Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі аднаму з палонных украінскіх маракоў ампутавалі пальцы на руцэ


Захопленыя расейцамі ўкраінскія караблі
Захопленыя расейцамі ўкраінскія караблі

Украінскія консулы ў Расеі ня маюць інфармацыі пра цяжкасьць раненьняў, якія атрымалі ўкраінскія маракі 25 лістапада ў часе інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы.

«Трое маракоў знаходзяцца ў „Матроскай цішыні“ (СІЗА ў Маскве. — РС). Ні відэа, ні пацьверджаньня характару раненьняў афіцыйна не атрымалі нашы консулы, акрамя таго, што быццам бы параненых наведала амбудсмэн Масквы. У аднаго з хлопцаў — цяжкае раненьне ног, і тое, што ён перасоўваецца з мыліцамі, ні пра што нам ня кажа. Мы ня бачым яго раненьняў і якую яму зрабілі апэрацыю ў ізалятары. У аднаго з хлопцаў траўматычная ампутацыя пальцаў рукі», — паведаміла дарадца камандуючага Ваенна-марскімі сіламі Ўкраіны Вікторыя Хрысьценка ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

Паводле яе, гэтую інфармацыю атрымалі ад валянтэраў, якія дапамагалі ўкраінскім маракам у Сымфэропальскім сьледчым ізалятары.

Раней упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людміла Дзянісава паведамляла, што атрымала ад маскоўскага амбудсмэна Тацяны Маскальковай інфармацыю «аб лёгкім пашкоджаньні рук у аднаго з маракоў, сухажыльля — у другога, і раненьні абедзьвюх ног — у трэцяга марака».

Паводле Людмілы Дзянісавай, расейскі бок настойвае, што раненьні ня цяжкія і не выклікаюць якіх-небудзь ускладненьняў. У той жа час упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны падкрэсьліла, што патрабуе ад расейскіх уладаў дазволу наведаць украінскіх маракоў у сьледчым ізалятары.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG