Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы прыедзе на адкрыцьцё мэмарыялу ў Трасьцянцы


Мэмарыял ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам, ілюстрацыйнае фота
Мэмарыял ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам, ілюстрацыйнае фота

Амбасадар Польшчы Артур Міхальскі паведаміў, што Польшчу 29 чэрвеня на адкрыцьці мэмарыялу ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам будзе прадстаўляць кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Анджэя Дуды Кшыштаф Шчэрскі.

Сярод забітых ахвяраў канцлягеру ў Трасьцянцы было шмат габрэяў, у тым ліку грамадзян Польшчы, іх памяць ушануе спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Польшчы, сказаў амбасадар.

27 чэрвеня стала вядома, што прэзыдэнт Польшчы Андрэй Дуда не прыедзе на адкрыцьцё мэмарыялу.

Цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнага комплексу пачнецца 29 чэрвеня а 12-й гадзіне. Чакалася, што жалобную цырымонію наведаюць прэзыдэнты Аўстрыі, Нямеччыны, Ізраілю, Польшчы, Чэхіі.

У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры яшчэ 8 чэрвеня пацьвердзілі ўдзел у цырымоніі дзейнага аўстрыйскага прэзыдэнта Аляксандра Ван дэр Бэлена і былога прэзыдэнта Хайнца Фішара — сваякі ягонай жонкі загінулі менавіта ў Трасьцянцы.

Што тычыцца прыезду нямецкага прэзыдэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера, яшчэ раней праз дыпляматычныя каналы была ўзгодненая дата 29 чэрвеня, чакаецца канчатковае пацьверджаньне.

У прэс-службе прэзыдэнта Ізраіля Рэйлена Рыўліна Свабодзе параілі напісаць пісьмовы зварот і пачакаць адказу цягам аднаго-двух дзён.

Мэмарыяльны комплекс у Трасьцянцы ўзьведзены на месцы канцэнтрацыйнага лягера, які дзейнічаў падчас Другой сусьветнай вайны. Гэта чацьвёрты па колькасьці зьнішчаных у ім людзей пасьля Асьвенціму, Трэблінкі і Майданэка. На тэрыторыі былога СССР гэта самы буйны лягер сьмерці.

Тут былі забітыя мірныя савецкія жыхары і ваеннапалонныя, а таксама грамадзяне Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхаславаччыны і Польшчы.

Усяго за гады вайны на тэрыторыі Трасьцянца было забіта 206 500 чалавек усіх узростаў і нацыянальнасьцяў. Большасьць ахвяраў складалі габрэі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG