Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўгена Афнагеля вызвалілі са статусам сьведкі. «Правакацыя. Адразу пагражалі крымінальнай справай»


Яўген Афнагель

Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля блізу 18 гадзіны вызвалілі з Бараўлянскага аддзелу міліцыі Менскага раёну. Актывіст даў камэнтар Свабодзе адносна свайго затрыманьня і паведаміў, у якім ён юрыдычным статусе.

«Мяне вызвалілі ў статусе сьведкі, а спачатку склалі пратакол аб крадзяжы. Міліцыянты нейкі час кудысьці тэлефанавалі, раіліся, але ў выніку заклеілі статус падазраванага ў паперы і аформілі як сьведку. Але я адразу казаў, што нічога ня краў, што купля была зроблена ў прысутнасьці сьведак, у сьветлы час дня, на тэрыторыі пад шматлікімі відэакамэрамі, дзе шмат аўто зь відэарэгістратарамі. Таму сьмешна было казаць, што гэты быў крадзеж», — сказаў Яўген Афнагель.

Актывіст мяркуе, што супроць яго была зладжаная правакацыя, але яна не ўдалася.

«Калі мы яшчэ пад’яжджалі да гэтай крамы, там стаяў аўтамабіль ДАІ. А калі выяжджалі, то быў яшчэ і аўтамабіль міліцыі. Было чалавек 6 супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, зь дзьвюма відэакамэрамі, прычым яны не спынялі іншых машын, а толькі нашу. І адразу не хавалі, што ведаюць мяне, ды казалі, што цяпер сяду па крымінальным артыкуле», — кажа спадар Афнагель.

Адносна прадаўца, у якога Яўген Афнагель набыў мэталічныя лісты, актывіст сказаў:

«Яго таксама затрымалі, і, улічваючы, што фактычна прымушалі яго пісаць заяву аб крадзяжы, ён проста выпадковая ахвяра».

Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля і ягоную жонку Кацярыну Людвіг затрымалі блізу абеду 5 сьнежня ў Калодзішчах, дзе яны набылі мэталічныя лісты для варот. Затрыманых паасобку завезьлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Менскага раёну, адкуль Кацярыну Людвіг неўзабаве вызвалілі, а Яўгена Афнагеля пратрымалі да вечара.

Пасьля вызваленьня жонка Яўгена Афнагеля распавяла Свабодзе пра абставіны затрыманьня мужа.

«Гэта адбылося пад Менскам у Калодзішчах, дзе мы будуем дом. Тут у Калодзішчах ёсьць вытворчасьць, дзе вырабляюць і прадаюць мэталічныя лісты для варот. Мы з мужам прыехалі туды і набылі на складзе гэтыя лісты. Я была за стырном, а муж разьлічваўся, таму я дакладна ня ведаю, колькі гэта каштавала. Чэка ці нейкага дакумэнта на куплю ў яго, відаць, няма, але мы дакладна набылі тыя лісты за грошы. А як выяжджалі, раптам зьявіліся супрацоўнікі зь відэакамэрамі, назваліся крымінальным вышукам і сказалі, што мы затрыманыя, бо нібыта скралі тыя лісты», — сказала Кацярына.

Яўген Афнагель — каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». Яго шмат разоў затрымлівалі і судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях апазыцыі. Зь лета 2018 году Яўген Афнагель бярэ актыўны ўдзел у пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG