Сеўгіль Мусаева, архіўнае фота

«Апошняя публічная справаздача аб гэтай справе адбылася паўтара года таму — у лютым 2017-га. З таго часу не было ніякіх зьвестак, адзінае, што зрабілі сьледчыя — ад таго моманту закрылі доступ і засакрэцілі яе. Мне здаецца, што гэта паказчык у тым ліку і эфэктыўнасьці рэформы паліцыі, пра якую шмат казалі. Справу назвалі справай гонару, таму недапушчальна, што за столькі часу праваахоўныя органы не знайшлі чаго паведаміць. Нават калі няма ніякіх вынікаў, усё роўна трэба рабіць справаздачы», — сказала галоўная рэдактарка выданьня «Українська правда» Сеўгіль Мусаева.

Два гады пасьля забойства Шарамета: сьледзтва працягваецца, але вынікаў няма

Мусаева нагадала, што апошні раз пытаньне наконт справы Паўла Шарамета прагучала на прэсавай канфэрэнцыі ў СБУ з нагоды «ўваскрэсеньня» Аркадзя Бабчанкі.

Тады адказалі, што гэта ня ёсьць тэмай прэсавай канфэрэнцыі. Гэта недапушчальна. Я хачу заклікаць журналістаў да салідарнасьці, каб гэта было справай ня толькі „Ўкраінскай праўды“, бо гэтая справа датычыць кожнага і адсутнасьць вынікаў праз два гады нас не задавальняе. Мусім патрабаваць публічнай справаздачы», — перакананая Сеўгіль Мусаева.

Загадкавыя сьмерці беларускіх журналістаў: Бябенін, Завадзкі, Майсеня, Гроднікаў, Чаркасава, Шарамет

Адразу пасьля акцыі прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Ўкраіны Андрэй Лысенка паведаміў, што на гэты момант сьледзтва правяло больш як 20 экспэртыз, да іх аналізу далучаныя супрацоўнікі ФБР. «Некаторыя [экспэртызы] яшчэ працягваюцца. Паводле сьледчых, апытаныя дзясяткі людзей, праведзены маніторынг эфіру мабільнай сувязі, вывучаныя запісы камэраў відэаназіраньня і матэрыялаў, якія зьяўляліся ў мэдыяпрасторы», — дадаў прадстаўнік Генпракуратуры.

Паводле яго, цяпер адпрацоўваецца чатыры вэрсіі забойства: прафэсійная журналісцкая дзейнасьць; асабістыя непрыязныя адносіны; дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне; памылка аб'ектам (падарваны аўтамабіль належаў Алене Прытуле).

Падазраваных пакуль няма, удакладніў Андрэй Лысенка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG