Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зайдэс падаў судовы пазоў на газэту «Новы час» аб абароне гонару і годнасьці


На фота ў цэнтры - Аксана Колб і Дзяніс Івашын падчас суду на пазоў бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча супраць газэты «Новы час». Менск,10 верасьня 2018 году

Раніцай 5 сьнежня рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб атрымала SMS з суда Савецкага раёну Менску.

Аксана Колб паведаміла Свабодзе, што яе выклікалі на 17 сьнежня ў «суд у якасьці адказчыка паводле пазову Леаніда Зайдэса па абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, спагнаньні кампэнсацыі маральнай шкоды».

Сам пазоў 4 сьнежня быў накіраваны ў рэдакцыю поштай, паведамілі ў судзе галоўнай рэдактарцы «Новага часу». Яна мяркуе, што пазоў Зайдэса зьвязаны з асьвятленьнем газэтай канфлікту вакол рэстарацыі «Поедем поедим», пабудаванай ля ахоўнай зоны Курапатаў.

«Будзем бараніць сябе і незалежную журналістыку наагул, мы перакананыя, што ў нас усё правільна. Думаю, што гонару і годнасьці ў гэтага чалавека няма, калі пачаліся падзеі вакол рэстарацыі. Тым больш, што мы выйгралі суд паводле аналягічнага пазову Ізраілевіча», — распавяла Свабодзе Аксана Колб.

Раней на газэту «Новы час» ужо падаваў у суд бізнэсоўца Аркадзь Ізраілевіч. Ён праз суд спрабаваў прыцягнуць да адказнасьці газэту «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына за зьнявагу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай стала журналісцкае расьсьледаваньне пра будаўніцтва пад Менскам побач з Курапатамі скандальна вядомага рэстараннага комплексу «Поедем поедим».

На думку Ізраілевіча, з артыкулаў «Новага часу» вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты. Ізраілевіч даводзіў, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабаваў праз суд апублікаваць зьняпраўджаньне і спагнаць зь незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў і яшчэ 1 тысячу рублёў зь Дзяніса Івашына за «маральную шкоду».

10 верасьня Савецкі раённы суд Менску, разгледзеўшы справу, не задаволіў пазоў Ізраілевіча. Суд вырашыў, што частка фразаў пра Ізраілевіча не наносіць шкоды яго рэпутацыі і не абражае яго, а частка фразаў увогуле ня тычыцца Ізраілевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG