Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве затрыманыя ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць абсурдных забаронаў


У Маскве паліцыя затрымала пецярых удзельнікаў пікету супраць «абсурдных забаронаў» Міністэрства аховы здароўя Расеі, паведамляе «ОВД-Инфо». Усяго ў акцыі, паводле ацэнак арганізатараў, удзельнічалі каля 250 чалавек.

Галоўнымі фігурамі акцыі сталі дзяўчына ў ніжняй бялізьне, чалавек, абвешаны шкляначкамі ад кавы і чалавек з таблічкай «вейп». У іншых удзельнікаў пікету вусны былі залепленыя скотчам.

Акцыя была няўзгодненай. Па словах аднаго з актывістаў, арганізатары падавалі заяўку аб правядзеньні пікету, аднак улады адмовіліся яго ўзгадняць. Яны спаслаліся на тое, што ўсе пляцоўкі ў горадзе занятыя навагоднімі мерапрыемствамі.

Усіх затрыманых адвезьлі ў аддзел паліцыі. Двум зь іх паліцыянты прапанавалі заплаціць па 20 тысяч расейскіх рублёў, калі тыя ня хочуць, каб іх пазначылі ў пратаколе ў якасьці арганізатараў акцыі, распавёў актывіст.

Радыёстанцыя «Гаворыць Масква» адзначае, што ў паліцыі пакуль не пацьвердзілі затрыманьне.

У лістападзе расейская газэта «Известия» пісала, што экспэртны савет пры ўрадзе прапанаваў Міністэрству працы ўвесьці акцызы на каўбасу. У ім гаварылася, што каўбасныя вырабы павышаюць рызыку зьяўленьня рака, таму атрыманыя ад акцызаў грошы будуць накіраваны на зьніжэньне коштаў на карысныя для здароўя прадукты. Пазьней Міністэрства аховы здароўя Расеі абвергла паведамленьні аб падтрымцы гэтай ініцыятывы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG