Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская абмудсмэн зьняпраўджвае інфармацыю пра ампутацыю пальцаў палоннаму мараку


Адзін з захопленых ФСБ Расеі ўкраінскіх маракоў у судзе Сімфэропалю перад перавозкай ў Маскву, 28 лістапада 2018.
Адзін з захопленых ФСБ Расеі ўкраінскіх маракоў у судзе Сімфэропалю перад перавозкай ў Маскву, 28 лістапада 2018.

Консул Украіны Альберт Чарнякоў у Маскве наведаў некалькіх палонных маракоў Вайскова-марскіх сілаў Украіны ў маскоўскім сьледчым ізалятары, паведамляе ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава..

Паводле яе, Чарнякоў наведаў Дзяніса Грыцэнку, Рамана Макрака, Юрыя Безьязычнага і Багдана Галаваша.

«Нашы хлопцы ніякіх скаргаў не выказвалі і трымаюцца мужна. У прыватнасьці, калі консул пацікавіўся ў Дзяніса Грыцэнкі яго справамі, ён як сапраўдны капітан у адказ запытаў: „Як адчуваюць сябе параненыя хлопцы?“. Усе пераказалі родным, каб тыя не хваляваліся», — распавядае амбудсмэн.

Дзянісава таксама паведаміла, што маракі атрымалі пасылкі і вопратку ад валанцёраў, 7 сьнежня ім пералічылі фінансавую дапамогу — 74 даляры на чалавека.

Паводле ўпаўнаважанай у правах чалавека, Чарнякоў плянуе наведаць іншых шасьцёх палонных 11 сьнежня, а 12 сьнежня — яшчэ пяцёх.

Таксама Дзянісава дадае, што консул уначы 7 сьнежня наведаў трох параненых маракоў у СІЗА «Матроская цішыня». Паводле яго, нягледзячы на асколачныя раненьні, іх стан здароўя здавальняльны. Таксама консул не пацьвярджае інфармацыі аб тым, што аднаму з палонных ампутавалі пальцы рукі.

Раней дарадца вайскавода ВМС Украіны Вікторыя Хрысьценка заявіла, што ў аднаго з трох параненых маракоў «траўматычная ампутацыя пальцаў рукі».

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG