Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША могуць прапанаваць саюзьнікам зачыніць парты для расейскіх судоў


Курт Уолкер

Спэцыяльны прадстаўнік ЗША па Ўкраіне Курт Уолкер запатрабаваў ад Расеі вызваліць ўкраінскіх маракоў, захопленых у Керчанскай пратоцы, да Каляд або Новага году.

У гутарцы з «Голасам Амэрыкі» ён распавёў, што ЗША і іх заходнія саюзьнікі разглядаюць шэраг варыянтаў, каб не дапусьціць новых праяў «аднабаковага кантролю» Расеі ў агульных водах Азоўскага мора.

Волкер заявіў, што Азоўскае мора зьяўляецца прадметам двухбаковага пагадненьня паміж Украінай і Расеяй і выказаў нязгоду ЗША з прэтэнзіямі Расеі на тое, што тэрытарыяльныя воды вакол Крыму зьяўляюцца расейскімі.

«Яны ўкраінскія, — заявіў амэрыканскі дыплямат. — Таму мы ня згодныя з тым, што Керчанская пратока зьяўляецца цалкам расейскай. Мы лічым, што гаворка ідзе аб сумесным сувэрэнітэце».

Паводле словаў Уолкера, дзеяньні Расеі падчас канфрантацыі 25 лістапада, калі яна абстраляла і ў канчатковым выніку захапіла тры ўкраінскія вайсковыя караблі, якія спрабавалі прайсьці з Чорнага мора ў Азоўскае праз Керчанскую пратоку, зьяўляюцца «відавочным парушэньнем міжнароднага права і парушэньнем двухбаковага пагадненьня з Украінай.

ЗША настойваюць на тым, каб Расія вярнула караблі і 24 украінскія вайскоўцы і агенты спэцслужбаў, арыштаваных расейскімі спэцслужбамі, падкрэсьліў амэрыканскі прадстаўнік.

Паводле словаў Уолкера, эўрапейскія саюзьнікі ЗША могуць забараніць расейскім судам, якія прыбываюць з Крыму або Азоўскага мора, заходзіць у эўрапейскія парты.

З такой прапановай нядаўна выступіла член прэзыдыюму кіруючага Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу Нямеччыны Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр, якая можа стаць пераемнікам канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, адзначыў Уолкер. Паводле яго слоў, ЗША хочуць прыняцьця такіх мер, якія прывялі б Расею за стол перамоваў для выпрацоўкі рашэньняў.

Сярод іншых магчымых мер спэцыяльны прадстаўнік ЗША па Ўкраіне Курт Уолкер назваў адключэньне расейскіх банкаў ад міжнароднай банкаўскай сеткі SWIFT.

У інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Ўолкер заявіў, што Расея сваімі дзеяньнямі ва Ўкраіне хоча паўплываць на зыход прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2019 году. Спэцыяльны прадстаўнік ЗША папярэдзіў, што для Расеі было б «вельмі бязглузда» ісьці на яшчэ больш агрэсіўныя крокі. Ён падкрэсьліў, што ўкраінскія вайскоўцы цяпер значна лепш падрыхтаваныя, чым раней, і новы вопыт ўмяшаньня дорага абыдзецца Маскве: яна ня зможа адмаўляць сваю віну, а Ўкраіна атрымае падтрымку, якая будзе расьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG