Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Польшча абмеркавалі, як размарозіць дамову пра малы памежны рух


Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў заявіў Свабодзе, што бакі вывучаюць умовы, пры якіх малы памежны рух з Польшчай запрацуе безь перабояў. Але канкрэтнай даты пачатку руху ён не назваў.

У Менску прайшло пасяджэньне беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах трансьмежавага супрацоўніцтва.

Па яго выніках намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў сказаў Свабодзе, што дэлегацыі замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Польшчы абмяркоўвалі на пасяджэньні, сярод іншага, і пытаньне аб адкрыцьці малога памежнага руху.

«Мы вывучаем вельмі падрабязна і старанна сытуацыю на мяжы. Мы ня хочам, каб там узьнікла тэхнічнае блякаваньне. Таму трэба яшчэ і яшчэ вывучыць сытуацыю і магчымасьці памежнай інфраструктуры. Калі мы пераканаемся, што ўсё будзе працаваць добра, тады і пачне дзейнічаць малы памежны рух», — сказаў Шастакоў. Канкрэтнай даты ён не назваў.

Малы памежны рух замарозілі ў Менску

Зона малога памежнага руху мае ахапіць да 50 кілямэтраў тэрыторыі паабапал мяжы.

Беларусь мае агульную дзяржаўную мяжу з трыма краінамі Эўразьвязу — Латвіяй, Літвой і Польшчай. На сёньня малы памежны рух зь Беларусі дзейнічае толькі з Латвіяй. Хоць Літва і Польшча ўжо даўно правялі ўсе неабходныя працэдуры, каб аналягічныя дамовы ўступілі ў сілу, беларускі бок іх дагэтуль ня ўвёў у дзеяньне. Дамову аб малым памежным руху Беларусь і Польшча падпісалі яшчэ ў лютым 2010 году.

Беларускі бок раней спасылаўся на тое, што перад увядзеньнем малога памежнага руху трэба дасканала вывучыць досьвед бязьвізавага руху на беларуска-латвійскай мяжы. Пасьля зьявілася яшчэ адно тлумачэньне — маўляў, для ўвядзеньня малога памежнага руху зь Літвой і Польшчай яшчэ не падрыхтаваныя памежныя інфраструктуры.

У Вільні і Варшаве заяўляюць, што лёс малога памежнага руху залежыць ад беларускіх партнэраў.

Варшава паабяцала Менску дапамагчы ў Брусэлі

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў таксама сказаў, што беларускія дыпляматы зьвярнуліся да сваіх польскіх калегаў з просьбай, каб палякі дапамаглі ім як мага хутчэй падпісаць пагадненьне аб візавых фармальнасьцях і рэадмісіі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Кіраўніца польскай дэлегацыі, намесьніца міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Рэната Шчэнх у сваім выступе пацьвердзіла гэты факт і сказала, што Польшча гатовая падтрымаць ініцыятыву беларускіх калегаў. Пры гэтым улічваецца, што Беларусь робіць пэўныя крокі для адкрытасьці — у прыватнасьці, грамадзяне краін Эўразьвязу, у тым ліку палякі, могуць знаходзіцца ў Беларусі да 30 дзён бязь візы, калі яны прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт «Менск».

Яўген Шастакоў сказаў, што бліжэйшым часам Беларусь падпіша з Расеяй дамову аб узаемным прызнаньні візаў, і тады грамадзяне трэціх краін, уключна з палякамі, змогуць без праблем ехаць у Расею праз тэрыторыю Беларусі.

У сустрэчы ў Менску ўдзельнічалі 42 экспэрты з абедзьвюх краін. Яны падрыхтавалі для падпісаньня 10 дакумэнтаў, скіраваных на паляпшэньне гандлёва-эканамічных стасункаў і павелічэньне інвэстыцый. Бакі дамовіліся больш актыўна працаваць у трохбаковым пагадненьні «Польшча — Украіна — Беларусь: трансьмежавае супрацоўніцтва», разьлічаным на 2014–2020 гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG