Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Міхальскі: Польшча — рэкардсмэн у выдачы шэнгенскіх візаў для беларусаў


Новы амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі

Новы амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі 28 чэрвеня правёў першую сустрэчу з журналістамі. Свабода падае ягоныя асноўныя заявы.

Пра страчаныя шанцы

«Ключавым словам, якое павінны вызначаць польска-беларускія стасункі, зьяўляецца суседзтва, — заявіў амбасадар Міхальскі. — Пра гэта падчас цырымоніі ўручэньня даверчых лістоў казаў і прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Але ў сілу многіх абставін шанец нашым краінам спазнаць адна адну лепей быў упушчаны. Трэба даганяць гэты час».

Пра візыт Дуды ў Менск

«Мы тут не прарокі, але, напэўна, мы спрыяем таму, каб нашы адносіны былі такімі, як павінны быць паміж суседзямі». Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда не прыедзе 29 чэрвеня на адкрыцьцё мэмарыялу ахвярам нацызму ў Трасьцянцы пад Менскам, Польшчу будзе прадстаўляць кіраўнік ягонай адміністрацыі.

Пра Курапаты

«Надзвычай важна памятаць пра злачынствы, зьвязаныя ня толькі з нацысцкім рэжымам, але і з масавымі забойствамі з боку НКВД. І тут ёсьць надзвычай важнае месца — Курапаты. Для нас гэта таксама месца вельмі сымбалічнае, паколькі, па многіх зьвестках, там пахавана вялікая колькасьць палякаў».

Пра мяжу

«Мяжа павінна стаць больш даступнай для людзей, павінна быць болей кантактаў, мы жывём надта блізка».

Пра візы і няхватку польскіх консулаў

«Летась польскімі кансулятамі ў Беларусі было выдадзена 418 тысяч візаў, гэта больш за палову шэнгенскіх візаў, якія выдаюцца ў Беларусі, і гэта тэхнічная мяжа нашых магчымасьцяў. Мы папрасілі беларускі бок дазволіць павялічыць штат консулаў. Пакуль рашэньня няма, нягледзячы на тое, што попыт на візы расьце. Гэта даўняя праблема, трэба падыходзіць да яе вырашэньня».

Летась Польшча выдала беларусам 53 тысячы працоўных візаў.

Пра беларускі бязьвіз

«Трэба аблегчыць працэдуры для наведваньня Беларусі бязь візаў, праз аэрапорт у Менску гэта дзейнічае добра, а праз Горадню і Берасьце яны не такія ўжо лёгкія».

Пра дыяспары

«Беларусы ў Польшчы і палякі ў Беларусі — гэта нашае багацьце. Дыяспары мы павінны шанаваць. Нацыянальныя меншасьці павінны мець права кіравацца сваімі традыцыямі, вучыць родныя мовы. Але ў пэўных месцах ёсьць ціск і абмежаваньні для вывучэньня польскай мовы».

Пра польскую дапамогу Беларусі

«За 10 гадоў амбасада Польшчы ў Менску ў рамках праграмы малых грантаў фінансавала 70 праектаў на суму 1 мільён эўра, для дамоў інвалідаў, школ, сіроцкіх прытулкаў. Былі і іншыя праекты „Польскай дапамогі“ непасрэдна з Варшавы. Гэтая праграма будзе працягвацца, Беларусь сярод яе прыярытэтаў».

Пра малы памежны рух

«Дамова пра малы памежны рух паміж Польшчай і Беларусьсю так і не набыла сілу. Гэта далей залежыць ад нашых беларускіх партнэраў».

Пра штрафы журналістам «Белсату» за працу без акрэдытацыі

«Такога роду факты нас турбуюць, мы не пакідаем іх без увагі і без адказу. Гэта прадмет нашай размовы. Журналісты павінны мець акрэдытацыі і свабодна працаваць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG